Меркаванні2626

Малітва аб Літве

Чаму літоўцам ўсё ўдалося, а ў нас -- не? Піша Сяргей Ваганаў.

Пішу з Ніды, што на балтыйскім узбярэжжы Літвы, на Куршскай касе.

«Нешта нардычнае з японскім». Гэта пра Ніду. Жан-Поль Сартр.

«Сумная пустыня…» Гэтаксама пра Ніду. Надпіс на магіле Георга-Давіда Куверта, сціплага паштовага служачага, які «першым стаў саджаць лясныя дрэвы ў сумнай пустыні Ніды». XVIII стагоддзе…

Сартра, мабыць, уразілі гэтыя дрэвы — учэпістыя нізкарослыя сосны на высачэзных сыпучых выдмах. І тое — дзве Ніды ўжо пад пяском…

Сёння мая Ніда — скарбонка ўспамінаў, што кранаюць за душу.

Ну, як забыцца пра Стасю?

У залатым верасні 1968, якраз на тую хвіліну, калі нечакана сыпануў дождж і я стаяў, не ведаючы, куды ісці далей, яна павяла мяне на сваё падстрэшша, а бліжэй да ночы прынесла па рыпучай лесвіцы свечку: «Будзешь, як Пушькін…».

Стасі было недзе каля пяцідзесяці, яна жыла ў адзіноце і шмат піла. Аднойчы я спытаў у яе, чаму яна п’е. «Мужя ўпамінаю…»

Ці доўга здолее жыць чалавек са сваім мінулым — з бураломам у жахлівай далечыні, з нязвыклым для літоўскага вуха найменнем Комі?
Роўна столькі, колькі трэба, каб, нарэшце, даведацца, з якой зямлёй перамяшаўся прах каханага мужа. Мужа, ковенскага інжынера, нацысты кінулі ў жудасны 9-ы форт за дапамогу яўрэям. Усё жыццё яна намагалася дазнацца пра ягоны лёс. І дазналася праз 30 гадоў ад… Генпракуратуры СССР: «…Ваш муж быў асуджаны… і пахаваны ў г. Ленінск-Кузнецкім Кемераўскай вобласці…» Пасля чаго памерла. Не ад гарэлкі, як палічылі суседзі, — ад непатрэбнасці далей жыць…

Наведаўшы яе магілу, я зняў пакойчык у Эдзіты з Ёнасам і маленькім, пяць ці шэсць гадоў, Рэмігіусам, у такой жа, як у Стасі, тыпова куршскай, пад чаротавым дахам, хаце.

Эдзіта працавала на метэастанцыі, чытала «Новый мир» і сусветную класіку на літоўскай мове. Ёнас піў.

Пра тое, што Ёнас піў, я даведаўся выпадкова, калі напрасіўся пайсці з ім на рыбацкім баркасе ў Куршскую затоку. Безумоўна, я прыхапіў з сабой пару бутэлек «Маскоўскай», мабыць, нават тры, бо іх было трое — Ёнас ды ўся ягоная брыгада з двух негаваркіх мужыкоў у шырокіх, з цяжкой гумы, куртках і высокіх ботах. Ледзь адплылі па цёмнай вадзе, Ёнас выставіў бутэлькі на стол…

Ёнас таксама памёр праз некалькі гадоў. І таксама ад гарэлкі. Так сказала Эдзіта.

Сёння я думаю, што Ёнас памёр ад немагчымасці прадбачыць будучыню для Рэмігіуса. Што, уласна кажучы, і было для яго немагчымасцю жыць.

Рэмігіус прадбачыў сваю будучыню сам.

Я быў сведкам, як пачыналася яна восенню аднаго з апошніх 80-х гадоў мінулага стагоддзя, не памятаю ўжо, якога дакладна. Памятаю толькі халодную, у пене, сінь Балтыкі, пару лебедзяў, што праляцелі над самым морам, і сотню, а мо і тысячу падлеткаў, юнакоў і дзяўчат, што апусціліся на калені ў вільготны берагавы пясок і паўтаралі за пастарам словы малітвы. Потым падняліся, узяліся за рукі і заспявалі сваю літоўскую песню, хістаючыся ў такт мелодыі і балтыйскай хвалі. Я ўбачыў Рэмігіуса, пайшоў да яго, правальваючыся ў пясок, ланцуг разамкнуўся. Я стаў паміж ім і дзяўчынай у вязанай шапачцы і, ні слова не разумеючы, таксама нешта падпяваў, намагаючыся пераадолець свіст ветру.

На вартаўнічай вышцы яшчэ савецкай памежнай заставы нікога, здавалася, не было. Толькі час ад часу ў цёмным прахоне адсвечваў сонечны бляск…

…Апошні раз я бачыў Рэмігіуса летась, калі, не маючы сілы забыцца на Ніду, я зноўку наведаў яе, амаль не пазнаўшы ў былым рыбацкім паселішчы еўрапейскі курорт — нават стала трошкі шкада… Рэмігіус завітаў да маці па дарозе ці то ў Аўстралію, ці то ў Кенію.

Малады доктар, навуковец, менеджар буйной медыцынскай фірмы свабодна працуе па ўсім свеце.
Расказваючы пра свае вандроўкі, сваю працу і жыццё, ён увесь час паўтараў гэта слова — СВАБОДНА. Я запытаўся ў яго, аб чым яны маліліся тады на беразе мора. «Аб Літве… Гэта старадаўняя малітва: «…мы разам дзякуем Богу за дар свабоды…»

Вось тады я і пачуў сугучча: малітва — Літва…

Час ад часу ўсплывае з нашай падсвядомасці пытанне да саміх сабе: чаму літоўцам усё ўдалося, а нам — не? Мой адказ для сябе вельмі просты: каб усё ўдалося, трэба гэтага вельмі моцна хацець.

І не забывацца на малітву.

Каментары26

Цяпер чытаюць

Як купіць кватэру ў Мінску, калі няма каму дапамагчы? Задаецца пытаннем беларус, які адкладае па $1000 у месяц і ўсё адно ў адчаі17

Як купіць кватэру ў Мінску, калі няма каму дапамагчы? Задаецца пытаннем беларус, які адкладае па $1000 у месяц і ўсё адно ў адчаі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы Варшавы запісалі праваслаўную літургію на роднай мове

Форвард хакейнага «Дынама-Мінск» хоча, каб заробак яму паднялі да мільёна даляраў за год. Два іншыя ўжо атрымліваюць амаль столькі5

Статкевіч заклікаў беларусаў не маліцца на мове РПЦ і пісаць на помніках па-беларуску45

«Рэактыўны шахед урэзаўся ў мой дом». Расіяне спрабавалі кропкавым ударам забіць дарадцу міністра абароны Украіны, спецыяліста па радыётэхналогіях3

Наступныя дні будуць кашмарнымі для тых, у каго алергія на бярозавы пылок4

«Дзяўчына недзе праз сем секунд ужо пікіравала без пілота». Сябар дэльтапланерыста, які разбіўся ў Строчыцах, расказаў, што прывяло да трагедыі4

Памёр былы лёгкаатлет Аляксей Лелін. Яму было 48 гадоў1

«Шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў — гэта брахня, заходняя брахня». Лукашэнка разглядае канстытуцыйнае вяртанне да савецкай сістэмы87

Маладую маці з Гомеля асудзілі за палітыку6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як купіць кватэру ў Мінску, калі няма каму дапамагчы? Задаецца пытаннем беларус, які адкладае па $1000 у месяц і ўсё адно ў адчаі17

Як купіць кватэру ў Мінску, калі няма каму дапамагчы? Задаецца пытаннем беларус, які адкладае па $1000 у месяц і ўсё адно ў адчаі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць