Аўто22

У гэта складана паверыць, але некаторыя аўто ў Беларусі каштуюць нашмат танней, чым у Еўропе. Як такое магчыма?

Беларусы звыклі меркаваць, што аўтамабілі ў Еўропе каштуюць значна танней, чым у Беларусі. Але праз сусветную экспансію кітайскіх аўтавытворцаў баланс пачаў змяняцца.

Фота: dongfeng.latvija / Instagram

Кітайскія маркі заваёўваюць рынак Еўропы

У Беларусі кітайскія аўтамабілі ўжо паспелі стаць паўсядзённасцю. Моцным штуршком для росту іх папулярнасці стала тое, што з Расіі сышлі сусветныя аўтавытворцы пасля развязвання ёй поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а на Расію і пазней на Беларусь былі накладзеныя шматлікія санкцыі, частка з якіх тычыцца акурат аўтамабіляў.

Ужо па выніках 2025 года (з улікам Belgee) каля 70% продажаў новых аўто ў Беларусі прыходзілася на кітайскія маркі.

І калі ў выпадку з Беларуссю любоў да кітайскіх машын шмат у чым абумоўлена адсутнасцю альтэрнатыў, бо ў салонах зніклі папулярныя раней VW, Renault, Hyundai ды іншыя сусветныя маркі аўто расійскай зборкі, то ў Еўропе сітуацыя зусім іншая.

Пры гэтым ужо летам 2026 года доля кітайскіх аўто ў продажах у Еўропе дасягнула амаль 11%. А ў суседняй Польшчы па выніках жніўня больш за 15% рэгістрацый новых аўто прыпала на кітайскія маркі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мыта не перашкода

І гэта пры ўмовах, што кітайскія электрамабілі ў Еўрасаюзе апроч стандартных 10% мыта абкладаюцца дадатковымі, якія ў залежнасці ад канкрэтнага вытворцы вагаюцца ад 17 да 35%. Ніякіх ільгот па ПДВ таксама няма.

Для аўто з рухавіком унутранага згарання і ў тым ліку гібрыдаў дзейнічаюць стандартныя 10% мыта плюс ПДВ, які ў выпадку з Польшчай складае 23%.

Праз гэта кітайская аўто ў Еўропе каштуюць даражэй, чым у Беларусі. Асабліва, калі гаворка ідзе пра электрычкі. 

Розніца ў цэнах шакуе

Напрыклад, кампактны электрамабіль Dongfeng BOX, які ў 2025 годзе стаў самым папулярным электрамабілем у Беларусі, прадаецца па цэнах ад 50 700 рублёў (каля 15 000 еўра). 

Скрыншоты: dongfeng.by і dongfengmotor.com.pl

У Польшчы цэны на такі самы аўтамабіль пачынаюцца з 99 900 злотых (каля 22 700 еўра). Розніца абумоўлена тым, што гэта менавіта электрамабіль і на яго распаўсюджваецца дадатковае мыта ЕС.

У выпадку з бензінавымі аўто розніца меншая. Так, седан Dongfeng Shine ў Беларусі каштуе ад 60 100 рублёў (каля 17 800 еўра), а ў Польшчы — ад 84 900 злотых (каля 19 300 еўра).

Цэны на красовер Huge у Беларусі пачынаюцца з 95 300 рублёў (каля 28 200 еўра), а ў Польшчы такі самы аўтамабіль прадаюць ад 134 900 злотых (каля 30 700 еўра).

Geely Польшча VS Беларусь

На польскі рынак добра вядомы беларусам Geely афіцыйна прыйшоў толькі летам 2025 года і пакуль прадстаўлены ўсяго трыма мадэлямі: электрычкамі Е2 і Е5 і гібрыдам Starray EM-i. Агулам з улікам шэрага імпарту (такі ў Польшчы таксама ёсць) за восем месяцаў 2026 года ў Польшчы зарэгістравалі 1166 новых аўто маркі Geely. Гэта дазволіла Geely усяго праз год пасля прыходу на польскі рынак заняць 10‑е месца па папулярнасці сярод усіх 29 кітайскіх брэндаў, якія прадаюцца ў Польшчы.

Што да розніцы ў цэнах, то яна проста шакавальная. Электрычны кросовер Geely EX5 Pro беларускай зборкі ў нас каштуе ад 73 900 рублёў (каля 22 000 еўра). У Польшчы такі самы электрамабіль, толькі кітайскай зборкі, Geely E5 Pro (розніца ў назве мадэлі залежыць ад рынку), каштуе ад 169 900 злотых, што складае каля 38 600 еўра.

Скрыншоты: geely-minsk.by і geelyauto.pl

Але істотная розніца ў цане на кітайскія аўто існуе і ў выпадку, калі размова ідзе пра аўто, якія ў абедзвюх краінах пастаўляюцца неафіцыйна.

Напрыклад, патрыманы электрычны спартыўны седан Xiaomi SU7 у Беларусі прадаецца па цэнах ад 110 тысяч рублёў (каля 32 500 еўра) за аўто 2024 года выпуску. У Польшчы цэны на такія аўто пачынаюцца з 210 тысяч злотых (каля 47 700 еўра).

Беларусь — рай для электрамабіляў?

Уся рэч у тым, што ў Беларусі вельмі спрыяльныя ўмовы для імпарту электрамабіляў. Да вычэрпвання квоты, якая для юрыдычных асоб была выкарыстана 24 ліпеня, а для фізічных — 5 верасня, электрамабілі ў Беларусь заязджалі пад 0% мыта.

Але нават пасля таго, як устаноўленыя на ўзроўні ЕАЭС квоты на бязмытны ўвоз скончыліся, імпарт электрычак усё адно даволі танны. Мыта на іх складае 15%, а калі аўто ў краіну ўвозіць ільготнік, то, адпаведна, 7,5%. Што да ПДВ, то электрамабілі маюць гэтую ільготу да 1 студзеня 2029 года.

Таму нават калі на наступны год ЕАЭС не вылучыць квоты на бязмытны ўвоз электракараў, іх імпарт не стане нашмат даражэйшым і яны ўсё адно будуць каштаваць танней, чым у суседніх краінах ЕС, дзе, апроч пошліны ад 10 да 45%, існуе яшчэ і стандартны ПДВ.

Апроч таго, у Беларусі каштуюць танней, чым у Еўропе, кітайскія аўтамабілі, якія збіраюць у Беларусі. І гэта не толькі Geely/Belgee, але і Dongfeng ды некаторыя іншыя маркі.

Belgee па-за канкурэнцыяй

Таму калі глядзець на мадэльны шэраг Belgee агулам і Belgee S50 або красовер Х50 у прыватнасці, то з улікам цаны ў 17250 — 17450 еўра можна сказаць, што ў краінах Еўрасаюза канкурэнтаў ім амаль не існуе.

Танней за іх — толькі бюджэтны хэтчбэк Dacia Sandero. А калі разглядаць красоверы з АКПП, то самая танная Dacia Duster у Польшчы каштуе 20 100 еўра, што на 2650 еўра даражэй за самую танную Х50 з АКПП.

Скрыншот: dacia.pl і belgee.by

Што да аўто заходніх брэндаў, то, вядома, яны ў Еўропе каштуюць танней, чым у Беларусі. Асабліва калі браць новыя аўто, імпарт якіх у нашу краіну амаль цалкам спыніўся. У выніку беларускі аўтапарк за апошнюю пяцігодку максімальна аддаліўся ад еўрапейскага.

Каментары2

  • Ахаха
    11.10.2026
    Скоро поляки будут приезжать на закупы в Беларусь.
  • нет слов
    11.10.2026
    Ахаха, Немецкий автопром закрывается, нишу заняли стремительно развивающийся автопром Китая. Браво, санкционщики, браво ! ))) Гениально ! Премию Дарвина !
    " Сам усрамся, но не сдамся." (с)

Цяпер чытаюць

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта79

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі рэцыдывіст, які нідзе не працаваў, акрамя калоній, пайшоў ваяваць за Расію. Цяпер у палоне3

«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску59

ЗША пагражаюць Украіне спыненнем перадачы разведвальных даных, калі ўдары па расійскіх НПЗ працягнуцца41

Скардзіўся на болі, а потым знік. Як ідуць пошукі мінчука, які прапаў два тыдні таму1

«Сантэхнік, забойца пенсіянеркі». Польшча расследуе справу з рэкорднай колькасцю ахвяр5

У Кітаі ўжо даўно няма палітыкі аднаго дзіцяці, але людзі не хочуць нараджаць больш. Чаму?7

На сустрэчы ў Маямі прадстаўнікоў Украіны і Захаду вялася гаворка аб спыненні баёў да зімы4

Расіяне ўдарылі КАБамі па пяціпавярховіку ў Запарожжы: сем чалавек загінула

Мужчына выклаў у інстаграм фота з джунгляў. Аказалася, ён выпадкова зняў невядомы навуцы гіганцкі від расліны2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта79

Трамп: Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць