Грамадства103103

Суд па тэракце: Канавалаў прызнаў віну за выбух у метро і на 3 Ліпеня

Працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым распачаўся ў мінскім Доме правасуддзя. Працэс адкрыты.

16:50

Уладзіслаў Кавалёў заявіў сёння ў судзе, што глядзеў рэпартаж аб выбуху вечарам 11 красавіка, а Дзмітрый Канавалаў у гэты час спаў.

Кавалёў няўпэўнена гаворыць аб тым, што Канавалаў 11 красавіка купляў спіртное: «Па-мойму, ён гарэлку яшчэ прыносіў… Жартаваў, смяяўся». Увесь гэты дзень у кватэры была дзяўчына, з якой Канавалаў пазнаёміўся праз сацыяльную сетку.

У гэты дзень яны дапазна выпівалі, сказаў Кавалёў. Прыкладна на гадзіну Канавалаў адлучыўся з кватэры. Кавалёў спачатку сказаў, што не ведаў, куды дакладна ідзе яго знаёмы, а потым дадаў:

«Я не хацеў, каб ён п’яны ехаў у метро».
На пытанне, адкуль жа ён даведаўся, што Канавалаў пойдзе ў метро, Кавалёў не змог адказаць дакладна, некалькі разоў блытаўся, а потым заявіў, што аб гэтым яму сказаў сам Дзмітрый.

Праз некаторы час пасля таго, як Канавалаў вярнуўся, Уладзіслаў глядзеў тэлевізар разам з дзяўчынай: «Бачылі рэпартаж аб выбуху. Там паказвалі кадры з метрапалітэна. Мы з Янай сядзелі на канапе, а Дзіма, па-мойму, спаў ужо… Мы не цалкам глядзелі гэта». Паводле слоў Кавалёва,

ён і дзяўчына былі шакаваныя.

Адлучку Канавалава падсудны Кавалёў, паводле яго слоў, не звязваў з тэрактам. Ён сцвярджае таксама, што з 10 красавіка не звяртаў увагі на тое, дзе была сумка Дзмітрыя.

Кавалёў дадаў, што 12 красавіка Яна Пачыцкая плакала, гледзячы рэпартаж аб выбуху, а Канавалаў супакойваў яе. «Дзмітрый гаварыў, што ўсё будзе добра», — сказаў падсудны.

Допыт Кавалёва прадаўжаецца ўжо прыкладна дзве гадзіны. Пракуроры вельмі падрабязна распытваюць аб яго сувязі з іншым падсудным, аб падзеях, якія былі 11 красавіка і напярэдадні, у што быў апрануты Канавалаў, куды і колькі разоў выходзіў са здымнай кватэры і г.д.

****

Паведамляе «Інтэрфакс»: Меркаваны арганізатар і выканаўца тэракту ў мінскім метро Дзмітрый Канавалаў імкнуўся супрацьпаставіць сябе грамадству і дэстабілізаваць грамадскі парадак, заявіў, зачытваючы абвінавачванне падсуднаму, намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук.

На думку пракуратуры, Д. Канавалавым рухала «імкненне супрацьпаставіць сваю асобу інтарэсам грамадства, прадэманстраваць ўсёдазволенасць і неапраўданую агрэсію, атрымаць маральнае задавальненне ад працэсу беспакаранасці за свае злачынствы, крыва зразуметага пачуцця самарэалізацыі і сваёй перавагі над людзьмі і грамадствам у цэлым, з мэтай дэстабілізацыі грамадскага парадку і застрашвання насельніцтва».

Як перадае карэспандэнт агенцтва, Д. Канавалаў слухаў абвінавачванне без бачнага цікавасці. Сядзеў нерухома, гледзячы ў падлогу, не выказваючы ніякіх эмоцый ні ў моманты, калі пракурор апісваў выбуховыя прылады, ні калі гаворка ішла аб забойстве людзей і прычыненні шкоды дзецям. Ён рабіў уражанне абыякавага, стомленага чалавека, часам пазяхаў. Яго напарнік Уладзіслаў Кавалёў слухаў абвінавачванне таксама без бачных эмоцый, аднак, часам выяўляючы слабую цікавасць да прамовы пракурора.

Са словаў карэспандэнта агенцтва, апранутыя абвінавачаныя былі ў джынсы і спартовыя курткі, туфлі, аднак на Канавалаву чамусьці не было шкарпэтак.

Што да Кавалёва, то матывам ягоных дзеянняў абвінавачванне лічыць крыва зразуметае пачуцце таварыства.

Першыя выбуховыя прылады, вырабленыя Канавалавым, складаліся з элементаў, купіць якія можна ў вольным продажы.

Яны прыводзіліся ў дзеянне шляхам падпалу кнота. Потым Канавалаў стаў выкарыстоўваць трыацэтон піраксід альбо дыацэтон піраксід, а таксама гадзіннікавы механізм у якасці таймера выбухоўніка.

Пракурор на працягу двух гадзін пералічваў «злачынную біяграфію Канавалава».

Суддзя, як перадае карэспандэнт агенцтва, прапанаваў скараціць агучванне злачынных эпізодаў, бо яны вядомыя ўсім удзельнікам працэсу, аднак абарона Канавалава папрасіла агучыць абвінавачанне ў поўным аб’ёме.

Паводле ацэнкі абвінавачвання, выбух у метро Канавалаў рыхтаваў з ліпеня 2010 года. Выбуховае рэчыва было змяшанага тыпу, вагой 12,5 кг, было выраблена на аснове аміячнай салетры, уратрапіну, алюмініевай пудры і трыацэтона піраксіда. Выбухоўнік ў самаробнай бомбе быў электрычнага тыпу, а сама прылада — асколачна-фугаснага дзеянні.

10 красавіка, па словах абвінавачанага Канавалава, ён прывёз выбухоўку ў Менск, з ёй жа ён разам з В. Кавалёвым ездзіў у метро, ​​у агенцтва нерухомасці, дзе яны заключылі дагавор арэнды. Перад усталёўкай выбухоўкі Канавалаў правёў разведку, высвятліў шляхі адыходу і спосаб устаноўкі выбуховай прылады.

16:12

Канавалаў прызнаў віну па выбухах 11 красавіка 2011 года ў мінскім метро і выбуху на 3 Ліпеня 2008 года ў Мінску. Па больш ранніх эпізодах, пачынаючы з 2000 года, ён віны не прызнае.

Кавалёў прызнаў віну па выпадках хуліганства ад 2000 да 2002 года, але падкрэслівае, што гэтыя выпадкі не неслі пагрозы жыццю.

Сваёй віны па абвінавачванні ў неданясенні аб выбухах у Віцебску ў 2005 г. не прызнае. Ён таксама не пацвярджае сваіх паказанняў, якія даваў цягам следства. Віны па эпізодах 2008–2011 года таксама не пацвярджае. Ад паказанняў, якія даваў падчас следства, адмаўляецца.

Кавалёў таксама прызнаў, што купляў трацілавыя шашкі і прадаваў іх.

Пасяджэнне будзе працягнутае ў пятніцу аб 11-й.

14:02

Адвакаты — Абразей і Лепрэтаў.

Бок абвінавачвання прадстаўляюяць: намеснік генеральнага пракурора: Аляксей Стук, старшыя следчыя Цімафееў і Мірончык.

Выступіў адзін пацярпелы Цюцюноў, які выказаўся супраць таго, каб у зале суда вялася фота- і відэаздымка, хоць астатнія пацярпелыя былі не супраць. Суддзя задаволіў просьбу.

Было зачытана абвінавачванне на адрас Дзмітрыя Канавалава, якому інкрымінуецца 12 эпізодаў справы:

Так, у прыватнасці, сцвярджаецца, што пачынаючы ад 2000 г. Канавалаў набываў і асабіста рабіў выбухоўку, штораз павышаючы сваё майстэрства, «дэманструючы адкрыты выклік грамадству».

Эпізоды справы:

1. У кастрычніку-снежні 2000 г. самаробная выбухоўка была закладзена ў пад’ездзе дома на вуліцы Бядулі.

2. У сакавіку-лістападзе 2001 года адбыўся выбух на вуліцы 39-й арміі, выбухоўка была закладзена ў пад’ездзе дома. Пры выбуху прысутнічаў таксама трэці персанаж: Румянцаў.

3. Лета 2002 г. Выбухоўка была закладзена ў фасад будынка бібліятэкі імя Якуба Коласа вуліцы 39-й арміі.

4. Жнівень 2003 года. Выбухоўка была закладзена на пешаходнай сцежцы паблізу вуліцы 39-й арміі. Гэта былі драўляныя калочкі з нацягнутым на іх дротам. Прадугледжавалася, што чалавек пры руху чапляе дрот — выбухоўка спрацоўвае. У выніку пацярпеў малагадовы Куксёнак.

5. 10 ліпеня 2004 года. Падпал газетнага шапіка на вуліцы Горкага.

6. Выбух паблізу станцыі Грышаны (Віцебскага раёна). Тыя ж самыя колышкі і дрот, які зачапіў, едучы на ровары, грамадзянін Шалудкевіч. Атрымаў траўмы ў выглядзе парушэнняў органаў слыху.

7. 3 кастрычніка 2004 года. Станцыя «Грышаны». Зноў тыя самыя колышкі і дрот. Пацярпеў Калуцкі, які атрымаў нязначныя тэрмічныя апёкі.

8. Сакавік 2005 года. Падпал машыны РАФ на вуліцы Рэпіна.

9. 14 верасня 2005 года выбух у Віцебску на рагу вуліц Рэпіна і Фрунзэ (гэта першы з пералічаных эпізодаў, які кваліфікуецца як акт вандалізму). Пацярпелі 2 чалавекі.

10. 22 верасня 2005 года. Выбух у Віцебску па адрасе Леніна, 35 (каля кавярні «Эрыдан»), пацярпелі 55 чалавек. Выбухоўка была закладзена ў банцы ад піва «Александрыя».

11. Ноч на 4 ліпеня 2008 г. Выбух у Мінску на праспекце Пераможцаў, у дзень дзяржаўнага свята 3 Ліпеня. Спрацавала 375 грам трацілу, якія Каналаваў набыў у Кавалёва. Выбухоўка была замаруджанага дзеяння. Перад гэтым Канавалаў прыязджаў у Мінск з Віцебска для азнаямлення; ён здымаў кватэру па адрасе Заслаўская, 103. Выбухоўка была закладзена ў два пакеты з-пад соку: першая ў пакет «Садочка», яна не спрацавала (514 гаек). Другая — у пакет з-пад соку «Моя семья». Гэта выбухоўка спрацавала. Пацярпела 54 чалавекі, 47 звярнуліся па медыцынскую дапамогу.

12. Апошні эпізод. Выбух на станцыі мінскага метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года. Гэта была сумесевае брызантнае выбуховае рэчыва, у склад якога ўваходзіла аміячная салетра, алюмініевая пудра, уратрапін. Агульная вага 12,5 кг.

9 красавіка ў Віцебску ў Канавалава былі ўзятыя адбіткі пальцаў, і гэта, на думку следства, прысепшыла яго дзейнасць. 10 красавіка ён прыехаў з выбухоўкай у Мінск, яго сустрэў на вакзале Кавалёў. Кватэру яны знялі на вуліцы Караля.

За дзень да тэракта Канавалаў наведаў месца будучага тэракта, а 11 красавіка 2011 года ён сеў у метро на станцыі «Фрунзенская», даехаў да «Купалаўскай», прайшоў па тунэлі і заклаў выбухоўку на платформе станцыі «Кастрычніцкая». У выніку выбуху загінулі 11 чалавек, 4 потым памерлі ў бальніцы.

Наступным будзе зачытана абвінавачванне Кавалёву.

* * *

12.35
Клетка абвінавачаных падзеленая шкляной перагародкай на дзве часткі. Такім чынам, Канавалаў і Кавалёў не маюць магчымасці кантактаваць між сабой у часе працэсу.

12.30

Пацярпелыя па справе аб тэракце заявілі суду шэраг хадайніцтваў, перадае БЕЛТА. У прыватнасці, заяўлена аб выкліку ў суд жанчыны, якая здавала жылую плошчу абвінавачанаму Канавалаву перад выбухам у метро. Гэтае хадайніцтва было задаволена судом.

Адзін з абвінавачаных хадайнічаў аб гутарцы з адвакатам сам-насам. Абвінавачванне выступіла супраць абвяшчэння перапынку для такіх кантактаў. Старшыня суда не задаволіў хадайніцтва і адзначыў, што да суда быў падпісаны дакумент, які дазваляе абвінавачанаму мець кантакты з абаронцам у неабмежаванай колькасці.

12:20

На фотах з залы суда Дзмітрый Канавалаў пераважна стаіць, апусціўшы вочы долу. У той жа час Уладзіслаў Кавалёў стаіць з высока ўзнятай галавой.

12:00

У судзе прысутнічае 121 пацярпелы ў тэрактах і іх прадстаўнікі. Прычым сабраліся не толькі пацярпелыя ў выбуху ў метро, але тыя, каго зачапіла 3 ліпеня 2008 года.

Ёсць у зале і блізкія тых, хто ў метро загінуў.

З розных прычын у суд не з’явіўся 401 пацярпелы і іх прадстаўнікі. Пры гэтым 234 чалавекі падалі ў суд заявы з просьбай разглядаць справы ў іх адсутнасць, паведамляе Інтэрфакс.

11:20

У зале заглушылі інтэрнэт і мабільную сувязь. Прысутным загадалі выключыць мабільныя тэлефоны. На просьбу аднаго з пацярпелых Цюцюнова фота- і відэаздымка ў часе працэсу забаронены. Ён растлумачыў, што лічыць блюзнерствам здымаць абвінавачаных, бо яны нявартыя таго, каб іх асобы былі паказаныя ў электронных СМІ.

Абвінавачваныя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў дастаўленыя ў залу суда і змешчаныя ў металічную клетку.

10:09

Судовы працэс Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым пройдзе ў найбольшай зале Дома правасуддзя. Дакладней у актавай зале, якія адмыслова перарабілі на судовае памяшканне.

Зала разлічаная на некалькі сотняў месцаў. Не так, як было над палітвязнямі, калі давалі невялікія памяшканні.

Ажыятаж вялізарны. Дзясяткі журналістаў, пацярпелыя. Усіх прасілі прыйсці за паўтары гадзіны да пачатку працэсу.

Саміх Канавалава і Кавалёва ў клетцы пакуль няма. Перад камерай стаіць шэраг спецназаўцаў (сем чалавек). Клетку правяралі кінолагі з сабакамі.

***

Падтрымліваць абвінавачанне на судовым працэсе па справе аб тэракце ў мінскім метро і шэрагу іншых злачынстваў двух ураджэнцаў Віцебска будуць тры дзяржаўныя абвінаваўцы. Сярод трох дзяржабвінаваўцаў — адзін з намеснікаў генеральнага пракурора Аляксей Стук.

Старшынстваваць у судзе будзе першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Аляксандр Федарцоў.

* * *

Дзмітрыю Канавалаву прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні тэрарызму, які ў тым ліку пацягнуў чалавечыя ахвяры, прычыненне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, іншыя цяжкія наступствы, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмыснага знішчэння і пашкоджання маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

Уладзіславу Кавалёву прад’яўлена абвінавачанне ў саўдзеле ў форме дапамагання і ўчыненні тэрарызму, учыненні злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў, укрывальніцтве асобы, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, і неданясенні аб учыненых і падрыхтоўцы асабліва цяжкіх злачынстваў.

Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» мінскага метро адбыўся 11 красавіка. 15 чалавек загінулі, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Як паведаміў журналістам 1 жніўня намеснік генпракурора — начальнік следчага ўпраўлення Генпракуратуры Андрэй Швед, Кавалёву інкрымінуецца больш за 15 эпізодаў злачыннай дзейнасці, Канавалаву — 30. У працэсе расследавання крымінальнай справы, аперытыўна-вышуковых мерапрыемстваў не было выяўлена ўскосных сведчанняў таго, што за спіной абвінавачваных стаялі якія-небудзь спонсары або заказчыкі. «Канавалаў і Кавалёў дзейнічалі самастойна», — сказаў Швед.

Каментары103

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Усе навіны →
Усе навіны

Андрэй Стрыжак абвясціў пра мабілізацыю службы эвакуацыі8

Шведы прадалі мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі больш чым за мільярд даляраў1

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу9

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася31

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Бондарава захацела двухмоўя, як у Фінляндыі. Мы таксама за

Галоўнае
Усе навіны →