Піша Павел Севярынец.
- Дзе скарб ваш,
Там будзе і сэрца вашае.
Мацвея 6:21.
«Паша, вітаю. Так, Паша, чаму ўчора не тэлефанаваў? Табе што, нічога не патрэбна?»
Гэта — Анатоль Сахаруша з Малеча, 15 км ад Купліна. У любы дзень, час сутак, любое надвор’е ён падкіне машынай гасцей або возьме іх на начлег, даставіць свежую прэсу, прывязе любую дробязь. За шэсцьдзясят, сівы, але бадзёры, жвавы, усмешлівы, спадар Анатоль родам з Сяльца — таго самага, адкуль сваякі Уладзіміра Высоцкага і Алеся Разанава, з ваколіцаў якога сям’я Андрэя Макарэвіча і матуля Анатоля Папанава.
Пасля падаўлення Пражскай вясны 18-гадовы слухач «Свабоды»
Сахаруша задаў выкладчыку вучэльні пытанне, якое паставіла на вушы тутэйшы аддзел КДБ: «Што за студэнты выйшлі ў Маскве на Красную плошчу пратэставаць супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію?»Бацькоў настрашылі, прыймач даручылі сканфіскаваць.
Дыпламаваны аграном, Сахаруша сышоў з калгаса, бо не мог трываць бязглуздага гаспадарання. Уступіў у Фронт ды заснаваў мясцовую газету «Крыніца». І жыхары, і чыноўнікі ведаюць: калі што — да Сахарушы. Тыя, хто ўчора хаяў «бээнэфаўца», сёння прызнаюць: Анатоль, а ты меў рацыю!
Прыглядаюся, прыслухваюся — і чую ў ягонай гаворцы разанаўскі задуменны рытм і хрыплую праўду Высоцкага і бачу шырокую Макарэвічаву ўсмешку.
Галоўны беларускі скарб — глыбокія людзі, з роду ў род закопваныя ў глебу, утоптваныя ў твань, топленыя ў балотах — раптам прарастаюць, як у легендах алхіміі, расцвітаюць і ззяюць неверагоднымі цудамі. Беларуская глыбіня дала чалавецтву Дастаеўскага і Міцкевіча, Касцюшку і Шагала, Быкава і Пазняка, і цяпер тоіць тысячы самаахвярных праведнікаў і ціхіх геніяў.
Мы шукаем іх, быццам папараць-кветкі, кожны ў сваім гушчары.
Не тры кіты, не вертыкальныя слупы ва ўладзе, не наглядчыкі з Масквы, Піцера ці Мінска — а глыбокія беларусы, па пояс ці па грудзі ў дрыгве, дзякуючы ім Беларусь дагэтуль не апусцілася ў багну. Людзі, у якіх беларускасць глыбокая-глыбокая — часам як крыніца, часам як студня, часам як бездань. Ці ведаем мы іх?
З якіх, зарытых тут стагоддзі таму, спеўных генаў прабіўся Юрый Давідзюк, евангельскі вернік, паэт, аўтар гімна Кобрына і прадзюсар маленькага фенаменальнага Данілы Казлова з «Еўрабачання»?
Адкуль у Пінску, дзе за веданне свайго краю ссылалі, расстрэльвалі і закопвалі паглыбей у зямлю, з’явілася Алена Лягун, унікальны гід — арыентуецца на Берасцейшчыне як ва ўласнай хаце, праводзіць экскурсіі і для дэмакратаў, і для начальства, і для замежных турыстаў выключна па-беларуску?
Ці ведаеце Алеся Янушкевіча, пружанскага каваля (выліты Дастаеўскі на выгляд), што робіць брамы, агароджы ды іншае металёвае аздабленне ажурным, бы лісце белавежскіх лясоў, гаспадара «Майстэрні металавырабаў» (ах, як прымушае страпянуцца сэрца на ўездзе ў былы вайсковы гарадок Куплін беларускамоўная шыльда)?
Ці чулі пра Міколу Іллючыка з вёскі Багданаўка Лунінецкага раёна, аўтара пранізлівай кнігі вершаў «Шматкроп’е кропель» і хрысціянскіх спеваў, запісаных з сям’ёй і евангельскай грамадой на дыскі «Мелодыя душы» і «Паміж небам і зямлёй»?
Ці знаёмыя вы з сям’ёй Малашчанкаў, баранавіцкіх прадпрымальнікаў, прыхаджанаў грэка-каталіцкай царквы, якія дамагліся, каб іхняя Яся склала асобны беларускамоўны першы клас, адзіны на ўвесь горад, і іх святаром, айцом Яўгенам Маліноўскім, аўтарам кнігі «Парусія», які выкладае філасофію па-беларуску ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце?
А няўжо з беларускай горычы вырас унікальны пчаляр з Лінёва, што на Пружаншчыне, археолаг і краязнаўца Мікола Папека, які вось ужо дзявяты год уручае літаратурную прэмію Берасцейшчыны — 1 пуд мёду?
І ці не з пасеяных касцей паўстанцаў ХІХ ст, пахаваных у тутэйшых пушчах, паднялося і зацвіло папараць-цуда ў лясной вёсачцы Дварэц на Дзятлаўшчыне, дзе Наталля Ляўкевіч, выдатная настаўніца з клуба «Спадчына» выхоўвае беларускасць і хрысціянскую культуру ў маленькіх вяскоўцаў? Збіраюць грамадою ягады, здаюць, а грошы пералічваюць на рахунак «Краязнаўчай газеты», што задыхаецца без падтрымкі. Чуеш «Магутны Божа» і вершы Багдановіча ад пяцікласнікаў і думаеш, якой прыгажосці пазбаўлены мільён беларускіх дзетак у сучасных школах…
Калі ў беларускай глушы вам раптам спаткаецца чалавек з глыбокімі вачыма, у якіх дрыжыць неба і мігцяць зорачкі, — прыгледзьцеся больш пільна: можа быць, гэта скарб, схаваны на ўзмежжах, зарослых верасам і дрымотнікам балотаў, той самы скарб, які прарасце і заззяе адвечнай папараць-кветкай у час, вызначаны Госпадам Богам.
Глядзі яшчэ:Беларуская глыбіня. Шэсцьсот тамоў Крашэўскага
Беларуская глыбіня. Карані ў крыві
Беларуская глыбіня. Пад сэрцам Еўропы
Беларуская глыбіня. Сем сыноў Ёва
Каментары