НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ
Няма чаго рэклямаваць
Гран-пры міжнароднага фэстывалю рэклямы "Залаты воўк", які ўжо чацьверты раз прайшоў у Менску, прысудзілі турыстычнаму буклету пра Санкт-Пецярбург – радзіму цяперашняга прэзыдэнта Расеі. Фэстываль засьведчыў глыбокі заняпад беларускай рэклямы, што цалкам зразумела: якая эканоміка – такая і рэкляма. Беларускім дызайнэрам папросту няма чаго рэклямаваць. Бадай, адзінае, што ў нас сёньня робіцца ў галіне рэклямы на сусьветным узроўні – гэта гадавыя справаздачы акцыянэрных банкаў.
"Аксамітная дрыгва"
Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва, якая летась ладзіла міжнародны фэстываль пэрформансаў "Navinki'99", рыхтуе новы маштабны праект. У пачатку кастрычніка ў Менску пройдзе фэстываль відэа-арту пад назвай "Аксамітная дрыгва". Відэа-арт – цалкам новы для Беларусі жанар мастацтва: гэта відэастужкі, зьнятыя авангардыстамі. Апроч беларускіх, у фэстывалі "Аксамітная дрыгва" возьмуць удзел мастакі з Латвіі, Польшчы і Швэцыі.
Конкурс для драматургаў
Больш за 90 твораў беларускіх драматургаў бралі ўдзел у конкурсе новых п'есаў пад дэвізам "Дыялёгі вякоў", які наладзілі Саюз тэатральных дзеячоў і Міністэрства культуры. Найлепшымі п'есамі для драматычных тэатраў журы прызнала творы Яўгена Таганава "Адэль" і Алены Паповай "Сьняданак на траве". У намінацыі "П'есы для дзятвы і юнацтва" перамагла драма Аляксея Дударава "КІМ". Георгі Марчук напісаў найлепшую п'есу для лялечных тэатраў "Начны госьць". Сярод ляўрэатаў конкурсу таксама – Пётра Васючэнка, Ігар Сідарук, Сяргей Кавалёў ды іншыя літаратары.
Радыё "Гамон"
У канцэртнай залі "Менск" прайшоў канцэрт-сюрпрыз гурта "NRM". Канцэрт быў зладжаны ў выглядзе жывога эфіру Радыё "Гамон" – "дзяржаўнага СМІ Незалежнай Рэспублікі Мроі". Музыкі выканалі каля 20 сваіх і чужых гітоў – у тым ліку гімны "Магутны Божа" і "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Паводле нашай інфармацыі, зьвесткі пра блізкі распад "NRM" не адпавядаюць сапраўднасьці.
Рыцары-артысты
Ваярска-гістарычны клюб "Жалезны воўк" і Творчая майстэрня "Credo" з Наваполацку паказалі ў менскім пэдунівэрсітэце эпічны спэктакаль "Гедымін" – маляўнічае трохгадзінавае відовішча з рыцарскімі баямі (да дзесяці ваяроў адначасна), з стылізаванай пад старадаўнюю музыкай, дынамічным дзеяньнем і някепскай ігрой актораў. Першыя два спэктаклі з посьпехам прайшлі ў Полацкім унівэрсытэце і Віцебскім драматычным тэатры імя Коласа. Тэлерэжысэр Віктар Шавялевіч шукае сродкі для здымкаў мастацкай стужкі паводле "Гедыміна".
Грошы за расказ пра грошы
Найбуйнейшы ў Беларусі недзяржаўны банк "Прыёрбанк" заснаваў прэмію для студэнтаў факультэту журналістыкі БДУ, якія найцікавей асьвятляюць у друку фінансавыя праблемы краіны. Пераможцаў конкурсу чакаюць 500 даляраў ЗША і падарожжа ў адну з эўрапейскіх краінаў. Прысуджацца прэмія будзе штогод 20-га студзеня, у гадавіну заснаваньня банка.
Нехта выскачыў з карціны
У Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася выстава графікі выдатнага гішпанскага сюррэаліста Хоана Міро. Паралельна ёй у Доме дружбы праходзіць выстава шасьцёх беларускіх мастакоў пад назовам "Гішпанская партыя", прысьвечаная творчасьці вялікіх гішпанскіх майстроў. На адкрыцьці выставы з палатна Алеся Пушкіна, зробленага ў стылі Хоана Міро, да гледачоў выскачыла аголеная дзяўчына – мэтафара жарснай Гішпаніі.
Юрась Барысевіч
Каментары