Літаратура55

Адзін дзень экс-палітвязня

Краіну «Беларусь», дзе адбываецца дзея, варта было б лічыць выдуманай, бо самі насельнікі не вераць у яе існаванне…

— Трымай бутэрброд.

— Я прасіў з маслам і сырам.

— Я ж спыталася: «З плаўленым сырам?». Ты адказаў: «Так»…

— …

«Не, не буду аспрэчваць, бо пачнецца зноўку: крыкі, скандалы… гэтага ўсяго было ўжо забагата апошнім часам».

Так, мы зараз жывем разам з маці: я, жонка ды маці. Чатырохпакаёвай прафесарскай кватэры нібыта хапае… А якія яшчэ варыянты? Стаць на чаргу як маладая сям’я? Гэта недзе ў адным камплекце з парадамі кшталту: «уладкавацца на завод», «узяцца за розум», «нікуды не лезці»…

Чорная гарбата. Ад кавы прыйшлося адмовіцца — страшэнна баліць пасля галава. Дый якая тут гарбата? Так, кіпень, а не паспеў дапіць, выстыгла — ну яе, у ракавіну. ТАМ была гарбата, там быў рытуал, дзе ўсё мае сэнс: што п’еш, з кім п’еш… Вось сядзеў на днях у кавярні з хлопцам, якому ўвесь час хацелася даць у морду. У выніку са свайго кубку глыткі два зрабіў — пакінуў і выйшаў. Што за здзек? «…Не піце з кім папала!» — вучыў нас, «першаходаў», бывалы татарын з мянушкай «Астрахань"ды набітымі свастыкамі пад кожнай ключыцай: будзеш «чыф ганяць» з малазнаёмым чалавекам, а ў яго рэпутацыя, напрыклад, нячыстая — разганяй пасля, што «па нязнанцы»…

Выходжу з хаты. Пакуль, мама! Жонка, чмок! Бух — замкнуліся металічныя дзверы за спіной. Няўжо цяжка дачакацца, пакуль на агульным калідоры я дайду хаця б… да ліфта? А пакуль яшчэ ліфт прыйдзе? Стаю сабе: углядаюся ў чорную пляму дзвярэй, праз шклоблокі прабіваецца халоднае зімовае святло, а ў пад’ездзе стаіць пах неадрамантаванага смеццеправоду, які даводзіць да шалу маіх гасцей, якія трапляюць сюды ўпершыню.

Правяраю паштовую скрыню — ці ёсць лісты ад «маіх зэкаў» (хто мне яшчэ можа напісаць, акром зэкаў ды дзядзькі-«афганца», з якім мы праз ліставанне падчас адседкі і пазнаёміліся?)? Няма. Нядаўна злавіў сябе на думцы, што мае нядаўнія калегі па «ўніверсітэтах» больш абазнаныя ў палітычных навінах за мяне. Сума пазыкі Беларусі МВФ, дакладныя даты самітаў, прызначэнні ды пасадкі… Так, седзячы, там мы ўсё адсочвалі, збіралі інфармацыю па крупіцах: ну вось жа, ЁН мае абрынуцца на працягу году, гэты курс, гэтыя абяцанкі, пустыя пагрозы — ЯМУ ўжо не вераць, таму і пагрозаў не мусяць баяцца. Мы, дурныя, абмульвалі бакамі шконкі і верылі, што ва ўсім гэтым ёсць вялікі сэнс для краіны, што «беспрэцэдэнтная колькасць палітвязняў» не застанецца незаўважанай, што на месца аднаго стане як мінімум дзесяць, арганізацыі пачнуць разбудоўвацца… А ўсё аказалася з дакладнасцю ды наадварот. І традыцыйны «Марш пераменаў» (што супольнага маюць перамены з традыцыяй?) у тым годзе стаўся нацыянальнай ганьбай: арганізатары зноўку нешта не падзялілі, не дамовіліся, праспалі, а можа паціху запілі… Яны ж не ведалі, дурныя, што мы ў гадзіну «Х» сядзелі ля закратаванага акна ў спецСІЗА і слухалі. Нам падавалася, што па праспекце маршыруюць тысячы, гудуць машыны, нехта надрываецца ў мацюгальнік… А яны сядзелі па хатах, пілі валяр’янку і таксама прыслухоўваліся: ці не ідзе хто на калідоры? Мы верылі, што рубікон перакрочаны, ЁН нас усё адно змушаны будзе выпусціць і мы скажам, усяму свету скажам, на розных мовах аб сваёй «маральнай пазіцыі», «неабходнасці жорсткіх мераў» і г.д. Тыя, хто застаўся на волі, бачылі ўсё гэта не ўпершыню, таму ролі былі распісанымі: нехта пабег за кветкамі, нехта запрасіў журналістаў, нехта абняў ды пацалаваў чарговага палітзэка. Традыцыйна? Чарговага? Так, гэта акурат як з «маршам пераменаў»…

— Алё?

— Прывіт, — як заўжды на ўкраінскі манер, але неяк стомлена і нібыта ў адчаі.

— Што здарылася?

— Нічога.

— Што зноўку?

— Кажу, нічога. Не магу я так, сумна… — наганяе на мяне тугу голас зазвычай эксцэнтрычнай рудой дзяўчыны, якую спецслужбоўцы лічылі ці тое маёй каханкай, ці тое жонкай (што выклікала смех жонкі рэальнай).

Што я магу ёй зараз параіць: раздрукаваць і расклеіць сто налепак? Правесці бяссонную ноч у пастарунку і пасля бяссонны ад званкоў журналістаў наступны дзень? Кінуць усё, стварыць маладую сям’ю, уладкавацца на фабрыку, стаць у чаргу на кватэру?..

— Трымайся, Алёна!

— Трымаюся. Пакуль.

— Давай.

Віртуальная слухаўка кладзецца на экране старога Siemens-a. Недзе там скончыўся запіс. Слухаюць. Чакаюць. Як можна не звар’яцець ад такой працы, калі ўсё слухаць? Хіба што вар’яцеюць… Можа, п’юць? Пэўна, п’юць… Якая розніца паміж кантралёрам, які заглядае ў камеру кожныя тры хвіліны (згодна правілам спецСІЗА) і службоўцам, які слухае твае тэлефонныя размовы? У першага з часам утвараецца мазоль на пальцы ад пастаяннага адсоўвання завескі на вочку. Другі, пэўна, раней часу глохне ці слепне, чытаючы раздрукоўкі нашых перамоваў, падобныя да п’есаў. Будзе ў старасці хадзіць падслепаваты, а якое-небудзь дзіцё добравыхаванае захоча праз дарогу перавесці ці дапаможа да пад’езду дакульгаць. Яно ж не ведае (дурное!), чаму ён датэрмінова зрок згубіў, чаму паліць на балконе, чаму жонак трох перажыў, бо калі ты штодня глядзіш у бездань, бездань будзе непазбежна набліжацца, пакуль не з’есць цябе без хрусту і пылу, не пакінуўшы па табе нават слупка дыму, разам з якім звычайна адлятаюць душы апалага лісця.

А мы — нармальныя? Гэта нармальна, наагул, тэлефон адключаць пры кожнай нагодзе? А машыны ў двары запамінаць — нармальна? Белы бус, падаецца, быў зраніцы, гэтая не, таксама не, а вось падазроны «Сітроэн» заведзены стаіць…

Абмінаючы яго, зноўку заходжу ў пад’езд, вынікі маёй дзённай працы знаходзяцца ў срабрыстай скрыначцы памерам з мабільнік, у якой ужо пачынае сядаць батарэя. Нічога, зараз Вова прыйдзе, а пасля я ўжо за рэпартаж вазьмуся — рэдакцыя, канечне, з’есць, бо раней за заўтра не паспею.

— Які ў цябе дом?

— Высокі. У двары адразу за аптэкай.

Хаджу з кута ў кут у сваіх трэніках, ні за што не возьмешся — госць ідзе. Былы барацьбіт, вулічны змагар, душа, песня, слова, цяпер… Хіба журналіст як і ўсе, а можа будаўнік зноўку? Зара запытаюся.

— Якая кватэра?

— 27. Шосты паверх.

Як заўжды, кніжку прынёс, адкапаў у сябе. Абрус у клетку. Жонка на стол носіць аладкі, гарбату, нешта салодкае і неістотнае.

— Сталічныя гэтыя…

— Вось-вось, — пасміхецца.

— Выбары, блін,…

— Ага, — блішчыць вачыма.

«Як мне жыць, сволач, кажы давай, а не вачыма лыпай!»

— …ідзі падрамнікі рабіць. Я і сам хачу. Вокны пакуль рабіў, масу задавальнення атрымліваў: працуеш сабе, рукі загружаныя, думкі сабе недзе, пасля вершы файныя атрымліваюцца.

— А зараз пішуцца?

— Не, не пішуцца.

«І мне не пішуцца. Калі асоба, схільная да пісання, выходзіць з турмы, ёй заўжды не пішацца…»

— Не магу я быць прапагандыстам, — меланхалічна працягвае госць, — я ж журналістам наймаўся працаваць, а ён мне з-раніцы кажа: «Маеш сказаць так і так, бо я ў фэйсбуку прачытаў…»

— Кажуць, ты пад Талінам дом будуеш? — пераводзіць размову на бытавыя рэйкі жонка.

— Такой байкі аб сабе я яшчэ не чуў… Гэта на офісе вашым так кажуць?

Незаўважна надышоў вечар, ліфт у смярдзючым пад’ездзе працуе больш інтэнсіўна. Госць пакінуў па сабе пару мамчыных бліноў (а скажа, пэўна ж, што сам з’еў, каб не пакрыўдзіць). Кніжкі, камп’ютар, фэйсбук — чарговая зараза… Адчуванне нібыта няма чагосьці. Во — засяроджанасці! Яна недзе там засталася, у камеры, падобнай да труны, у маўклівых зімовых прагулачных дворыках, на нарах перад адбоем… Як яе здабыць зноўку? Сесці? А мо з’ехаць куды?

— Мілая, а ты хочаш дом пад Талінам?

— Не ведаю.

— Што мы тут робім наагул?

— …

— Чаму мы тут яшчэ жывём, а?

— Бо гэта наша краіна…

«Ах ты, гад, ты ж сам гэта ўціраў сваім аднагодкам, кідаў іх наперад: з азартам яны сядалі на суткі, з усмешкай забіралі дакументы з ВУЗаў, атрымлівалі па чатыры гады ўзмоцненага рэжыму… А цяпер жонка табе мае тлумачыць аснову асноваў!» Усё слушна, бо гэта мая размова з самім сабой. Бо я ведаю, што жонку сабе абіраў найбольш падобную да самога сябе.

— Пакуль ты мыешся, я раскладу ложак.

Скрып пружынаў, шоргат абшыўкі аб шпалеры. Ёсць час памаліцца. Пстрык запалкі і адбываецца цуд: святло сярод халоднай студзеньскай ночы — займаецца знічка, прынесеная калісці з акцыі салідарнасці. За ёй вырастае ікона, то бок паштоўка з набору «Беларускі сакральны жывапіс» выдруку пачатку 90-х. Па той бок шыбы гарыць самотны аблвыканкам, падсветку на касцёле ўжо адключылі — у мэтах эканоміі, вецер іграе веццем у мокрым парку, прымушаючы мільгацець зялёныя ды сінія ліхтары.

«Ну што, Госпадзе,
Прабач нам грахі нашыя страшныя,
Злітуйся, вызвалі рэшту «палітычных»,
Як нас калісьці,
І дай паслужыць хаця б яшчэ раз
Гэтаму народу,
Толькі Ты адзін
Ведаеш, як…»

Каментары5

Цяпер чытаюць

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль1

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Усе навіны →
Усе навіны

Санаторыі хочуць, каб беларусы плацілі столькі ж, колькі расіяне. Наколькі можа падаражэць адпачынак?5

«Часам хочацца напіцца, каб галава круцілася». Турчын прынёс Лукашэнку на нараду бляшанку снюсу11

Стась Карпаў: Я заўважыў тры Марыі28

У Віцебску паказалі, як адбудуюць згарэлы год таму гандлёвы цэнтр «Беларусь» ФОТЫ1

Пад Мінскам ёсць таямнічае месцейка, дзе можна паўнавартасна паабедаць за 5—10 рублёў8

Лаўроў назваў замах на генерала Аляксеева спробай сарваць перамовы4

«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні47

У «Мінск-Свеце» прадаецца двухузроўневы пентхаўс з цудоўным відам на горад4

«Архітэктурнае асвятленне і бетон». Новыя станцыі метро не будуць падобныя на папярэднія

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль1

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць