Архіў

100 твораў мастацтва ХХ ст.: Аляксандар Кішчанка. Чаканьне

№ 14 (135) 1999 г.


100 твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

 

Аляксандар Кішчанка. Чаканьне

 

Першапачаткова гэтую карціну сам мастак назваў «Партрэт маці»... Напісаны з натуры вобраз вясковае кабеты, не прызначаны для нейкіх выставаў, меў для яго прыватнае, інтымнае значэньне. Ён, тады яшчэ малады мастак, нібы Адысэй, павандраваўшы ды павучыўшыся ў розных кутках шостае часткі сьвету, акрылёны ўласнымі посьпехамі, хацеў давесьці сваё права мастаком звацца. Бадай, для маці гэта была пачэсная роля — пабыць крыху мадэльлю для сына. Як не ганарыцца — выбіўся ў людзі, вучыўся далёка ва Ўкраіне, стаў выкладчыкам у інстытуце ў далёкай Беларусі. Кабета сядзіць напружана, з усёй адказнасьцю разумеючы сваю ролю. Позірк яе зьвернуты проста на гледача. Гледачом у той момант быў сын...

Кішчанка ня лесьціў сваёй маці. Немалады твар, вялікія рукі, вельмі вялікія пальцы, у якіх прападае і сьцізорык, і бульбіна. Уся пастава спрацаванага й моцнага чалавека сабраная ў цёмны абрыс, нібы манумэнт у гонар усіх вясковых мацярок... Адно вочы, чыстыя й спакойныя, ад якіх праменіцца сьвятло, што кладзецца залацістымі блікамі навокал, нагадваюць нам, што гэта жывы чалавек. Яны асьвятляюць сусьвет гэтае жанчыны, простыя рэчы, сьведкаў простага побыту, спрадвечнага ладу...

Кішчанка лесьціў сабе. Міжволі пазнаеш і ягоныя рысы ў гэтым партрэце. І вочы, шырока расстаўленыя, сьветлыя, пад спакойна ўзьнятымі бровамі. На свой кошт ён адносіў і гэты гімн працы, у якім няма месца спакою ні на хвіліну, як тым сялянскім рукам, што ў поўнай нерухомасьці ўсё адно рухаюцца, абіраючы бульбу... Дакладней, вось ён, пункт адліку ягонае нястомнае працы, ягонага пазьнейшага глябалізму. Зрэшты, небеспадстаўна.

Ягоная працаздольнасьць, шырыня творчых захапленьняў былі непараўнальныя. Ягоная слава ў БССР таксама пераходзiла ўсялякiя межы савецкага ўяўленьня. Росьпiсы ў санаторыi «Беларусь» у Крыме, гiганцкiя мазаiкi на Юбiлейнай плошчы i на гатэлi «Турыст» у Менску, вялiзарныя, у 10 паверхаў, пано на дамах у мiкрараёне «Ўсход». Сотнi жывапiсных работаў пазнавальнага «аплiкатыўнага» стылю, вывешаных у розных музэях СССР i растыражаваных у маскоўскiх i менскiх альбомах. Асобная рэч — габэлены Кiшчанкi. Вядома, габэленавае мастацтва йснавала ў Менску i да яго. Але пры iм габэлен стаў часткаю iдэалягiчнага будаўнiцтва ў БССР. Вядома, тое, што габэлены рабiў сам мастак, трэба ўспрымаць умоўна. Яны ткалiся дзясяткамi майстрых на габэленавай фабрыцы. Габэлены для ЦК КПБ, вырабленыя супольна зь Міхаілам Савіцкім, прысьвечаныя бальшавіцкім тэмам, і да сёньня вісяць у тым самым будынку. А таксама для тэатраў Менску i Вiцебску, для амбасадаў, для гатэльных холаў, аграмадны габэлен — заслона для Тэатру музычнае камэдыi...

Асобная старонка ў творчасьцi Кiшчанкi адкрылася зь незалежнасьцю Беларусi. Ягоны габэлен «Чарнобыль» пабачыў Нью-Ёрк. Гэты габэлен цяпер вiсiць у ААН. Самай вялiкай кропкаю (15 на 19 мэтраў), у творчасьцi Кiшчанкi стаў габэлен «Дваццатае стагодзьдзе» вагою ў чвэрць тоны, які й да сёньня няма дзе экспанаваць.

Тым часам, «Партрэт маці» пачаў звацца «Чаканьнем»... Чыім чаканьнем? Ці чакаў Кішчанка, калі, нарэшце, ён зможа пабыць самім сабою, адрынуць бясконцы колазварот бягучых, усё большых замоваў? Ці чакалі яго на радзіме?

Канфармiзм — iмкненьне да посьпеху ва ўмовах, пры якiх iншага шляху няма. Аляксандар Кiшчанка ўсё жыцьцё прагнуў славы й татальнага ўплыву на людзей і дасягнуў сваiх мэтаў, пакуль быў жывы. Па сьмерці плён ягонае творчасьцi апынуўся незапатрабаваным. Народны мастак Беларусі, Кiшчанка, якi ў свой час быў адным з самых заможных людзей краiны, памёр, ледзь зводзячы канцы з канцамi. Дзяржаўны бюджэт ужо не прадугледжвае выдаткаў на дзяржаўных мастакоў. Шмат што зь ягонае творчасьці забудзецца раней, чым ён сам. А «Чаканьне» застанецца, каб згадаць, чым ёсьць канфармізм у творчасьці. Дакладней, дзе ягоная мяжа: да і пасьля...

У райцэнтры Багучар, на радзiме Кiшчанкi, у музэi баявое i працоўнае славы, засталася расьпiсаная iм заля i габэлен «Мой родны край»... Ягоная маці яго гэтак і не дачакалася. Што б сталася, каб ён такі вярнуўся дахаты зь Беларусі? Бадай, пра яго мы б цяпер і ня ведалі...

Сяргей Харэўскі


 

Аляксандар Кішчанка (1933, в. Белы Калодзеж, Расея — 1997, Менск) жывапісец, габэленшчык, мазаічыст. Пэдагог. У 1960 годзе скончыў Інстытут ужытковага й дэкаратыўнага мастацтва ў Львове. З 1963 па 1970 выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Народны мастак Беларусі.


Каментары

Цяпер чытаюць

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа8

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі

Старэйшы сын Трампа дапусціў, што бацька можа пакінуць мірны працэс ва Украіне16

Cмехаёга: мастацтва выклікаць смех штучна2

Лукашэнка на перамовах у Амане ўставіў такое слова, што перакладчыца на арабскую разгубілася8

У Лідзе пабраліся шлюбам 15‑гадовыя хлопец і дзяўчына. Самай маладой маме Гродзеншчыны таксама 156

Фрыдман: Трампа цалкам задаволіць аўтарытарны рэжым у Мінску, які працягне арыентавацца на Расію17

«У плане былі яшчэ некалькі краін». Маршрут Лукашэнкі складалі так, каб не надта біла па здароўі5

«У Заліве так прынята». Эйсмант апраўдалася, чаму Лукашэнка лётаў у Аман з сынамі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць