Меркаванні77

Пачатак асымэтрычнае вайны

Шасьцідзённая вайна паміж Ізраілем ды ягонымі арабскімі суседзямі, саракагодзьдзе якое адзначаецца на гэтым тыдні, кардынальна зьмяніла суадносіны сілаў на Блізкім Усходзе. Піша Сяржук Вінаградаў.

Шасьцідзённая вайна паміж Ізраілем ды ягонымі арабскімі суседзямі, саракагодзьдзе якое адзначаецца на гэтым тыдні, кардынальна зьмяніла суадносіны сілаў на Блізкім Усходзе. Калі раней гаворка вялася была пра выжываньне Ізраілю, то пасьля яе ён паўстаў як рэгіянальная звышдзяржава з моцным войскам, вялікім эканамічным патэнцыялам ды большай тэрыторыяй. Зь іншага боку, нечакана відавочная перамога Ізраілю зрабіла суадносіны варагуючых бакоў больш асымэтрычнымі й гэтак запачаткавала новы від канфлікту, гэтак характэрны для сучаснага сьвету.

Посьпех неспадзяванага нападу ізраільскае авіяцыі на эгіпэцкія паветраныя сілы, якія былі зьнішчаныя за лічаныя гадзіны, ды пераможны паход ізраільскага дэсанту на Ерусалім прадэманстравалі татальную перавагу тэхналягічна абсталяванага войска заходняга ўзору над шматлюднымі, але недзеяздольнымі вайсковымі адзінкамі краінаў трэцяга сьвету. Відавочнасьць безнадзейнасьці лабавога супрацьстаяньня з заходнімі дэмакратыямі прывяла да шырэйшага пераасэнсаваньня радыкальнымі антызаходнімі групоўкамі іх вайскова‑палітычнае стратэгіі. Далейшыя атакі на Ізраіль насілі больш кропкавы й правакацыйны характар і пачалі намацваць слабасьці лібэральных дэмакратыяў у асымэтрычных канфліктах з уяўна слабейшым ворагам.

Замест наўпростага вайсковага супрацьстаяньня асымэтрычныя канфлікты прадугледжваюць стварэньне й падтрымку радыкальных парамілітарных груповак партызанскага кшталту, якія выконваюць дваістую функцыю. Па‑першае, нешматлікасьць і мабільнасьць груповак робіць іх напады на рэгулярныя часткі праціўніка нечаканымі й больш эфэктыўнымі. Па‑другое, наўмыснае базаваньне актыўных напаўвайсковых адзінак сярод мірнага насельніцтва спрычыняецца ў выпадку абвастрэньня канфлікту да значнае колькасьці цывільных ахвяраў, якія выкарыстоўваюцца дзеля ідэалягічнае дыскрэдытацыі мацнейшага боку. Пры гэтым мэдыйная прастора ды альтэрнатыўныя палітычныя плыні праціўніка ці трэціх краінаў выступаюць як праваднікі інтарэсаў слабейшага боку ў асымэтрычным канфлікце.

Далейшае разьвіцьцё блізкаўсходняга супрацьстаяньня дэманструе параўнаўчую пасьпяховасьць мадэлі асымэтрычнае вайны, выкарыстанае супраць Ізраілю, як на ідэалягічным, так і на мілітарным фроньце. Прыкладам, праз апэляваньне да левалібэральных палітычных колаў Захаду былі створаныя ідэалягемы пра ізраільскую акупацыю фантомнае палестынскае дзяржавы й пра мірных арабаў‑палестынцаў як ахвяраў ізраільскае агрэсіі. Пры нэўтральным разглядзе слушнасьць гэтых ідэалягемаў выглядае сумнеўнай. Гэтак, тэрыторыі Заходняга берагу ракі Ярдан ды сэктару Газа, занятыя Ізраілем у выніку шасьцідзённае вайны, першапачаткова кантраляваліся адпаведна Ярданіяй і Эгіптам. Ідэя стварэньня асобнае арабскае палестынскае дзяржавы разьвілася толькі пасьля фактычнае адмовы суседніх арабскіх краінаў ад страчаных у выніку распачатае імі вайны земляў. Зь іншага боку, цяперашнія ўнутрыарабскія сутыкненьні ў Газе й Лібане дэманструюць растучы рэлігійны радыкалізм у арабскіх грамадзтвах і ставяць пад пытаньне падрыхтаванасьць палестынскіх арабаў да дзяржаўнага жыцьця. Тым ня менш сярод значнае часткі заходніх інтэлектуалаў перамог арабацэнтрычны погляд на канфлікт, што азначае фактычную паразу Ізраілю ў ідэалягічнай вайне.

І ўсё ж, заступніцтва заходніх левалібэралаў можа стацца для палестынцаў мядзьведжай дапамогай. Прыкладам, хваля байкатаваньня ізраільскіх акадэмічных установаў і гандлю, якая цяперака набывае моц у Заходняй Эўропе, наўрад ці палепшыць цяжкое становішча палестынцаў. У рэшце рэшт, наіўна спадзявацца, што праз аднабаковы ціск на Ізраіль можна пазбыцца глыбокіх супярэчнасьцяў, якія сталіся прычынай жорсткага супрацьстаяньня на Блізкім Усходзе. Горш за тое, доўгатэрмінова ізаляцыя Ізраілю акажацца контрапрадуктыўнай, бо правакуe арабаў адмовіцца ад памяркоўнасьці й дыялёгу з суседам.

Што ж да мілітарнага фронту асымэтрычнага канфлікту, няпэўныя вынікі Другое лібанскае вайны ўлетку 2006 году ў чарговы раз засьведчылі неэфэктыўнасьць авіяцыі й танкавых частак у змаганьні супраць добра ўзброенае парамілітарнае пяхоты. Гэтак непераможная рэпутацыя ізраільскага войска была пастаўленая пад сумнеў, што ўзмацніла рэваншысцкія сілы ўнутры арабскіх краінаў.

Сучасны досьвед паказвае, што, нягледзячы на зацікаўленасьць мацнейшых бакоў у хуткім разьвязаньні, асымэтрычныя канфлікты маюць тэндэнцыю да зацягваньня. Акрамя араба‑ізраільскага супрацьстаяньня прыкладам можа служыць прысутнасьць заходняе кааліцыі ў Іраку й Аўганістане, якая верагодна застанецца фактам геапалітычнага жыцьця на бліжэйшы час. Відавочна, ўжываньне вайсковых сродкаў само па сабе звычайна не прыводзіць да жаданае разрадкі. Альтэрнатыўным падыходам можа быць спроба зьмяніць стратэгічную расстаноўку сілаў у канфлікце. Гэтак, лягічнай падаецца ідэя прыняцьця Ізраілю ў NАТО, падтрыманая між іншым былым міністрам замежных справаў Нямеччыны Ёшкам Фішэрам. Сяброўства Ізраілю ў NАТО дало б гэтай краіне патрэбныя гарантыі бясьпекі й зрабіла б ейны адыход зь пераважна арабскіх тэрыторыяў меньш рызыкоўным. Акрамя таго, гэта магло б дапамагчы прадухіліць больш небясьпечны экзыстэнцыйны канфлікт Ізраілю зь Іранам. Аднак жа у зьвязку з моцнымі антыізраільскімі настроямі ў заходнеэўрапейскіх палітычных элітах уступленьне Ізраілю ў NАТО выглядае пакуль што маларэальным. Гэта можа азначаць, што блізкаўсходні асымэтрычны канфлікт усё яшчэ далёкі ад мірнага вырашэньня.

Сяржук Вінаградаў

Каментары7

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Мінска п'яны кіроўца пратараніў слуп

У Беларусі пабачылі палярнае ззянне2

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам25

Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі

Аляксандр Авечкін стаў другім хакеістам у гісторыі НХЛ, які закінуў 1000 шайб3

Перад сустрэчай з Лукашэнкам Коўла забаўлялі расказамі пра зімовую рыбалку5

Беларускі мотагоншчык цудам выжыў пасля падзення са скалы 1

Заходнія дыпламаты паўдзельнічалі ў жалобных мерапрыемствах у Хатыні10

Не толькі ў Беларусі. Продажы кітайскіх аўто ў Еўропе растуць шалёнымі тэмпамі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць