Еўрасаюз супраць Мінска — замах на рубель, удар на капейку
Глушыць «апошнюю дыктатуру» эканамічнымі санкцыямі Еўропа пакуль не стала. Піша Аляксандр Класкоўскі
Глушыць «апошнюю дыктатуру» эканамічнымі санкцыямі Еўропа пакуль не стала. І, верагодна, не стане наогул, лічаць эксперты. На сваім паседжанні 23 мая міністры замежных справаў дзяржаваў ЕС абмежаваліся тым, што пашырылі чорны спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў.
У выніку перспектывы пачытаць Хэмінгуэя ў парыжскай кавярні пазбавіліся яшчэ 13 персон - у асноўным пракуроры і суддзі, якія маюць дачыненне да новых жорсткіх прысудаў удзельнікам Плошчы. Усяго Еўропа «забаніла» такім чынам ужо пад дзве сотні беларускіх чыноўнікаў.
Візавыя санкцыі - як мёртваму прыпаркі?
Зрэшты, шмат хто ў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці лічыць, што візавыя забароны - як мёртваму прыпаркі. На горных лыжах калі не ў Альпах, дык у Краснай Паляне можна ўдосталь накатацца.
Да кропкавых эканамічных санкцый супраць рэжыму, які дабівае апазіцыю і незалежную прэсу, адкрытым тэкстам заклікалі нядаўна выканаўчую ўладу ЕС традыцыйна больш рашучыя еўрапарламентарыі.
Быў зліў, што ўжо гатовы іншы чорны спіс, з чатырох прадпрыемстваў - «Белнафтахіма», «Трайпла», «Белтэхэкспарту» і «Беларуськалія». Пералік для людзей дасведчаных - вельмі яскравы. Гэта было б без варыянтаў як сярпом па...
Але Еўрасаюз, замахнуўшыся на рубель, ударыў на капейку. Слабакі? Або мудрыя тактыкі, дальнабачныя стратэгі?
Дзяніс Мельянцоў, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, у інтэрв'ю для Naviny.by адзначыў: "На маю думку, Еўрапейскі саюз цяпер не гатовы ісці на поўнамаштабную эканамічную вайну з Беларуссю».
З аднаго боку, адзначае эксперт, ЕС не можа ўвесці эканамічныя санкцыі ў строгім сэнсе гэтага слова (забарона на імпарт і экспарт), «бо існуюць эканамічныя інтарэсы асобных краін-чальцоў і адсутнічае фармальная нагода - Беларусь не парушае міжнароднага права».
А з іншага боку, дадае Дзяніс Мельянцоў, у еўрапейскіх палітыкаў і экспертаў ёсць сур'ёзная асцярога, што «нават абмежаваныя эканамічныя рэпрэсаліі могуць прывесці да поўнай самаізаляцыі Беларусі, страце Еўрасаюзам усіх рычагоў уплыву на сітуацыю ў краіне».
Два канцы кія
А што, цяпер ёсць нейкія рычагі ўздзеяння на ўладу? - спытае яршысты чытач. Душаць усё, што варушыцца, як асфальтавым катком - і як нічога ніякага.
Ну як сказаць... Пагроза эканамічных санкцыяў відавочна прымусіла кіроўную вярхушку занервавацца. З аднаго боку, раздалася грозная рыторыка ў адказ (апазіцыю зробім невыязной, амбасадараў вашых павыкідаем), але з другога - пачаліся манеўры. Экс-кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву і яшчэ шэрагу фігурантаў «справы 19 снежня» далі тэрміны ўмоўныя або з адтэрміноўкай. А прысуд яшчэ адной групе на чале з экс-кандыдатамі Мікалаем Статкевічам і Дзмітрыем Усам раптам адклалі, афіцыйна - праз хваробу суддзі Грачовай. Эксперт варшаўскага Цэнтра міжнародных адносін Войцех Бародзіч-Смаліньскі ў інтэрв'ю Naviny.by адзначыў: вядома, не выключанае як фізічнае нездароўе суддзі, так і яе маральныя пакуты. Але магчымыя і палітычныя гульні.
Для такіх гульняў у Мінска ёсць пэўнае поле, і яны «прыносяць нейкі эфект», адзначае польскі эксперт. Са свайго боку, Еўрасаюз, па-першае, неаднастайны, да таго ж ад санкцый не хоча страчваць дывідэнды бізнэс; па-другое, Брусэль усё ж спрабуе даць беларускім уладам шанец адумацца.
Бародзіч-Смаліньскі асабліва падкрэслівае, што «шмат загадак пакінуў нядаўні візіт Пуціна ў Мінск». У Брусэлі асцерагаюцца, што можа адбыцца эканамічная інкарпарацыя. Груба кажучы, расійскі капітал павыкупляе Беларусь, калі дзверы на Захад будуць для яе наглуха зачыненыя.
Тое, што Брусэль не стаў гнаць коней з эканамічнымі санкцыямі, - усё ж хутчэй мудрасць, чым слабасць, лічыць беларускі палітычны аналітык Юрый Дракахруст.
«Хоць абодва варыянты - і ўвядзенне санкцый, і неўвядзенне - не пазбаўленыя рызыкі, - дадаў ён у інтэрв'ю для Naviny.by. - Санкцыі могуць не падзейнічаць, могуць настроіць насельніцтва супраць ЕС, яшчэ глыбей уцягнуць Еўропу ў канфлікт, адабраць у яе свабоду манеўру, пазбавіць Мінск магчымасці адступіць без страты твару. Ну і наадварот - адмову ад увядзення санкцый Мінск можа ўспрыняць як слабасць Еўропы».
На каго наракаць?
Такім чынам, што ж далей? Як павядуць сябе бакі? Зрэшты, тут варта браць у разлік і трэцюю сілу - Расію, кажа Юры Дракахруст. Ён не выключае, што ў Брусэля і Масквы з'явіўся «нейкі сумесны план настаўлення на розум афіцыйнага Мінска».
Сапраўды, днямі кіраўнік расійскай дыпламатыі Сяргей Лаўроў, па сутнасці, асудзіў палітычныя працэсы ў Беларусі, хоць і абмовіўся, што санкцыі супраць яе Масква лічыць немэтазгоднымі. «Магчыма, дасягнутая дамоўленасць аб тым, як садзейнічаць вызваленню палітвязняў сумесным дыпламатычным прэсінгам з Захаду і з Усходу», - мяркуе Юры Дракахруст.
Ніхто з аналітыкаў не чакае цудаў. «Мінск паспрабуе гуляць, як заўсёды - падаваць сігналы, але па сутнасці нічога не мяняць", - спрагназаваў у інтэрв'ю для Naviny.by мінскі палітолаг Алесь Лагвінец. Беларускія ўлады не могуць проста ўзяць і выпусціць палітвязняў, для іх гэта было б дэманстрацыяй недазваляльнай слабасці, дадае, са свайго боку, Войцех Бародзіч-Смаліньскі.
Аднак варшаўскі палітолаг прагназуе змякчэнне лёсу палітычных вязняў бліжэй да парламенцкіх выбараў 2012 года, калі ў Мінску, імаверна, узмоцніцца неабходнасць у гульні з Захадам, дэманстрацыі нейкай умоўнай адлігі ва ўнутранай палітыцы.
Зрэшты, іншыя аглядальнікі лічаць, што эканоміка прыцісне кіроўную вярхушку значна хутчэй.
Яны робяць выснову, што дэ-факта эканамічныя санкцыі супраць Беларусі ўвялі яе ж улады, наламалі дроваў і перад выбарамі (друкаванне грошай-фанцікаў), і ў дзень 19 снежня (шакавальны разгон і арышты), і потым (раскручванне махавіка рэпрэсій, самаізаляцыя, прамаруджванне з дэвальвацыяй і г.д.).
Пытанне ў тым, наколькі ўсведамляе гэта народ, падкрэслівае Алесь Лагвінец. Урэшце, рэанімацыя адносін з Еўропай - не самамэта і не панацэя. Праблема будучыні Беларусі ўпіраецца ў пабудаваную тут нягнуткую і жорсткую палітычную сістэму, анахранізм якой сёння - як на далоні.
Каментары