У студзені на вуліцах Мінска знаходзілі некалькі целаў памерлых. Ствараецца ўражанне, што студзень — сапраўдны «лідар» па колькасці смерцяў. А што кажа статыстыка?

Штомесячныя даныя па смяротнасці ў Беларусі можна знайсці ў базе ААН. Мы прааналізавалі перыяд з 2002 па 2019 год (пасля 2020‑га статыстыку мог бы сказіць каранавірус і фальсіфікацыя інфармацыі). Заўважым, што за 2006 і 2010 гады інфармацыя адсутнічае (як і за 2000 і 2001, таму іх не ўключылі ў перыяд).
- Студзень — 194 716 (393 за дзень)
- Сакавік — 187 508 (391 за дзень)
- Снежань — 180 388 (364 за дзень)
- Кастрычнік — 180 090 (363 за дзень)
- Май — 178 613 (360 за дзень)
- Красавік — 175 342 (365 за дзень)
- Люты — 170 655 (378 за дзень)
- Лістапад — 169 911 (354 за дзень)
- Ліпень — 163 992 (331 за дзень)
- Чэрвень — 160 653 (335 за дзень)
- Верасень — 160 445 (334 за дзень)
- Жнівень — 157 966 (318 за дзень)
Безумоўным лідарам па колькасці зафіксаваных смерцяў аказаўся студзень. У 10 гадах з 16 гэты месяц займаў першае месца.
Другім пікам з'яўляецца сакавік. Гэты месяц станавіўся лідарам пяць разоў (у 2002, 2005, 2007, 2011 і 2018 гадах). Адзін раз — у 2012 годзе — абсалютным лідарам па смяротнасці быў снежань.
У лютым смерцяў нібыта менш, але толькі таму, што дзён у гэтым месяцы найменей.
Летнія месяцы (чэрвень, ліпень, жнівень) і верасень самыя шчаслівыя. Тут прычына ў тым, што летам людзі радзей хварэюць на грып ды іншыя вірусныя рэспіраторныя інфекцыі, якія нярэдка выклікаюць у старэйшых людзей цяжкія ўскладненні.
Чаму студзень?
Феномен павышанай смяротнасці ў студзені часта тлумачаць сукупнасцю кліматычных, біялагічных і сацыяльных фактараў, якія ўзмацняюць адзін аднаго. У навуковай літаратуры нізкія тэмпературы і халодныя перыяды звязваюцца з ростам рызыкі сардэчна-сасудзістых ускладненняў і смяротнасці, асабліва ва ўразлівых групах.
Адным з ключавых механізмаў лічыцца стрэсавае ўздзеянне холаду на сардэчна-сасудзістую сістэму: на холадзе ўзнікае вазаканстрыкцыя (звужэнне сасудаў), што можа прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску і павелічэння нагрузкі на сэрца; апісваюцца таксама змены фактараў згусання крыві, якія патэнцыйна павышаюць рызыку тромбаў.
Да гэтага дадаецца эпідэміялагічны складнік. Для Паўночнага паўшар’я зімовы ўздым вострых рэспіраторных інфекцый — звычайная з’ява. Цяжкія формы такіх захворванняў могуць павялічваць рызыку ўскладненняў у людзей з хранічнымі хваробамі і быць звязаныя з ростам смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў.
Асобна апісваецца і «эфект святаў». Перыяд навагодніх і калядных святаў часта суправаджаецца празмернай нагрузкай на арганізм: злоўжываннем алкаголем і цяжкай, тлустай ежай. Гэта стварае небяспечны стрэс для печані, падстраўнікавай залозы і сэрца.
Больш за тое, у святочныя дні людзі псіхалагічна схільныя ігнараваць трывожныя сімптомы, адкладаючы зварот да медыкаў, каб не псаваць настрой блізкім. У выніку многія пацыенты трапляюць у бальніцы з вялікім спазненнем, калі дапамога становіцца менш эфектыўнай.
Дадатковым фактарам выступае знешняе асяроддзе: галалёд на вуліцах павышае рызыку цяжкіх траўм, асабліва сярод пажылых людзей, а неабходнасць інтэнсіўнага ацяплення жытла павялічвае магчымасць пажараў і атручванняў чадным газам.
Каментары
А як прыйшоў май, то павязлі ў гай.
Ну й у такім выпадку, лепей прыводзіць смяротнасьць не ў агульных лічбах, а ў пераліку на 100к насельніцтва.