Культура44

Беларускія будні ў стразах і латэксе

Акторкі сцёб-дуэта «ЭВМ» зладзілі парадыйны шопінг у ГЦ «Імпульс».

Захоплена ўздыхаючы і акругляючы вочы, страляючы ў паветра ўказальнымі пальцамі, «багіні» аддаваліся шопінгу.

Латэксныя боты і гарсэты, ланцужкі і пёры, калготкі «сетачка», майкі, абсыпаныя стразамі, футравыя накідкі вар’яцкіх колераў і іншая бліскуча-карункавая недарэчнасць — усё гэта, як высветлілася, лёгка адшукаць у самым папулярным гандлёвым цэнтры горада. Сцэнічны сцёб дуэта «ЭВМ» актыўна купляецца і прадаецца ў якасці паўсядзённага адзення і нароўні з ім. Жахнуўшыся, але хутка прыйшоўшы ў сябе, дзяўчаты раптам завялі зусім сур’ёзную гутарку: куды, як не на сцэну, можна надзець гэты кашмар і ў чым прычыны татальнай безгустоўнасці беларусаў.

«Магчыма, справа ў беднасці, — разважае Марына Юрэвіч. — 

Калі чалавек не можа дазволіць сабе купіць сапраўды прыгожую і якасную адзежу, ён падмяняе добрае чымсьці квяцістым і бліскучым — яму здаецца, чым ярчэй, тым багацей. Бо ў разуменні беднага менавіта так выглядае заможны чалавек:
яркі, заўважны, эпатажны, па-вычварэнску апрануты, увесь у знакамітых лэйбах. Напэўна, таму нашыя дзяўчаты любяць блёстачкі і штучныя „стразікі“: на кофтачках, шапачках, боціках, сумачках, майтачках — на любой вопратцы. І самае забойнае — на паўсядзённым адзенні».

«Ну, вядома: чым больш блёстачак на кофце, тым бліжэй яна да выгляду дыяментавай дыядэмы, — кажа Юля Шаўчук. — Але справа не толькі ў беднасці. Я не ведаю, чаму вакол суцэльная безгустоўнасць.

У Беларусі пакутуюць на „калгас“ нават крамы з дарагім асартыментам: вітрыны буцікаў аформленыя так, быццам іх супрацоўнікі праходзілі спецыяльныя курсы па спачварванні рэчаў. Адзенне прывазное, якаснае, а на манекенах вісіць у такім спалучэнні, што плакаць хочацца,
і думаеш: ніколі ў жыцці ў такую краму не пайду. Hugo Boss на праспекце, напрыклад — сапраўдны ГЦ „Імпульс“ для тых, хто хоч выдаткаваць больш».

Марына: Мне здаецца, што гэтую татальную безгустоўнасць, безаблічнасць і пошласць спарадзіла не толькі беднасць, але і абмежаванасць выбару, вузкасць далягляду. Калі б усе беларусы змаглі з’ездзіць у Еўропу, пабывалі ў Амерыцы, паглядзелі, як там выглядаюць людзі, што носяць, як паводзяць сябе, шмат што змянілася б і тут.

Вандруючы больш, беларусы перасталі б баяцца быць сабой, мець сваё ўласнае меркаванне, выказваць яго, у тым ліку і ў адзенні.

Юля:

У нас як? Толькі б не вылучацца. Каб не чапалі, каб не засмяялі.
Я не ведаю, ці то таму, што нарадзілася на мяжы з Польшчай, ці то таму, што бацькі ў мяне тыя яшчэ альтэрнатыўшчыкі, але я ніколі не куплю сабе тое, што носяць усе вакол.

Марына: Празмерны ўплыў бацькоў на нашае жыццё — таксама прычына ўсеагульнай безгустоўшчыны. Выдатна ж у Еўропе: споўнілася табе 18 гадоў — усё, ідзі сам зарабляй і вырашай, як апранацца і як жыць.

Юля: У мяне, дарэчы, так і атрымалася. Здавалася б, і ў нас гэтак жа: 18 спаўняецца, хлопчыкі і дзяўчаткі пакідаюць бацькоўскі дом і едуць паступаць у сталіцу. Але не маючы звычкі прымаць рашэнні самастойна, у Мінску яны робяць тое, што дыктуе ім грамадства. У прыватнасці, носяць тое, што прынята большасцю: асартымент рынкаў і гандлёвых цэнтраў.

Што ні дзяўчына, то адны і тыя ж «леапарды», блёстачкі і боцікі а-ля «будні стрыптызёркі». Гэта не толькі ад беднасці, гэта «каб не вылучацца». Але як можна не вылучацца ў ботах стрыптызёркі?
Нічога не разумею!

Марына: А гэты выдатны стэрэатып пра тое, што дзяўчына абавязаная выйсці замуж да 25 гадоў, інакш на ёй можна ставіць крыж? Паглядзіце, як імкнуцца! Толькі «бясшлюбнае цік-так» можа змусіць убірацца на працу, як на сцэну стрып-клуба. Ну сур’ёзна: усё, што мы сёння мералі, можна надзець, выпраўляючыся на тэматычную вечарынку. А хтось купляе на поўным сур’ёзе.

Юля: Ты бачыла толькі што дзяўчынка прайшла з такім жа макіяжам, як у нас на сцэне? Можа, гэта таксама барацьба супраць шэрасці і безаблічнасці? Яшчэ з тых часоў, калі ў крамах нічога не было, і ўсе хадзілі ў аднолькавых шэра-чорных касцюмах. А потым паваліў гэты турэцкі шлак! Памятаеш, першыя рынкі, натоўпы людзей (і да гэтага часу працуе легенда пра тое, што на рынках усё таннейшае),

курткі з футрам, швэдры вар’яцкіх колераў… І насілі — абы не ў айчынным шэрым. Гэта заклала аснову сённяшняй безгустоўнасці.

Марына:

У тэлевізары — тое ж самае: размаляваныя дзяўчаткі ў блёстачках, якія падаюцца нам у выглядзе гатовай мадэлі для пераймання, як эталон прыгажосці і стылю. Мы з Юляй, убіраючыся і выдурняючыся на канцэртах, спрабуем хоць неяк супрацьстаяць гэтаму жаху,
а многія сапраўды лічаць «дзяўчат з экрана» багінямі.

Юля:

Каб беларусы пачалі выглядаць па-еўрапейску, павінныя з’явіцца звычайныя еўрапейскія крамы адзення, напрыклад, хаця б H&M (прычым па еўрапейскіх цэнах і з сезоннымі распродажамі).
Павінен прайсці час, каб людзі прывыклі — якасныя і недарагія рэчы ў крамах будуць заўсёды. Павіннае прыйсці разуменне, што бірка на шмотцы — не паказнік узроўню жыцця.

Марына: І вось калі людзі «наядуцца» звычайных матэрыяльных выгод (даступныя прадукты ў крамах, адзенне, машыны), калі перастануць рабіць культ з яркіх і бліскучых кофтачак, тады ў горадзе не застанецца падобных гандлёвых цэнтраў, а з ГУМа знікне безнадзейна састарэлая «новая калекцыя» з катышкамі.

* * *

Марына Юрэвіч. 27 гадоў. Акторка. Нарадзілася ў Мінску. Скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў. Падчас навучання працавала ў Тэатры беларускай драматургіі. З 2007 па 2008 гады — актрыса Драматычнага тэатра беларускага войска. З 2006 года — актрыса Беларускага свабоднага тэатра. Была арыштаваная ў Беларусі за прафесійную дзейнасць і ўдзел у мірных акцыях. Адна з двух «багіняў» дуэта «ЭВМ» («ЭротическиВозбуждающиеМалышки»), які выступае на падтанцоўцы папулярнай групы «Разбітае сэрца пацана».

Юля Шаўчук. 27 гадоў. Акторка. Другая «багіня» дуэта «ЭВМ» групы «РСП». Нарадзілася ў Кобрыне. Гэтак жа (на адным курсе з Марынай) вучылася ў БДУКіМ. Да ліпеня 2011 працавала ў Тэатры беларускай драматургіі, адкуль Юлю папрасілі сысці пасля інтэрв’ю для «Вольных Навін». Сёння — акторка Свабоднага тэатра.

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 24-гадовы z-блогер Святоша, які хваліўся забойствамі палонных10

На прыпынку «Ламаносава» ў сталіцы адрамантавалі асфальт. Вынік уражвае2

У паўднёвай Еўропе стаіць чырвоная спёка4

Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому2

«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»42

На МАЗе выбралі маскота і далі яму імя14

ЗША маюць намер зламіць спажыўцоў расійскай нафты ў выпадку правалу ўрэгулявання вайны ва Украіне3

Як беларуска ў 18 гадоў стала прафесійным капітанам яхты і робіць на гэтым бізнес1

У Іспаніі беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса1

Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць