Здарэнні44

Бухгалтарка абкрадала сваіх працадаўцаў, а аднаго з іх давяла да самагубства

Пачынаючы бізнэс у Гомелі, камерсант Генадзь Вішанкоў* і яго сябар, разам з якім яны не адзін год прапрацавалі ў Расіі, адразу ж паставілі маштабныя мэты. А менавіта — заняцца гандлем і агратурызмам.

Гэты кірунак як найбольш складаны і працаёмісты мужчыны ўзялі на сябе. Гандаль жа даручылі жонцы Вішанкова Галіне, якую прызначылі дырэктарам заснаванай фірмы. Аднак для ажыццяўлення грандыёзных планаў патрабаваўся ўдзел яшчэ аднаго чалавека — пісьменнага і кампетэнтнага, які зможа кансультаваць па пытаннях рэгістрацыі, афармлення дакументаў, вядзення бухгалтэрыі і да т.п. Увогуле, возьме на сябе вялікую частку паўсядзённых клопатаў. І неўзабаве такі «спецыяліст шырокага профілю», парэкамендаваны знаёмым, намаляваўся на гарызонце.

Ім, дакладней, ёю, была 31-гадовая Ірына Крушыцкая, якая ўжо мела досвед працы ў прыватных структурах і сваім выглядам дэманстравала, што ў камерцыйных пытаннях яна не пачатковец.

Гутарка прайшла выдатна. Патэнцыйныя працадаўцы былі ўражаныя і прапанавалі прыступіць да справы…

Крушыцкая адразу ж уключылася ў працу. Схопліваючы ўсё злёту, яна выяўляла ініцыятыву, знаходзіла больш танныя варыянты і аптымальныя шляхі, лёгка адкрываючы дзверы кабінетаў у розных інстанцыях. Увогуле, «вырашала пытанні». Таму калі былі гатовыя дакументы, кандыдатура галоўнага бухгалтара зацвердзілася сама сабой.

У дадатак да ўсяго, абаяльная, энергічная Ірына без цяжкасцяў здабыла давер Галіне Вішанковай, якая вельмі хутка пачала лічыць яе найлепшай сяброўкай і дарадцам ва ўсіх пачынаннях.

Іх, як ужо сказана, было нямала. Пакуль жанчыны сумеснымі намаганнямі раскручвалі пункт па рэалізацыі бытавой хіміі, мужчыны таксама не трацілі часу, займаючыся будаўніцтвам турыстычнай базы ў маляўнічым мястэчку Рэчыцкага раёна. Прайшоўшы папяровыя працэдуры, партнёры арандавалі ўчастак зямлі, добраўпарадкавалі тэрыторыю, купілі і адрэстаўравалі будынак. І ўсё гэта было толькі пачатковым этапам.

Крушыцкая, удзельнічаючы ў абодвух праектах, атрымала практычна неабмежаваны спектр паўнамоцтваў, аформленых у выглядзе даверанасці на права подпісу і вядзенне ўсёй гаспадарчай дзейнасці. Акрамя таго, у руках Ірыны знаходзілася ўся бухгалтарская і ўстаноўчая дакументацыя фірмы. Увогуле, падзяляй і ўладар. Што яна і зрабіла.

Праз рукі Ірыны праходзілі і грошы, якія ўкладаліся ў будаўніцтва турбазы.

Неяк Генадзь Вішанкоў уручыў ёй 50 тысяч расійскіх рублёў з указаннем разлічыцца за куплю піламатэрыялаў і чатырох бярвеністых хатак. Ірына запэўніла: усё будзе зроблена як найлепш, не турбуйцеся, шэф! (Як высветлілася пазней, яна заплаціла толькі за дзве хаткі).

Крыху пазней Вішанкоў даў ёй яшчэ 50 тысяч расійскіх рублёў, прызначаных для аплаты землеўладкавальных прац, каб ні ў мясцовых уладаў, ні ў кантралюючых ведамстваў не ўзнікала прэтэнзій. Як і ў першым выпадку, Крушыцкая мусіла абмяняць расійскія рублі на беларускія і правесці плацеж. Праз некалькі дзён яна паведаміла, што ўсё аплачана і нават прадыктавала нумар плацежнага дакумента.

Затым былі аналагічныя даручэнні, што датычылі абследавання артэзіянскай свідравіны, падрыхтоўкі праекта, на аплату якіх Крушыцкай зноў выдаваліся прыстойныя сумы ў расійскіх рублях.

Ігнаруючы жалезнае правіла «давярай, але правярай», камерсанты слепа верылі свайму бухгалтару…

Хмары згусціліся ў канцы года, калі стала відавочна: гандаль бытавой хіміяй ідзе кепска. Прычым тавар прадаваўся, а прыбытку не было. Бізнэсоўцы, зрэшты, не сталі дакопвацца да прычын малапрыемнага феномену. Вырашылі, што справа пакуль яшчэ проста не набрала абаротаў.

Яны не ўчынілі скандалу нават з нагоды дзвюх неаплачаных хатак. Задавольваліся невыразнымі апраўданнямі, уручылі галоўбуху яшчэ 50 тысяч расійскіх рублёў. Хаткі нарэшце паступілі, але за іх давяшлося даплачваць яшчэ 50 тысяч расійскіх рублёў.

А неўзабаве бязладзіца пасыпалася як з дзіравага мяшка. Падатковая інспекцыя заблакавала рахунак, бо адразу дзве фірмы выставілі аплатныя патрабаванні на суму, эквівалентную 1000 даляраў. Чаму Генадзь Вішанкоў быў вельмі здзіўлены, бо яшчэ паўгода таму асабіста перадаваў грошы на аплату выкананых паслуг…

Далей — больш. Высветлілася, што гэтак жа не аплачаная праца геадэзістаў, і дамкі для будучых турыстаў стаяць на неаформленай зямлі. Гэта прывяло да разгляду ў судзе і штрафу.

Цярпенне лопнула. Між Ірынай Крушыцкай і заснавальнікамі фірмы адбылася сур’ёзная размова. Партнёры запатрабавалі, каб у самыя кароткія тэрміны аплата была праведзеная, прыгразіўшы ў адваротным выпадку звярнуцца ў «органы». Крушыцкая спрабавала адгаворвацца, спасылаючыся на «нейкае непаразуменне», але, бачачы, што жартаваць з ёй не збіраюцца, прыняла ультыматум. І гэтым разам нарэшце сапраўды аплаціла рахункі.

Але ўсё гэта было толькі верхавінай айсберга яе махінацый.

Займаючыся справамі гандлёвага пункта, Ірына паводзіла сябе так, быццам была яго адзінай уладальніцай. Галіна Вішанкова, якой па ідэі належала кіраваць, знаходзілася пад такім уплывам, што толькі моўчкі глядзела на тое, што адбываецца. І хоць заўважала нешта, дзяліцца асцярогамі з мужам не спяшалася. Па-першае, не жадаючы яго хваляваць, па-другое, нясмела спадзеючыся, што ўсё як-небудзь вырашыцца.

Аднак час ішоў, а праблемы толькі пагаршаліся. Калі Галіна распавяла пра іх мужу, той быў у шоку. Выявілася, што ўжо амаль паўгода Ірына Крушыцкая проста прысвойвала ўсю выручку, штодня забіраючы яе ў прадаўцоў. Пры гэтым такія «дробязі», як выдача ім заробкаў або разлікі з пастаўшчыкамі, яе не трывожылі.

Такая «фінансавая палітыка» прывяла да шматмільённых пазыкаў. Пастаўшчыкі з кожным днём усё настойлівей патрабавалі разліку, пагражаюць судом. Не кажучы ўжо пра разрыў адносін. Размаўляючы з партнёрамі па тэлефоне, Крушыцкая ашуквала іх: наракала на банкаўскія памылкі і нават называла выдуманыя нумары плацежных даручэнняў. Прычым так пераканаўча, што на тым канцы дроту верылі і адпускалі новыя партыі тавару.

Пагаршалася становішча тым, што ўся дакументацыя, як ўстаноўчая, так і бухгалтарская, заставалася ў руках Крушыцкай. Галіну Вішанкову гэта хвалявала яшчэ больш, чым павіслыя на фірме пазыкі. Бо па дакументах дырэктарам была яна і, калі што, несла ўсю адказнасць.

На гэта ж недвухсэнсоўна намякала сама Крушыцкая, калі Галіна пачала патрабаваць вярнуць паперы. Ірына не адмаўляла ні таго, што яны знаходзяцца ў яе, ні факту крадзяжу грошай. Кленучыся ўсё вярнуць, яна нават пісала распіскі, якія так і засталіся лісткамі паперы.

Неаднойчы Вішанкова спрабавала забраць дакументы, молячы ледзь не на каленях і чакаючы бессаромнага галоўбуха ля пад’езда. Але тая толькі сыпала пустымі абяцаннямі. Або папросту знікала, ігнаруючы тэлефонныя званкі і старанна пазбягаючы сустрэч…

Галіна Вішанкова, якая лічыла становішча безвыходным, страціла спакой і сон. Чалавек сумлення, яна ва ўсім вінаваціла сябе, а ўяўленне малявала самыя змрочныя сцэнары. Што, калі заўтра наляціць падатковая інспекцыя? Ці яшчэ горш — фінансавая міліцыя, АБЭЗ? А незадаволеныя пастаўшчыкі — звернуцца ў суд? Каб пазбегнуць гэтага Галіна нават павесіла на сябе банкаўскі крэдыт, якім разлічылася за атрыманы тавар.

З астатнім было складаней. Тэарэтычна была магчымасць аднавіць бухгалтэрыю, але для гэтага патрабавалася мець хоць бы частку дакументаў. Аднак усё да апошняй паперкі было ў руках Крушыцкай. І што яшчэ яна магла нарабіць, не ведаў ніхто.

Неаднаразова ў размовах са знаёмымі Галіна прамаўляла фразу, злавесны сэнс якой тыя зразумелі пазней.
Гэта былі словы «хоць у пятлю лезь», і яны не засталіся проста словамі. Страціўшы надзею знайсці выйсце, Вішанкова скончыла жыццё самагубствам.

Толькі пасля гэтага справа нарэшце дайшла да міліцыі, куды звярнуўся Вішанкоў. Дакументы былі знойдзеныя падчас ператрусу па месцы жыхарства Ірыны Крушыцкай.

Падчас следства высветлілася, што ад дзеянняў абвінавачванай пацярпелі і іншыя людзі. У прыватнасці, адна знаёмая, да якой яна спачатку ўлезла ў давер, а затым разыграла цэлы спектакль. Наіўная сяброўка паверыла і аддала не толькі ўласную «заначку», але і кінулася пазычаць па знаёмых, імкнучыся падтрымаць Ірыну, што нібыта трапіла ў бяду. У выніку пацярпелай давялося вяртаць сотні даляраў і еўра з уласных сродкаў.

Дарэчы, ловячы Крушыцкую, яна нават пазнаёмілася з Галінай Вішанковай. І адзін час сяброўкі па няшчасці праводзілі сумесныя «аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы», спрабуючы заклікаць махлярку да адказу.

Красамоўны партрэт Ірыны намалявалі шматлікія сведкі. Як адзначыла адна з яе знаёмых, «Іра вельмі лёгка здабывала давер людзей, дарыла падарункі, была таварыская і прыязная. Да таго часу, пакуль ёй гэта было трэба». Дапоўніў карціну былы працадаўца Крушыцкай, у якога яна таксама вяла бухгалтэрыю. Дакладней, ствараючы бачнасць актыўнай працы, яна мела свой інтарэс, настойліва спрабуючы атрымаць доступ да выручкі. У фінансавых справах яна нагарадзіла плойму парушэнняў, якія ўсплылі падчас праверкі. У выніку прадпрымальніку давялося заплаціць вялікі штраф.

І хоць ва ўласцівай ёй манеры Ірына Крушыцкая адмаўляла віну, доказаў, сабраных следствам, было дастаткова. Факты махлярства і крадзяжоў, учыненых шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, былі відавочнымі і для суда, які назваў тэрмін у шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

* Імёны і прозвішчы змененыя з этычных меркаванняў.

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Галыгіна прымусілі апраўдвацца за зварот да сілавікоў у 2020-м17

Галыгіна прымусілі апраўдвацца за зварот да сілавікоў у 2020-м

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына з-пад Маладзечна некалькі месяцаў жыла ў Гданьску на вуліцы. Яна расказала пра сваё няпростае жыццё24

Названы топ-25 кампаній з беларускім капіталам на Падляшшы

Генштаб Украіны паведаміў, што страты Расіі перавысілі 1 мільён чалавек7

Прэзідэнт Сербіі пахваліўся, што не падпісаў дэкларацыю саміту ў Адэсе і «не здрадзіў» Расіі7

У мінскім кафэ заказы развозіць робат-афіцыянт

Хлопчыкі ўжо не ў модзе? Бацькі ўсё часцей хочуць дачок4

У Беларусі зноў сабралі грошы на лячэнне дзіцяці з СМА1

У найбліжэйшы час Ізраіль можа ўдарыць па Іране9

Амерыканскі мільянер прыехаў у Польшчу, каб набыць футбольны клуб, і насмерць падавіўся варэнікам15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галыгіна прымусілі апраўдвацца за зварот да сілавікоў у 2020-м17

Галыгіна прымусілі апраўдвацца за зварот да сілавікоў у 2020-м

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць