Меркаванні22

Канцэрт самаНАдзейнасці

Гісторыя не даруе ні самадзейнасці, ні саманадзейнасці. Піша Сяргей Ваганаў.

Напярэдадні 3 ліпеня я меўся сустрэцца з адной карэннай жыхаркай Мінска, якая жыве практычна на тым жа месцы, дзе нарадзілася і жыла да вайны, у вайну і пасля вайны.
Ці знойдзецца ў Мінску чалавек, які перажыў самыя змрочныя часіны ХХ стагоддзя не сыходзячы, так бы мовіць, з месца?..

Сустрэча, на жаль, не адбылася, дакладней, адклалася, пакуль трохі не палепшае яе самаадчуванне. Але коратка ўсё ж паразмаўлялі.

...Нечакана я пачуў у тэлефоне стрыманы ўсхліп, а потым плач. Мусіць, нешта зварухнуў у яе памяці. Праз слёзы яна пачала расказваць, як сямігадовай дзяўчынкай бегала да немцаў па цукеркі, а потым дзялілася імі з яўрэйскімі дзеткамі, якіх, разам з іх бацькамі, хавалі яе бацькі… Як штоноч паўстае перад вачыма постаць таты пасля вяртання з Бухенвальда…

Вось ужо тыдзень я чую той плач.

3 ліпеня скрозь гэты плач адбівала цяжкі пагрозлівы крок, скрыгатала гусеніцамі і раўло смярдзючымі рухавікамі параднае войска…

Зрэшты, усе ведаюць, што адбывалася 3 ліпеня на вуліцах і плошчах горада. Але не ўсе ведаюць, што на вуліцы Кастрычніцкай не адбывалася анічога.

3 ліпеня я паехаў на вуліцу Кастрычніцкую да дражджавога завода, ля брамы якога 26 кастрычніка 1941 адбывалася смяротнае пакаранне першых мінскіх падпольшчыкаў — Кірылы Труса, Валодзі Шчарбацэвіча і Машы Брускінай. Пяць гадоў таму, калі на гэтым месцы ўлады ўсталявалі нарэшце адпаведны даўнім падзеям мемарыяльны знак, «СБ», ухваляючы рашучасць і справядлівасць кіраўніка дзяржавы, пафасна ўсклікала: «… сюды не зарасце народная сцежка!».

Зарасла… Аніводнай прыкметы таго, што ў дзень вызвалення горад успомніў і хаця б кветачкай ушанаваў першых герояў антыфашысцкага Супраціву…

Дык што ж тады адбывалася ў Мінску тыдзень таму, у трэці спякотны дзень ліпеня?

Адкуль яны, усе гэтыя грымоты ды бліскавіцы ў дзень, які прагне памяці і цішыні?!

Я ведаю адкуль — ад калгаса імя Варашылава на чале са старшынёй па прозвішчы Піліпаў.
У дзіцячых гульнях, пахваляўся Піліпаў, ён лічыўся «Варашылавым». Добра хоць не «Сталіным», як ягоны сябра, бо імя Варашылава Піліпаў надаў калгасу выключна ў гонар самога сябе. У дзень таго ці іншага савецкага свята ён чапляў на пінжак чырвоную стужку, узыходзіў на ганак праўлення, ставіў побач сынка-другакласніка, ззаду — парторга, жонку-бухгалтарку, агранома, даярку Гэлю з ордэнам «Знак Пашаны» на грудзях, дзеда Мацвея, які лічыўся ўдзельнікам штурму Зімняга, і ўчастковага Сушко ў міліцыянерскім мундзіры… І прымаў ці то дэманстрацыю, ці то парад — кожную брыгаду на чале з брыгадзірамі, вучняў школы з настаўнікамі, напрыканцы — падфарбаваную калгасную тэхніку на чале з заўгарам… Ветліва махаў рукой, калі-нікалі з капялюшом, зачаравана слухаў барабан з гармонікай ды літаўрамі і смешнае, праз пень-калоду, «ура». Мусіць, мроілася, што так будзе заўжды... Ну, а ўвечары канцэрт самадзейнасці ў паўразваленым клубе…

Гэля ўрэшце з’ехала з мужам у Латвію, заўгар падаўся ў цырульнікі, а Сушко адзначыўся тым, што гераічна затрымаў дзеда Мацвея, калі той цягнуў з лесу нейкае паўтрухлявае дрэўца, бо не было чым узімку грубку тапіць…
На пытанне, куды падзеўся «галоўнакамандуючы», заўгар-цырульнік выразна патыкаў пальцам у неба. Я не стаў удакладняць…

…Дык што ж тады адбывалася ў Мінску тыдзень таму, у такі спякотны трэці ліпеньскі дзень?

Адны гавораць — свята ў гонар незалежнасці, народнае гулянне… Іншыя — палітычнае шоу, піяр…

Насамрэч усё гэта — ад параду да карнавальных скокаў, ад шаманскага хістання пад рытм гімна, што прарос з савецкага ідэалагічнага дзядоўніка, да чырванасцяжнага рэквізіту над рыштаваннямі недабудаванага «рэйхстага» — нагадвала канцэрт самадзейнасці, які не мае аніякіх адносін да рэальнай гісторыі народа, горада і краіны…

Ці саманадзейнасці?

Гісторыя не даруе ні самадзейнасці, ні, тым больш, саманадзейнасці, якім бы надзьмутым патрыятызмам ні надзімаліся акторы, што апынаюцца, у большасці, выпадкова на яе рыштаваннях.
Якімі б агромністымі ні падаваліся гэтыя рыштаванні ды тысячагаловым — натоўп.

А 3 ліпеня назаўжды застанецца ў гісторыі горада. Нават калі сціхне плач і будуць чутны толькі памяць і цішыня…

Каментары2

Цяпер чытаюць

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі37

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Чатырохгадовы хлопчык стаў сведкам жорсткага забойства маці. Праз 20 гадоў ён успомніў дэталі — забойца пакараны5

Туск: Сетка Джэфры Эпштэйна магла быць маштабнай аперацыяй расійскіх спецслужбаў па вербаванні заходніх эліт18

«Я была як пад гіпнозам». Рэальныя гісторыі мінчукоў, якіх махляры прымусілі прадаць кватэры — адна сумная, другая амаль шчаслівая1

Сёння ноччу было да мінус 27,6°C

У злітых файлах Эпштэйна ўсплыла яшчэ адна беларуска, мадэль і жонка футбаліста — расказваем, што пра яе вядома17

«У вас ёсць любімая песня?» Знаёмцеся з Максатам — самым вядомым стрыт-відэографам Мінска1

Чэмпіён Польшчы па боксе, што раптоўна вярнуўся ў Беларусь, патлумачыў нечаканае вяртанне10

Ціханоўскі выступіў у Кангрэсе ЗША31

Цана на золата зноў больш за 5000 даляраў за унцыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі37

Мінск сёння вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць