Яго знайшлі павешаным на ўласным лецішчы. Афіцыйная версія —самагубства.
Два гады таму, 3 верасня 2010 года, на ўласным лецішчы ў вёсцы Пярхурава пад Мінскам быў знойдзены павешаным заснавальнік апазіцыйнага сайта Charter97.org Алег Бябенін.
Следства ў якасці папярэдняй прычыны смерці журналіста адразу ж абрала самагубства. Сябры і паплечнікі загінулага, сярод іх Андрэй Саннікаў, Мікалай Халезін, Зміцер Бандарэнка, гэтую версію паставілі пад сумнеў. Высвятляліся новыя акалічнасці справы, у сяброў Алега раслі падазрэнні і сумневы. Але следства прытрымлівалася першапачатковай лініі.
Загадкавая смерць памочніка аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта [Андрэя Саннікава] перад пачаткам вырашальнай стадыі выбарчай кампаніі на кароткі момант аб’яднала беларускую апазіцыю. Развітацца з ім прыйшлі лідары партый і рухаў, грамадскія дзеячы.
Справа Бябеніна мела міжнародны рэзананс. Пра яго таямнічую смерць пісалі замежныя СМІ, кіраўнік Еўрапарламента заклікаў правесці аб’ектыўнае расследаванне акалічнасцяў смерці журналіста.З імі салідарызаваліся іншыя еўрачыноўнікі. Беларускія ўлады запрасілі да ўдзелу ў расследаванні экспертаў-крыміналістаў з краін — членаў АБСЕ. У лістападзе 2010 г. яны апублікавалі вынікі сваёй працы ў Беларусі. Яны прыйшлі да высновы, што журналіст скончыў жыццё самагубствам.
Пракуратура Мінскай вобласці, якая праводзіла расследаванне, абвясціла прычынай смерці Бябеніна самагубства.
***
Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1990-я гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Імя». Заснаваў у 1998 годзе сайт charter97.org і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і двое сыноў.
Каментары