Хостэл «Х.О.»

Прадпрымальнікі з Віцебска плануюць за 2012-ы адкрыць першую ў Беларусі сетку хостэлаў. Называцца яна будзе «Х.О.« — у гонар каньяку, пад распіццё якога і было вырашана ўпісацца ў гэты бізнэс. Пробны пункт адчыніўся летась у лістападзе ў іх родным сіці. А 15 сакавіка пачне працаваць іх першы мінскі міні-гатэль на завулку Каржанеўскага. Цяпер яны актыўна шукаюць яшчэ адно памяшканне ў сталіцы. На падыходзе — Брэст і Гродна.

Алег, адзін са стваральнікаў хостэла, кажа, што ідэі трэба рэалізоўваць як мага хутчэй, іначай нішу зойме нехта іншы. «Зразумела, што хостэлы будуць адчыняцца, таму цяпер мы імкнемся быць на гэтым рынку аднымі з першых, — кажа ён. — Бо першых адштурхнуць убок будзе складаней».

Хостэл, разлічаны на 60 гасцей, адчыніцца на месцы 4-павярховай кватэры з асобным уваходам. За два дні да адкрыцця ўладальнікі яшчэ вывозяць свае рэчы (яны жылі тут самі), а стваральнікі хостэла збіраюць драўляныя ложкі беларускай вытворчасці. Выглядае ўсё ўтульна, прасторна і па-хатняму, быццам ты заехаў у госці да заможных сяброў. Аднак размяшчэнне, мякка кажучы, бянтэжыць.

Дабрацца да Каржанеўскага без спецыяльнай падрыхтоўкі ў сферы спартовага арыентавання — справа цяжкая.
Тым больш гасцям сталіцы.

Таму «Х.О." арыентуецца на арганізаваныя групы спартоўцаў, школьнікаў і турыстаў. Пры жаданні кліентаў будуць забіраць трансферам з аэрапорта/вакзала.

Галоўная праблема хостэл-бізнэсупа-беларуску — пошук памяшканняў. «Мы разглядалі розныя варыянты, пакуль нічога лепшага не знайшлі, — кажа Алег. — Вядома, другі хостэл, на меншую колькасць людзей, будзем адчыняць бліжэй да цэнтру або побач з метро».

Мэта — адчыніць яго ў найбліжэйшыя месяцы. Алег дадае, што гаспадары памяшканняў часта блытаюць словы «хостэл» і «бардэль», таму баяцца здаваць у арэнду свае плошчы пад незразумелы ім від дзейнасці.

«Мы будзем пазіцыянаваць сабе як самы танны хостэл краіны, але танны — не азначае няякасны», — кажуць стваральнікі «Х.О.». Прайс за месца будзе пачынацца ад $5. На нулявым паверсе паставяць тэнісны стол і некалькі трэнажораў. А ў холе павесяць мапу свету, дзе будуць сцяжкамі адзначаць гасцей з розных краінаў.

Хостэл «Х.О.»

Traveler

Яшчэ адзін хостэл адчыніцца ў Мінску ў канцы траўня. Назва — Traveler. Месца — дзесьці ў Чыжоўцы. Дакладныя каардынаты арганізатары пакуль чамусьці хаваюць. «Хостэл будзе размяшчацца за 20 хвілінаў ад чыгуначнага вакзалу, без перасадак, побач з заапаркам і дэльфінарыем», — удакладняе Ксенія Курусь, будучая дырэктарка.

Праект стварэння хостэла Traveler нядаўна перамог на Grodno Invest Weekend у намінацыі «Самы камерцыйна перспектыўны праект». Карацей, ідэяй маладых людзей зацікавіўся інвестар і даў пад гэта грошы. Колькі менавіта, яны не кажуць, аднак чуткі ходзяць пра $50 тыс.

Сярэдні кошт за ложак у Traveler будзе $15.
Колькасць месцаў — 36. Абяцаюць бясплатны Wi-Fi, дармавую гарбату і каву, Хbox і настольныя гульні.

Сярод дадатковых нішцякоў — тэнісны корт і валейбольная пляцоўка летам ды каток зімою. Дызайн інтэр’еру, як кажуць заснавальнікі, будзе звязаны з геаграфічнымі мапамі, бензакалонкамі і дарожнымі знакамі. Акрамя паспаць-памыцца ў хостэле можна будзе трапіць на тусу або барбекю.

Рост колькасці хостэлаў у сталіцы арганізатараў не палохае. Турыстаў, на іх думку, хопіць усім. «У Вільню штогод прыязджаюць 700 тысяч турыстаў і там 22 хостэлы, — кажа Ксенія. — У Мінск трапляюць 400 тысяч, а ў нас цяпер толькі два хостэлы. Вось будзе больш. Мяркую, што пакуль пра канкурэнцыю гаворкі не ідзе. Будзем усе сябраваць».

Хостэл Traveler

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?