Меркаванні77

Паслужлівы дурань

Піша Святлана Калінкіна.

Калі еўрапейскіх назіральнікаў запрашаюць на «выбары», а потым на чале місіі БДІПЧ АБСЕ не дазваляюць бачыць, ці правільна вядзецца падлік галасоў, — гэта абсурд.

Першая версія — пра дурняў: на выбарчым участку не ведалі, хто да іх прыехаў.
Гэта значыць, атрымліваецца, што спецслужбы абвясцілі выбарам байкот, на ўсё забілі, рэалізаваўшы, нарэшце, сваю даўнюю мару заняцца тымі, кім раней займаўся «ОБХСС» — задаволенымі рэжымам. Гуляйце сабе, злыя заходнікі, куды хочаце, калі з вас браць няма чаго!

Гэта з аднаго боку.

А з другога — Антоніа Мілашоскі, перш чым яго да назірання дапусцілі, камісіі бэджык павінен быў паказаць. На якім выразна і ясна напісана, хто ён такі, гэты інтэлігент у акулярах. Можна спрачацца, ці трэба нашым выбарчым камісіям умець лічыць, але чытаць, напэўна, яны ўсё ж такі ўмеюць…

Увогуле, версія сумнеўная.

Другая гіпотэза — пра разумных.
Нашай уладзе, маўляў, выгадна, каб у Беларусі быў парламент, не прызнаны Захадам. І наогул канфрантацыя — найлепшае для яе асяроддзе. Таму што тады і вораг ёсць, на якога можна ўсё спісаць, і напружвацца з пробліскамі дэмакратызацыі не патрабуецца, бо ёсць вялікая асцярога, што любая маленькая расколіна рэжыму можа даць вялікую цечу. І далей у тым жа духу.

Вельмі пахвальнай для Аляксандра Лукашэнкі выглядае гэтая версія, бо грунтуецца на міфе пра яго крутасць, аднак я б з такімі кампліментамі не спяшалася. Проста таму, што калі б версія была правільнай, то не патрабавалася б ніякіх складаных пабудоваў. Ну, не запрашалі б мы еўрапейскіх назіральнікаў на свае «выбары», як першапачаткова гразіліся, — вось і ўся канструкцыя.

Баюся, самай блізкай да ісціны ў нашай сітуацыі будзе трэцяя версія — пра сённяшніх беларусаў.

Вядома, Лукашэнка вельмі хацеў, каб гэтыя «выбары» былі прызнаныя. І напэўна ён планаваў зрабіць як-небудзь так, каб нічога сур’ёзна ў беларускіх «выбарах» не мяняць, але каб у заходніх назіральнікаў засталіся ад убачанага найлепшыя ўражанні. Урэшце, гэта ж не яго выбіралі, не яго ўзроўні падтрымкі падлічвалі. Ну, убачыў бы кіраўнік місіі АБСЕ, прыйшоўшы на ўчастак, што нейкі кандыдат Пупкін прайграў кандыдату Жупкіну. І што? Нават калі гэты Пупкін — кандыдат улады, дык і Мілашоскі не Геката шматгаловая, усюды не паспее. На адным участку Пупкін прайграў, на іншых — выйграў. Але абяззброілі б кіраўніка суровых назіральнікаў АБСЕ, дазволіўшы бачыць падлік, нават не ахвяруючы пешкай.

Дык не ж! Трэба было трымаць абарону, быццам ахоўваеш галоўныя сакрэты Радзімы! Трэба было адганяць кіраўніка місіі ад стала з бюлетэнямі, трэба было рабіць усё так, каб ён, не дай Бог, не падгледзеў, колькі там галасоў насамрэч аддадзена за няшчаснага Пупкіна…

Трэба было так накруціць праўладных назіральнікаў, каб яны на вачах ва ўсіх вырывалі ў старшыні ўчастковай камісіі пратакол, які засведчыў, што «выбары» не адбыліся… І каб потым з крыкамі «Міліцыя-паліцыя!» проста да акруговай камісіі па гэты пратакол несліся і назіральнікі АБСЕ, і нашыя актывісты… І каб ужо ў акруговай камісіі гэтую даўно агучаную на аўдыё і відэа паперку хавалі, перапісвалі, мянялі…

Ну няма тут ніякага здаровага сэнсу, ніякай логікі, ніякага папярэдняга намеру. Гэта экспромт. Гэта розум такі.

Проста ў нас выбудаваная такая сістэма дзяржаўнага кіравання, што цяпер — што б там Лукашэнка ні планаваў у палітыцы, у эканоміцы, у спорце — абавязкова знойдзецца які-небудзь асёл, які перакурочыць усе планы, жадаючы выслужыцца. І ўсё таму, што сутнасць сістэмы простая: каб кожны вялікі і маленькі вінцік паслухмяна выконваў даведзеную задачу-мінімум. Інакш будзе пакараны.

Старшыні выбарчай камісіі загадана даць патрэбны вынік — і хоць Ісус Хрыстос прыйдзі на ўчастак — ён адсуне яго ад бюлетэняў за кадку з пальмай.
Трэнеру скажуць забяспечыць медаль — так расстараліся, што пакалечылі спартсмена трэніроўкамі. Кіраўніку Нацбанка дадуць заданне ўтрымліваць курс рубля — да абвалу, да фінансавай катастрофы трымаць будзе. Скажуць вайскоўцам везці тэхніку на парад да галоўнакамандуючага — аголяць межы, «сляпымі» дзяжурныя дывізіёны пакінуць, але павязуць…

Гэта і ёсць па-беларуску, гэта тое, што нашая ўлада старанна выбудоўвае, тое, без чаго сістэма перастане існаваць — кожны вінцік не думаючы выконвае сваю задачу-мінімум. Праўда, выконвае так, што паслужлівы дурань робіцца больш небяспечным за ворага.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА21

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Сын апошняга шаха. Хто такі Рэза Пехлеві, чые імя выкрыкваюць паўстанцы іранцы3

У Іране падчас пратэстаў загінулі ўжо больш за 50 чалавек1

Украіна і ЗША могуць падпісаць у Давосе пагадненне аб аднаўленні на 800 млрд даляраў

Доктар патлумачыў, якія сродкі не дапамогуць вашым суставам9

Затрымаць сёння нафтавы танкер амерыканцам дапамаглі ўлады Венесуэлы. Трамп імі задаволены9

Трамп можа даць кожнаму жыхару Грэнландыі па 100 тысяч даляраў за далучэнне да ЗША23

«Ты з іншага цеста». Як заставацца беларусамі за мяжой самім і гадаваць імі дзяцей23

Адкуль бяруцца назвы цыклонаў? І чаму менавіта «Улі»?1

У PandaDoc новы генеральны дырэктар1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА21

Жонка Галыгіна адсвяткавала пад Мінскам дзень нараджэння ў рускім стылі — у какошніку і з тортам-матрошкай ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць