Як паведаміў, прадстаўляючы дакумент, старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, новая рэдакцыя не мае прынцыповых адрозненняў ад дзейнага зараз закона.
«Дакумент не дае супрацоўнікам органаў дзяржбяспекі нейкіх новых правоў, а толькі ўдакладняе і канкрэтызуе іх паўнамоцтвы», — сказаў ён.
Кіраўнік КДБ паведаміў, што істотную праўку зазнаў артыкул, які рэгламентуе прымяненне зброі, спецыяльных сродкаў і фізічнай сілы, таму што ў дзейным заканадаўстве ён мае адсылачны характар.
Неабходна зазначыць, што паступленне законапраекта ў палату прадстаўнікоў было неадназначна ўспрынята беларускімі праваабаронцамі, якія заявілі, што супрацоўнікі спецслужбаў фактычна надзяляюцца неабмежаванымі паўнамоцтвамі.
Згодна з законапраектам, супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі
змогуць «уваходзіць бесперашкодна, пры неабходнасці з пашкоджаннем прылад для замыкання і іншых прадметаў у любы час сутак у жылыя памяшканні ці іншыя законныя ўладанні фізічных асоб», а таксама ў памяшканні і іншыя аб’екты дзяржорганаў, арганізацый(акрамя памяшканняў і аб’ектаў дыпламатычных, консульскіх, іншых прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, на якія распаўсюджваецца дзеянне дыпламатычнага імунітэту, і памяшканняў, у якіх пражываюць супрацоўнікі гэтых прадстаўніцтваў, арганізацый і іх сем’і).
Гэтыя пранікненні і агляд памяшканняў апраўданыя «пры пераследзе асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынства, або пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што там учыняецца ці ўчынена злачынства ці знаходзіцца асоба, якая хаваецца ад органаў, што вядуць крымінальны працэс», гаворыцца ў законапраекце.
Акрамя таго, паводле дакумента, супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі
маюць права «прымяняць фізічную сілу, у тым ліку баявыя прыёмы барацьбы, падручныя сродкі для спынення злачынстваў і іншых правапарушэнняў, затрымання асоб, якія іх учынілі ,калі негвалтоўныя спосабы не забяспечваюць выканання ўскладзеных на іх службовых абавязкаў».
Пры гэтым супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі не нясуць адказнасці за ўрон, прычынены з прымяненнем фізічнай сілы, выкарыстаннем зброі, спецсродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, калі іх дзеянні былі «ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі ці крайняй неабходнасці».
Адказнасць для іх таксама не прадугледжана, калі не былі перавышаныя «межы неабходнай абароны ці меры, неабходныя для спынення злачынстваў і затрымання асоб,а таксама калі яны дзейнічалі па абавязковым загадзе ці распараджэнні, аддадзеных ва ўстаноўленым парадку, за выключэннем учынення імі наўмыснага злачынства па заведама злачынным загадзе».
Супрацоўнікам органаў дзяржбяспекі таксама дазволена прымяняць «наручнікі, гумовыя палкі, сродкі звязвання, спецыяльныя хімічныя рэчывы, святлогукавыя прылады адцягваючага дзеяння, прылады для адкрывання памяшканняў, прылады для прымусовага спынення транспартных сродкаў і іншыя спецыяльныя сродкі, у тым ліку службовых жывёл», у прыватнасці, у выпадку «спынення масавых беспарадкаў і групавых парушэнняў грамадскага парадку або дзеянняў, скіраваных на пашкоджанне і (ці) знішчэнне маёмасці».
Згодна з праектам закона, «аб раненні ці смерці асобы з прычыны прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, прымянення (выкарыстання) зброі» органы дзяржбяспекі павінны «неадкладна інфармаваць пракурора».
Каментары