На 1,1% выраслі спажывецкія цэны ў Беларусі з 1 па 18 верасня, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Найбольшы прырост цэн з пачатку месяца адзначаны на пшанічную муку, алей (3,1%), жывёльнае масла (3%), гарэлку (2,9%), курыныя яйкі (2,5%), малако і малочныя прадукты, паўфабрыкаты з мяса птушкі, прасяныя крупы (2,4%), жывую рыбу (1,8%), мясныя кансервы, сухія малочныя сумесі для дзіцячага і дыетычнага харчавання (1,7%), маянэз (1,3%), паўвэнджаную каўбасу (1,2%), кандытарскія вырабы, соль (1,1%), бескасцёвую ялавічыну, хлеб і хлебабулачныя вырабы (1%), тканіны (1,3%), паслугі вышэйшай адукацыі (20,3%), бытавыя паслугі (1,7%).
Сезоннае зніжэнне цэн адзначана на плодаагароднінную прадукцыю: цэны на моркву паменшыліся на 17,7%, буракі — на 11,2%, бульбу — на 8,4%, рэпчатую цыбулю — на 8,1%, свежую белакачанную капусту — на 7,6%, яблыкі — на 15,8%. У той жа час цэны на памідоры выраслі на 4,2%, цытрусавыя — на 4,4%, бананы — на 23,3%.
Застудзень-жнівень цэны выраслі на 14,6%, з улікам 18 дзён верасня — на 15,9%.
Па выніках года ўрад разлічвае ўтрымаць інфляцыю ў межах 19–22%. У 2011 годзе спажывецкія цэны выраслі на 108,7%.
Каментары