Архіў

Генадзь Сагановіч. Гісторыя з геаграфіяй

№ 12 (133) 1999 г.


 

Генадзь Сагановіч

Гісторыя з геаграфіяй

 

Землі цяперашніх Гарадоцкага і Шумілінскага раёнаў уваходзілі калісь у Полацкае княства, а потым Гарадок быў у Віцебскай зямлі і паўсталым зь яе Віцебскім павеце, а тэрыторыя Шумілінскага засталася ў павеце Полацкім. У іх дэмаграфічным лёсе цесна перапляліся гісторыі з геаграфіяй.

Наколькі стае гістарычных сьведчаньняў, абшары гэтыя былі заўжды малалюднымі. І першую прычыну таму стварыла прырода: тут ці ня самы халодны раён Беларусі з кароткім вегетатыўным пэрыядам, а глебы неўрадлівыя. Прыродныя ўмовы не спрыялі разьвіцьцю сельскай гаспадаркі, а значыць і росту насельніцтва. Падобна, хлеба тут ніколі не было ў раскошу. Гісторыкам добра вядомы ліст полацкага мітрапаліта да рыжанаў з просьбай прыслаць у Полацак жыта. У 1520-х на забесьпячэньне тутэйшых замкаў збожжа звозілі з іншых раёнаў Беларусі, у прыватнасьці з Панямоньня.

Памежнае становішча гэтай зямлі абярнулася тым, што гэткім жа адмоўным стаў для яе і фактар гістарычны – суседзтва з Маскоўскай дзяржавай, якая вякамі вяла войны. Блізкасьць мяжы стала сапраўдным няшчасьцем. Тут і шляхта не жадала браць зямлі — ня толькі беднай, але і небясьпечнай.

Што да колькасьці жыхароў, дык да сярэдзіны ХVІ ст., мяркуючы па рэвізіях і рэестрах, гэтыя землі былі сярэднезаселенымі. Праўда, ёсьць факты, што ўжо ў 1520-х жыхары папросту ўцякалі ад вайны, нават з добра ўмацаванага Полацка. Але радыкальная дэмаграфічная зьмена зьвязаная з вайной Івана Жахлівага і шаснаццацігадовай акупацыяй паўночнай Беларусі. Край тады папросту вылюднеў. Жыхары, калі не загінулі і ня трапілі ў палон, самі разьбягаліся. Царскія ўпаўнаважаныя наракалі, што, вызначаючы мяжу занятых земляў, яны ня мелі ў каго спытацца пра назвы тых мясьцінаў.

І ў гады Смуты зноў ад Масквы асабліва даставалася Віцебшчыне. Невыпадкова ўжо на сярэдзіну ХVІІ ст. поўнач Беларусі была адным з самых малалюдных раёнаў. Калі на захадзе нашага краю жыло тады па 15—19 чалавек на адным квадратным кілямэтры, дык тут, у Віцебскім павеце – адно крыху больш за 7 асобаў. А на канец Маскоўскай вайны ў Віцебскім павеце не засталося і па 3 чалавекі на квадратны кілямэтар. Фактычна, за гады ўладараньня маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча найбольшыя людзкія страты панесьлі тры памежныя паветы – менавіта Віцебскі і Полацкі, ды яшчэ Мсьціслаўскі, у якіх насельніцтва скарацілася на дзьве траціны і ў два-тры разы было меншым, чым у цэнтры і на захадзе Беларусі.

Застаецца згадаць, што і ў Паўночнай вайне найперш цярпелі нашы паўночныя раёны, дзе стаяла вялізная армія Пятра І. Пазьнейшыя часы нічога істотна не мянялі, і на ХХ ст. гэтыя землі заставаліся своеасаблівай дэмаграфічнай ямай. Улады ж БССР не займаліся справамі народазасяленьня. Хутчэй наадварот, палітыка бальшавікоў і асабліва апошняя вайна спрычыніліся да яшчэ большага вылюдненьня паўночных раёнаў Беларусі.


Каментары

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Яшчэ дзве беларускія фрыстайлісткі выступяць на Алімпіядзе. Склад беларускай дэлегацыі ў Італіі выключна жаночы

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні16

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку12

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў3

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам4

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць