1 красавіка, паводле афіцыйных паведамленьняў, заканчваецца азнаямленьне са справамі «анархістаў», якія датычаць нападаў на будынкі ў 2010 і 2009 гадах.
З канца жніўня мінулага году менская міліцыя разам з КДБ актыўна расьсьледуе справы актывістаў анархісцкага руху, якія, паводле сьледзтва, датычныя да нападаў на амбасаду Расеі ў Менску ды іншых інцыдэнтаў з будынкамі і дзяржаўнымі ўстановамі. Паведамлялася пра зьняволеньне чатырох актывістаў анархісцкага руху. Яны ужо знаёмяцца з матэрыяламі справаў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронца Аляксандр Ярашэвіч распавёў апошнія зьвесткі пра затрыманых анархістаў:
«Максім Веткін, Аляксандар Францкевіч і Мікалай Дзядок цяпер знаходзяцца ў ізалятары на Валадарскага, а Ігара Аліневіча трымаюць у СІЗА КДБ. Цяпер яны знаёмяцца з матэрыяламі справы. Нехта знаёміцца паасобку ад адвакатаў, нехта разам. Прыкладна 12 красавіка мусіць закончыцца азнаямленьне ў апошняга зь іх, а потым справу будуць перадаваць у пракуратуру, адкуль яна пойдзе ў суд. То бок мяркую, можна чакаць суду напрыканцы красавіка, а магчыма і крыху раней».
Маладзёнам былі выстаўленыя абвінавачаньні адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, сярод якіх самы распаўсюджаны — злоснае хуліганства, а самы сур’ёзны паводле пакараньня — наўмыснае пашкоджаньне альбо зьнішчэньне маёмасьці. За гэта караюць 12 гадамі пазбаўленьня волі.
Акрамя таго, Аляксандру Францкевічу было выстаўленае дадатковае абвінавачаньне — ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Такія дзеяньні караюцца артыкулам Крымінальнага кодэксу «Кампутарны сабатаж». Францкевіч — адзіны з арыштаваных, хто часткова прызнае зьдзейсьненае, кажа Аляксандар Ярашэвіч:
«Дакладна ведаю, што Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч не прызнаюць сябе вінаватымі. Толькі Аляксандар Францкевіч прызнаў, што здымаў на камэру тое, як нехта кінуў фаеры ў міліцэйскі пастарунак у Салігорску. А Ігар Аліневіч ў прапагандысцкім фільме БТ „Анархія — наўпроставае дзеяньне“ пагаджаецца, што ўдзельнічаў у антымілітарысцкім шэсьці, якое адбылося ў верасьні 2009 году, але ня лічыць гэта злачынстам».
У справе «анархістаў» — некалькі эпізодаў. Сярод іх закідваньне бутэлькамі з гаручай вадкасьцю расейскай амбасады ў Менску, калі быў пашкоджаны аўтамабіль.Пашкоджаньні будынкаў турмы на вуліцы Акрэсьціна, менскага казіно
У часе сьледзва былі арыштаваныя дзясяткі ня толькі актывістаў анархісцкага руху, але таксама актывісты экалягічнага руху — «зялёныя», праціўнікі будаўніцтва атамнай станцыі ды іншыя актывісты. Паводле зьвестак, з большасьці тых, каго затрымлівалі ў верасьні летась, падазрэньні ўжо зьнятыя.
Праваабаронцы адзначаюць, што падчас расьсьледаваньня справаў аб нападах і падпалах, нібыта зробленых анархістамі, было зафіксавана шмат фактаў парушэньня правоў падсьледных.
Каментары