Архіў

Сяргей Харэўскі. Большы за свой народ

№ 8 (165), 21 — 27 лютага 2000 г.


 

Большы за свой народ

 

Нават калі ня ведаеш, хто такі Багушэвіч, гледзячы на ягоны бюст работы Азгура, што ў Жупранах, адчуеш веліч асобы. Багатыр-паўстанец, паэт. А калі і ў гэтым не разьбірацца, усё адно міжволі запаважаеш гэты вусаты-барадаты партрэт энэргічнага дзядзькі, пастаўлены блізу новагатычнага касьцёла. І праўда, колькі ні прыгадвай іншых вобразаў аўтара «Дудкі беларускай», нічога лепшага ня ўспомніш. Гэты ж бюст быў пастаўлены яшчэ ў 59-м, напрыканцы сталіншчыны, напрадвесьні хрушчоўшчыны. Азгур тут выявіўся ня толькі як таленавіты майстра, але і як тонкі знаўца палітычнае кан’юнктуры... Гэтага яму было не займаць. У 20-х ён ляпіў Зьмітрака Бядулю й скульптара Бразэра, на пачатку 30-х Дзяржынскага й Мясьнікова, пасьля Сталіна, Мао і Энвэра Ходжу. А па вайне, у 47-м (зусім нечаканы выкрунтас) зрабіў партрэты Скарыны й Цёткі. Шмат пазьней, у 80-м, ці то з натхненьня, ці то з кан’юнктурнага чуцьця Азгур раптам зрабіў Гусоўскага. Увага! Гэта быў першы плястычны вобраз паэта-лацініста ў жанры аб’ёмнай скульптуры. А паміж тым Багушэвічам і гэтым Гусоўскім — сотні Марксаў, Энгельсаў, Ленінаў...

Усё творчае жыцьцё перад скульптарам разыходзілася сама меней па трох сьцяжынах: у жыдоўскі бок, у беларускі і ў камуністычны.

Што да жыдоўства Азгура, дык яно скончылася недзе да вайны, разам з тузінам вобразаў жыдоў-дзячоў культуры й дзяржавы. Бадай, разам з рэпрэсіямі супраць тых, чые партрэты ён ствараў. Чаму не вяртаўся да гэтага пазьней? Таму што хацеў быць вельмі, вельмі вялікім. Большым за свой народ. Вось жа й Галакосту ён не прысьвяціў нічога...

Што да беларушчыны, дык яна заўсёды была побач. Сяброўства з Коласам ды Крапівом не прайшло бясьсьледна. Можна распавядаць багата показак пра «Коласа на кучы» ці «самую вялікую статуэтку», аднак менавіта гэткі Колас пасуе архітэктуры й маштабу аднайменнай плошчы. Што да шчырасьці скульптара — гэта крытэрый няўлоўны. Праўда тое, што ў цені дзядзькі Коласа ўтульна пачуваюць сябе маніфэстанты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, на якіх задуменна пазірае паэт-калос.

А з камунізмам, па гіроніі, справы ў Азгура ня клеіліся. Кожнага разу, ухапіўшы павеў, ён прыпазьняўся з рэалізацыяй сваіх ідэяў... Неяк мой сябра прынес сувэнір — невялікую скульптуру Сталіна, пафарбаваную бронзавай фарбаю, з цэтлікам на шыі «З. Азгур. І.В.Сталін. 1950». Скульптура валялася на сьметніку ў дварах мастацкага музэю. Сябра сказаў, што гэткага дабра там было навалам... Помнік Сталіну ў Менску прастаяў толькі 4 гады, пра Мао ў СССР не было прынята згадваць ужо з 50-га і гэтак далей, нават Ленін з Марксам не пасьпелі дастаяць 10-ці гадоў перад ЦК КПБ. Іх зьвезьлі ў невядомым накірунку ў 91-м...

Азгуравы Леніны добра пастаялі ў Казахстане, Расеі, Асеціі, Дагестане, Украіне. Але і іх, напэўна, больш няма.

Недзе ў пыльных запасьніках перахоўваецца ягоная інтэрнацыянальная сэрыя 50-х гадоў. Каго там толькі няма! Ад Кім Ір Сэна да Хо Шы Міна. Які лёс чакае іх?

Лепшая работа з тае сэрыі — партрэт Рабіндраната Тагора — сустракае наведнікаў Нацыянальнага мастацкага музэю, каля шатні. Прыгожая рэч. Праўда, колькі прамінае тых наведнікаў, гэтулькі застаецца пытаньняў. Хто такі? Чаму тут?

Калі недалёк ад вуліцы Пуліхава, на высокім пагорку паўстаў дамок, майстэрня Азгура, усе зьвярнулі на яго ўвагу. Ахайна выкладзены з чырвонай цэглы, ён дэкараваны з фасаду вялікім бэтонным картушам, падобным, чамусьці, да тэлефону. Таму дасьціпная моладзь назвала гэты будынак «домам пад тэлефонам». Неўзабаве ў вялікіх вокнах, што сьвяціліся вечарамі, пазьяўляліся монстры. Гіпсавыя, гліняныя, бронзавыя галовы вызіралі адтуль чорнымі зімовымі вечарамі. А ўдзень уладальнік гэтага прытулку монстраў хадзіў сабе па садзе з маленькім сабачкам. У мяне кожнага разу займала ў грудзях, калі я прамінаў гэтага чалавека, з шыкоўнай белай шавялюраю, у імпазантным чорным барэце... І кожнага разу карцела загаварыць. Аднаго разу ўсё ж паспрабаваў. «Мы знаёмыя?»— зьдзівіўся ён. «Вы ж выбітны дзяяч беларускае культуры»,— перабраў я, імкнучыся хоць як працягнуць гаворку. «Беларуская культура... А што гэта за такое?» — раздражнёна спытаў ён. Гаворка на тым і скончылася. Хоць мы й віталіся, загаварыць з гэтым чалавекам мне больш не выпадала. А ў тым чырвоным дамку, што «пад тэлефонам», цяпер будзе музэй. Бадай, мне не захочацца й пайсьці туды... А вось да Азгуравага Багушэвіча ў Жупраны й да Коласа заўсёды будуць хадзіць людзі. І ганарыцца той самай культураю, да якой са скепсысам ставіўся стары скульптар-канфарміст.

Сяргей Харэўскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА3

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

«Лірыка пра тое, што 25 жніўня 1991 года нехта прыгожа выступіў, і ўсе памянялі свае погляды — гэта для мастацкага кіно»24

У Маскву з няяснымі мэтамі прылятаў дырэктар ЦРУ7

Беларускія школы ўжо хутка пяройдуць на электронныя дзённікі1

Таццяна Заміроўская напісала, чаму яна прыходзіць у каменты да людзей, якія ставяць у сябе ў сацсетках пасты, напісаныя ШІ1

У Дзятлаўскім раёне вясковец скраў 13 кубкаў, што пакідаліся каля святой крыніцы1

Украіна атрымала партыю ракет да Patriot

Беларус не атрымае $40 тысяч за сына, які загінуў на фронце. Былая жонка і ўнучка аказаліся спрытнейшымі7

На «Камунарцы» расказалі, калі вернуць на цукеркі смачную глазуру2

«Алеся» сыходзіць у гісторыю. Ліквідуюць адно з найстарэйшых трыкатажных прадпрыемстваў Беларусі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА3

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць