Лісты ў рэдакцыю
Добры дзень, шаноўная «Наша Нiва»!
Сучасны антыдэмакратычны рэжым робiць усё, каб пазбавiць беларусаў усяго беларускага. Зачыняюцца беларускiя школы, душацца газэты, забараняюцца мастацкiя выставы, не выдаюцца беларускiя кнiгi. Улады цалкам iгнаруюць беларускую культуру. Нават дзецям вядома, што ў сфэры культуры адна з самых малых заработная плата. На беларускiм тэлебачаньнi большасьць перадачаў — расейскамоўныя, цалкам адсутнiчаюць беларускамоўныя мастацкiя фiльмы. Беларус, якi плоцiць усе падаткi, ня мае магчымасьцi ў сваёй дзяржаве набыць ня толькi беларускамоўную вiдэакасэту цi музычны кампак-дыск, а нават беларускую паштоўку. У мяне такое ўражаньне, што Мiнiстэрства культуры iснуе толькi як дэкарацыя для адпаведных асобаў i ня толькi не разьвiвае беларускую культуру, а нават зусiм не абараняе. Усё беларускае зьнiкае проста на вачах. Калi так будзе працягвацца, то беларуская культура зьнiкне, як зьнiклi культуры iнкаў цi мая. Адзiным сьвежым подыхам у гэтым царстве цьмы ёсьць рэдкае зьяўленьне вашай газэты, якую я прачытваю за адзiн вечар i чакаю наступны нумар аж два тыднi. Таму я зь вялiкай занепакоенасьцю сустрэў гэтую, вядома, замоўленую валтузьню тандэма Падгайнага i Жураўскага з чарговым папярэджаньнем аб надуманым парушэньнi Закона аб друку газэтай «Наша Нiва». Мне незразумела, чаму Падгайны павiнен вырашаць, на якой мове мне, беларусу, чытаць газэты? Я ж не забараняю яму чытаць «Советскую Белоруссию», хаця ўжо даўно няма, дзякуючы стараньням ягонага шэфа, ня толькi мясцовых саветаў, а нават разагнаны i Вярхоўны Савет. Пры тым ён чытае сваю газэту, выпiсаную за дзяржаўныя грошы (я ў гэтым упэўнены), а я «Нашу Нiву» — за свае, заробленыя цяжкай працай у лiцейным цэху.
Таму хочацца падзякаваць рэдакцыі «Нашай Нiвы» за яе самаахвярную працу ў гэтых цяжкiх, неспрыяльных для ўсяго беларускага ўмовах i пажадаць так трымацца i далей. Мы, чытачы «Нашай Нiвы», падтрымлiваем вас. Хай жыве Беларусь i «Наша Нiва»!
Мiхась Сазон,
рабочы-лiцейшчык, Менск
Дзень добры, «Наша Нiва»!
Паважаны спадар рэдактар, а таксама ўсе супрацоўнiкi ўлюбёнай газэты, жадаю выказаць вам сваю шчырую падтрымку ў сытуацыi, у якой вы апынулiся. Спадзяюся, што разам мы неяк вытрымаем гэты зьдзек з нашае Айчыны i павернемся да нармалёвага эўрапейскага разьвiцьця. Было б вельмi цяжка згубiць тую падтрымку, якую я атрымлiваю, чытаючы НАШУ газэту. На жаль, «Наша Нiва» — адзiная сапраўды беларуская газэта ў краiне. Некалi я з такiм самым iмпэтам чакаў прыходу «Свабоды», але шок, атрыманы пры пераходзе яе на бальшавiцкi правапiс, прымусiў на пэўны час адмовiцца ад падпiскi. Толькi «дзякуючы» дэфiцыту iнфармацыi нашая сям’я вярнулася да гэтай газэты. Спадзяюся, гэтага не адбудзецца з «Нашай Нiвай». Тарашкевiца, гэтаксама, як i герб са сьцягам, ледзь не адзiнае, што ў нас засталося. Гэта той падмурак, зь якога паўстане (я ў гэтым упэўнены) сапраўдная Беларуская дзяржава. Дык трымаймася разам гэтага падмурку i захавайма яго ў чысьцiнi. Бо разьбiць чыстую пароду заўсёды цяжэй, чым усю гэтую бальшавiцкую i iмпэрскую мешанiну, дарэчы, яна й сама не вытрымлiвае выпрабаваньня часам. Шкада, што ўся астатняя апазыцыйная прэса не разумее патрэбы вяртаньня да нармалёвага правапiсу. Але, дзякуй Богу, ёсьць «Наша Нiва», вакол якой могуць гуртавацца нармальныя людзi. Праз пэўны час, я лiчу, менавiта ваша газэта будзе ўзорам, на якi прыйдзецца раўняцца (каб набыць выкшталцонасьць) iншай прэсе. На вашу просьбу i каб не згубiць сувязi, дасылаю вам свой падпiсны квiток.
Яшчэ прашу залiчыць мяне ў лiк падпiсантаў Хартыi-97, можа i са спазьненьнем, але гэта лепей, чым нiколi.
Мне прыйшлася даспадобы iдэя аднаўленьня БНР. Гэта, вiдаць, нязбыўная мара, якая зьбiрае вакол сябе iдэалiстаў, але толькi iдэалiсты i рухаюць наперад жыцьцё, а пазьней зьяўляюцца прагматыкi i ажыцьцяўляюць iхныя iдэi. Таму лiчу для сябе вялiкiм гонарам дамагчыся грамадзянства БНР, толькi ня ведаю, куды зьвяртацца. Было б цудоўна, каб вы патлумачылi праз газэту.
Трымайцеся, падтрымка вашых чытачоў бясспрэчная. Бяз вас адной радасьцю ў жыцьцi стане менш, а iх i так няшмат.
З павагаю,
Юры Мандрык,
27 гадоў, Лiда.
P.S. Мы зь сябрамi зьбiраемся ў Лiдзе арганiзаваць рыцарскi клюб. Было б цудоўна больш падрабязна даведацца праз вашу газэту пра дзейнасьць такiх клюбаў у Беларусi. Пакуль.
Дзень добры, шаноўны спадар рэдактар!
Пiшу да Вас з нагоды надрукаваньня ў «Нашай Нiве» артыкула «Мёртвы хапае жывога», якi даў штуршок, стымул разьвiць тэму мовы.
Так, я цалкам салiдарны з рэдакцыяй i падтрымлiваю Вас у абароне сапраўднага правапiсу. Але гэтая падтрымка — звычаем, ня йнакш.
Мяне хвалюе iншае. Цытую (можа Вас, а можа й не): «Цалкам трэба пагадзiцца хiба з тым, што мы мала пiшам пра мову i тое, што зь ёю адбываецца сёньня» («НН», №33 (71), 18 лiстапада 1996 году, «Размова з чытачамi»). Тады рэдакцыя прыняла заўвагу наконт нязначнай iнфармацыi пра мову. I што зьмянiлася? Напачатку 1997 году — артыкул «Мова наша i ваша», наступныя нумары — толькi некалькi невялiчкiх артыкулаў пра правапiс словаў, пра слоўнiкi. I справа замёрла...
Зьдзiўляе, што газэта — адзiная газэта «зь мяккiмi знакамi» — зусiм не распавядае пра гэтую, НАШУЮ мову, мову прыгажосьцi й Адраджэньня! Варта было б працягваць надалей гутарку пра мову, пра лёс мовы, друкаваць артыкулы, прапагандаваць, захапляцца ёю, а ня толькi друкаваць на ёй газэту.
На хвалях Беларускай Рэдакцыi Польскага Радыё iснуе цудоўны цыкль: «Беларуская эмiграцыя пра беларускую мову», хоць перадача гэтая (да таго ж — штотыднёвая), невялiчкая па аб’ёме. Ведаю, што ў «НН» ёсьць сувязi з Польскiм Радыё, i рэдакцыя газэты магла б друкаваць тое, што прапануюць яны цi сама апрацоўваць матэрыялы эмiграцыйнай прэсы пра мову.
Мне б вельмi хацелася ўбачыць на старонках Вашае газэты рубрыку «Мова», дзе б друкаваўся, прыкладам, Станiслаў Станкевiч — у кожным нумары, цi хаця б убачыць наступную тэму «Нашай Нiвы» пад назвай «Страчаная мова».
Таксама хацелася б разьвiць тэму суiснаваньня ў сёньняшняй Беларусi «наркомаўкi» ды «тарашкевiцы». Што рабiцьме чалавек, той жа «грамафонец», якi ўсьвядомiў важнасьць сапраўднае мовы? Iсьцi ў дзяржаўныя выданьнi? Пiсаць i друкавацца тым халодным савецкiм правапiсам, што пануе зараз у газэтах i часопiсах? Пра гэты бок праблемы таксама хацелася б пачытаць у газэце.
З павагай
Юры Чарнякевiч,
Пiнск.
Добры дзень, шаноўная «Наша Нiва»!
Абставiны склалiся такiм чынам, што я сама меней два разы на дзень праходжу паўз рэшткi менскага Верхняга Гораду. Шкада, але кожны шпацыр па гэтых мясьцiнах робiцца для мяне мiнi-стрэсам, бо гэта адзiна магчымая рэакцыя на дзейнасьць АТ «Стары Менск», якое з бульдозэрнай упартасьцю нiшчыць архiтэктурныя помнiкi. Па дзiўнай гiронii лёсу, адзiным больш-менш некранутым будынкам застаўся спэцаддзел КГБ, якi многiя наiўна лiчаць «вайсковай установай», дарма што нiякай шыльдай ён не адзначаны.
Пасьля залевы апошнiх дзён Верхнi Горад патанае ў брудзе, бо вакол тых будынкаў, рэстаўрацыя якiх яшчэ вядзецца, ужо не засталося анi бруку, анi травы, а толькi сырая глеба. Зрэшты, такое становiшча мае i свае станоўчыя бакi: саматужныя археолягi, да якiх я ў пэўнай ступенi адношу i сябе, заўсёды знаходзяць нешта цiкавае ў шматлiкiх раскопах. Асаблiва шмат трапляецца ашкялепкаў глiнянага посуду самых розных формаў i памераў. I чалавечых костак.
Калi вы ўважлiва агледзiце глебу каля Дому масонаў, дык абавязкова заўважыце вялiзную колькасьць пабiтай на драбкi палiванай белай кафлi, якою калiсьцi абкладалi печы, камiны беларускiя майстры. Але ж кафлю ня выкiнеш, як посуд, у вакно. Яе мэтанакiравана «дэмантавалi» (лiчы — зьдзёрлi) з цэглы. Цi можаце вы ўявiць сабе, каб жыхары дому зьнiшчылi сваю печ, якая зьяўляецца адзiным сродкам ацяплiць памяшканьне? Вiдавочна, не. Значыцца, кафля знiшчалася ў наш час. Вядома: нашто печы сучасным бiзнэсоўцам, калi iснуюць ацяпляльнiкi паветра, кандыцыянэры i г.д.?
Якасна аднавiць кафляную кладку надзвычай складана, а спэцыялiстаў, якiя займаюцца гэтай справай у Беларусi, можна пералiчыць па пальцах. Непрыемна ўражвае той факт, што нават адноўленую кафлю часам спасьцiгае няўдалы лёс. Так, пасьля пажару ў музэi на былым лецiшчы I.Рэпiна ў Здраўнёва пад Вiцебскам, кафлю, рэстаўрацыю якой правёў майстра зь Менску Ўладзiмер Кудрыцкi, падобным чынам «дэмантавалi», нягледзячы на тое, што агонь яе не пашкодзiў, бо гэта проста немагчыма ў прынцыпе. Гэта, на вялiкi жаль, адзiн са шматлiкiх прыкладаў пачварнай недасьведчанасьцi тых, хто прыватызаваў нашую культурную спадчыну.
Ды трасца зь iмi, прыватызатарамi. Нашыя «патрыёты» з пачатковай адукацыяй часам робяць ня меншую шкоду. Чаго варты надпiс «Жыве Беларусь», якi нехта вывеў балёнчыкам на адным з аўтэнтычных будынкаў сядзiбы Ваньковiчаў (Iнтэрнацыянальная, 33Б). Камэнтары да гэта ўчынку непатрэбныя.
Мы пiкетуем амбасады ды рэзыдэнцыi. Чаму б не правесьцi пiкет фiлii Нацыянальнай бiблiятэкi (Iнтэрнацянальная, 31)? Спадарства, трэба сьпяшацца, бо празь месяц, а то й меней, аб’ект пiкетаваньня можа зьнiкнуць як архiтэктурны помнiк. Сьвежы прыклад — унiкальныя драўляныя перакрыцьцi, пра якiя пiсалi Ўладзiмер Дзянiсаў («Ва-банк») i Вiктар Мухiн («Гэта мы»), ужо збольшага незваротна зьнiшчаныя.
Спадарства, нас рабуюць! Хопiць спаць у шапку, бо хутка i яе сьцягнуць!
Алесь Менскi,
Менск
REDUCTION AD ABSURDUM
Мой малады сябра сказаў мне ў парыве юнацкага максымалiзму: каб ня Ж.-П.Сартр, то я б напiсаў «Млосьць». Яму ў яго гады ўжо млосна. Ён спазнаў абсурд. Сьпярша, што натуральна ў юнацтве, мэтафiзычны, а потым, калi выйшаў навонкi са свайго вiртуальнага сьвету, — i рэальны.
Ён рытарычна пытаецца: вось гэтыя людзi, якiя выцiраюць са сьцяны надпiс «Жыве Беларусь!», сапраўды ня хочуць, каб жыла краiна? А каб тыя словы ўзяць у двукосьсе i падпiсаць iмем Янкi Купалы, то зноў бы зьнiшчылi? Тут зьменiцца кантэкст, кажу я, а сэнс, якi кожны бачыць па-свойму, застанецца тым жа. Праблема — у iхным зроку. Прыкладам, твой значак «Пагоня» яны ўспрымаюць як сымбаль тваёй прыналежнасьцi да БНФ. Адкуль iм ведаць, што гэта верш паэта аднойчы ўрэчаiсьнiўся на тваiх грудзёх. I мову тваю «люди с забинтованными лбами» ўспрымаюць гэтаксама. Вось дзе абсурд, кажа сябра.
Што я мог дадаць да таго, што прамаўляла яму рэчаiснасьць i што ён зьведаў у Дастаеўскага, Камю ды Сартра? Адно падумалася. Дастаеўскi, каб пераканаўча давесьцi аблуднасьць тэорыяў сваiх iдэйных герояў, ужываў матэматычны мэтад, вядомы яшчэ з часоў Эўклiда — reduction ad absurdum (прывядзеньне да абсурду). Ён дазваляў героям дзейнiчаць у адпаведнасьцi зь iх тэорыямi датуль, пакуль яны не прыходзiлi да абсурду, то бок супярэчнасьцi з агульналюдзкiмi каштоўнасьцямi. Затым пачыналiся пакуты сумленьня i пакаяньне ў зьдзейсьненых грахах.
Сёньня знайшоўся чалавек, якi наважыўся напiсаць уражвальны твор — найноўшую гiсторыю Беларусi. Адначасна ён выступае ў якасьцi галоўнага героя. Ён творца абсурду. Гэты «пiсьменьнiк» даводзiць усяму сьвету, што станецца з краiнай, калi рабiць усё па-ягонаму. Каб сьвет выразна зразумеў аблуднасьць выбранага шляху.
Паглядзiце, — чуецца са старонак твору, у што можна ператвараць народ! Ён ня хоча быць вольным, культурным, заможным, ня хоча БЫЦЬ. Яго прадстаўнiкi зьбiваюць паветраныя шары, дэпутатаў у залi парлямэнту, дзяцей i жанчын на вулiцах, вучаць па школах фальсыфiкаванай гiсторыi. Яго прывучваюць жыць у Зоне. Тут злачынцы ўважаюцца за герояў i наадварот. Паглядзiце ў люстэрка гэтага жыцьця — БТ: да якога стану можна давесьцi журналiстыку, ператварыўшы яе ў нешта процiлеглае. Замена знакаў з плюса на мiнус i наадварот заўважная паўсюдна. Вы там, на Захадзе, чыталi «1984» Оруэла як фантастычны раман. Прыяжджайце на нашу «фэрму» — пабачыце рэалii таталiтарызму. Вы хацелi б мець у сябе ГЭТА?
Пiсьменьнiк папiсвае, а нам трэба жыць. Як жыць майму юнаму сябру? Сучасны фiлёзаф прапануе Вiртуальную Беларусь. Зноў вiртуальнае жыцьцё? Цi захоча? Яму трэба жыць сёньня i тут, а ня заўтра i там. Яго бацькi i дзяды не пакiнулi ў спадчыну дом для быцьця. Ён мусiць будаваць яго сам разам зь сябрамi.
Янка Храпавiцкi,
Глыбокае
Добры дзень, «Наша Нiва»!
Спачатку хацеў бы падзякаваць вам за магчымасьць прачытаць «Сьцяну» — зборнiк выдатных твораў апошнiх гадоў Народнага пiсьменьнiка Беларусi i майго любiмага пiсьменьнiка Васiля Быкава. Асабiста я набыў дзясятак асобнiкаў i даслаў сваiм сваякам i сябрам-беларусам у Англiю, Аўстралiю i ЗША. Так што, нягледзячы на ўсе забароны аўтарытарнага рэжыму, творы Васiля Быкава пасьпяхова пераляцелi Атлянтычны i Iндыйскi акiяны i чытаюцца на розных кантынэнтах.
Я таксама цiкаўлюся беларускай песьняй, таму было вельмi прыемна прачытаць на старонках вашай газэты пра супольны праект «Нашай Нiвы» i камэрнага хора «Унiя» — стварэньне сучаснага Беларускага патрыятычнага сьпеўнiка i аднайменнай аўдыёкасэты або кампакт-дыска. Хацелася б ведаць, цi хутка мы iх убачым? Мне здаецца, што для паскарэньня ажыцьцяўленьня падобных праектаў газэта магла б часьцей выкарыстоўваць апрабаваны на «Сьцяне» шлях папярэдняй падпiскi. Мы, вашыя чытачы, чакаем вашых новых, сапраўды цiкавых беларускiх кнiг, якiя, на жаль, у апошнiя гады не выдаюцца дзяржаўнымi выдавецтвамi.
З пашанай,
Вiктар К.,
вучань 9 кл., Менск
Каментары