Здарэнні

На банкіра Кацарэнку знайшлі «новыя эпізоды»

Кіраўнік Следчага камітэта Валерый Вакульчык расказаў некаторыя падрабязнасці найбольш рэзанансных крымінальных справаў.

Так, справа былога намесніка міністра ўнутраных справаў Яўгена Полудня ў суд трапіць яшчэ не хутка.

«Вельмі шмат працы ўжо праведзена, і нямала яшчэ чакаецца. Рэч у тым, што там вельмі шмат эпізодаў, якія сведчаць пра яго злоўжыванні, — сказаў Валерый Вакульчык у інтэрв’ю «Савецкай Беларусі». — Шэраг эпізодаў фактычна ўжо даказаны, іх хоць цяпер можна прадстаўляць у суд, іх дастаткова для асуджэння. Але ёсць яшчэ некалькі напрамкаў яго незаконнай дзейнасці, расследаванне па якіх ускладняецца тым, што шэраг сведкаў часова знаходзяцца за мяжой.

— Недахоп інфармацыі па гэтай і іншай справах спараджае розныя чуткі і плёткі, якія пазней давядзецца абвяргаць. Ці не прасцей расказаць, у чым канкрэтна вінаваты былы намеснік міністра?

— Пакуль гаварыць пра гэта рана, гэта можа перашкодзіць следству. Каротка скажу, што ён аддаваў распараджэнні і прымаў рашэнні, якія выходзяць за рамкі яго паўнамоцтваў, прычым рабіў гэта ў асабістых мэтах і ў парушэнне закона. І атрымліваў за гэта незаконныя узнагароды.

Што да справы старшыні назіральнай рады «Тэхнабанка», намесніка старшыні ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзіслава Кацарэнкі, то яна набліжалася да фінішу, але…

«Ужо гучала ў дачыненні да яго інфармацыя — толькі нязначная частка выяўленых злоўжыванняў і крадзяжоў, — сказаў галоўны следчы краіны. — Збор доказаў фактычна завершаны, справу можна было б накіроўваць у суд, але ў працэсе расследавання выяўлены яшчэ шэраг злачынстваў, шкода ад якіх ідзе на сотні тысяч даляраў. Зусім хутка зможам расказаць больш».

Справа мадэльера Сашы Варламава, наадварот, зацягваецца.

«Справа ясная, зразумелая, там няма ніякіх складанасцяў. Цяпер заканчваецца буйная рэвізія, ужо высветлена, што нанесеная Варламавым шкода складае каля 1 мільярда рублёў. Адзіная праблема заключаецца ў вялікай колькасці пацярпелых. Ён збіраў грошы ў сотняў людзей, дзеці якіх займаліся ў гэтым агенцтве. Трэба акрамя правядзення гаспадарчых рэвізій неаднаразова дапытаць каля 300 чалавек. Думаю, нам спатрэбіцца яшчэ некалькі месяцаў, каб завяршыць гэтую працу і накіраваць справу ў суд», — сказаў Валерый Вакульчык.

Кіраўнік Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання Юрый Дорн таксама пакуль не дачакаўся добрых навін.

«Па выніках праведзенай працы адназначна прагледжваецца склад злачынства з прыкметамі крадзяжу з выкарыстаннем службовага становішча, — паведаміў кіраўнік Следчага камітэта. — Знойдзена каля 10 кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія перадавалі Дорну хабар. Ёсць сведчанні таго, як гэтыя грошы маскіраваліся ліпавымі дакументамі. Нанесеная шкода рэлігійнаму аб’яднанню, яго сябрам».

Акрамя таго, у Следчым камітэце не выключаюць, што хутка беларускія следчыя будуць спрабаваць сустрэцца з заснавальнікам фінансавай піраміды МММ Сяргеем Маўродзі.

«Дзеянні пяці затрыманых чалавек цалкам падпадаюць пад нашае крымінальнае заканадаўства, хоць трэба сказаць, што імі быў прадуманы дасканалы алгарытм унікання адказнасці, прычым з улікам юрыдычных тонкасцяў у розных краінах, дзе яны спрабавалі працаваць. Тым не менш, абгрунтаванасць абвінавачанняў у іх адрас не выклікае сумневаў, — сказаў Валерый Вакульчык.

— Ці збіраюцца беларускія следчыя дапытаць галоўнага будаўніка піраміды — Сяргея Маўродзі?

— Калі атрымаем рэальныя доказы яго ўдзелу ў дзеяннях нашых арганізатараў «МММ», то паўстане пытанне ўжо не пра допыт, а пра прыцягненне Маўродзі да крымінальнай адказнасці. Але пакуль пра гэта казаць рана.

Каментары

Цяпер чытаюць

Скандал у полацкай школе: маці сцвярджае, што яе сына збілі на трэніроўцы па дзюдо — так хлопца «выхоўваў» трэнер5

Скандал у полацкай школе: маці сцвярджае, што яе сына збілі на трэніроўцы па дзюдо — так хлопца «выхоўваў» трэнер

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў пра планы змяніць рэжым на Кубе пасля таго, як разбярэцца з Іранам5

Дзіўная гісторыя з каршэрынгам. У сэрвісу і кліента — абсалютна розныя версіі2

Кіраўнік студыі ZROBIM architects цяпер у СІЗА18

Расія і Украіна правялі абмен палоннымі1

Брытанія 25 гадоў не можа дэпартаваць беларуса — той хлусіць беларускім уладам, што ён не свой. І яны не забіраюць яго дадому6

Вывучыў восем моваў, ажаніўся і стаў доктарам у Барысаве — гісторыя медыка з Туркменістана3

Міністр абароны Літвы пра ліст Зяленскага: Наіўна чакаць, што Пуцін проста возьме і адступіць5

Падатковая наведалася да вядомага мінскага блогера-гаражніка. Кажуць, што той працаваў нелегальна2

У порце румынскай Канстанцы ўзарваўся беспілотнік1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Скандал у полацкай школе: маці сцвярджае, што яе сына збілі на трэніроўцы па дзюдо — так хлопца «выхоўваў» трэнер5

Скандал у полацкай школе: маці сцвярджае, што яе сына збілі на трэніроўцы па дзюдо — так хлопца «выхоўваў» трэнер

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць