Архіў

Віктар Шніп. А як маеш грошы…

№ 40 (197), 2 — 9 кастрычніка 2000 г.


 

Віктар Шніп

А як маеш грошы…

 

к недзе ўсе дарогі вядуць да Храма, так у маіх Пугачах — да магазіна. І я, будучы хлапчуком, зь сябрамі зьбіраў пустыя пляшкі, каб купіць кукурузных палачак. Падросшы, куплялі цыгарэты (казалі, што бацьку) і, схаваўшыся ў кусты, адразу скурвалі пачак. Курылі аж да нудоты, але ня кідалі — калі кінеш, залічаць у малакасосы, якія ня могуць нават цыгарэту скурыць. У гадоў пятнаццаць мой аднаклясьнік Сашка ўжо мог купіць пляшку “чарніла”. Магазіншчыцы было ўсё роўна, каму прадаваць, галоўнае, каб тавар не застойваўся. “Чарніла” не застойвалася, як не застойваецца і цяпер. І сьпяшаецца большасьць маіх вяскоўцаў да магазіна, як хтосьці недзе — да Храма.

Накупляўшы чарніла, Галін Сашка пару дзён не хадзіў на працу — піў. На свой кароўнік пайшоў яшчэ не праспаным. І так ужо атрымалася, што ўключыў ён там нейкі матор, а ён вазьмі дый згары. А перад гэтым некалькі дзён падрад загадчыца кароўніка крычала Сашку: “Спаліш мне матор, у турму пасаджу!” І пайшоў Сашка з кароўніка дахаты. Па дарозе купіў пляшку чарніла, выпіў і дома павесіўся ў хляве.

У Лягезах крамы няма. А ў той час наагул не было ні электрычнасьці, ні праваднога радыё. І неяк узяў мяне дзядзька Віця зьезьдзіць у Ярашэвічы купіць у “жалезным” магазіне дзьверцы для печкі. Прыехалі. Дзядзька пайшоў купляць, а я застаўся пільнаваць каня. Сяджу на возе, разглядаю вуліцу. І раптам над сабой чую: “Московское время — двенадцать часов!” — і зайграла музыка. І саскочыў я з воза, і пабег да дзядзькі ў магазін. Дзядзька перапалохаўся: “Што здарылася?”! “Слуп гаворыць!” — адказаў я. У магазіне ўсе засьмяяліся, а дзядзька мне растлумачыў, што на слупе прымацавана радыё.

Каб мне купіць перад школай што-небудзь цёплае на плечы, мама ўзяла мяне ў Ракаў на базар. Ходзім, разглядаем, прыцэньваемся. І раптам мажны дзядзька з рыжым тоўстым хлапчуком кідаецца да мамы: “Ніна! Чуць пазнаў цябе! Здарова!” Мама прывіталася, пачала распытваць пра жыцьцё-быцьцё. “Усё нармальна! Як бачыш, і я жаніўся. Трэ было табе выходзіць за мяне. Гадавалі б вось такога сына…” — і дзядзька паказаў на свайго рыжага хлопца. Мама пахвалілася, што ў яе двое дзяцей. А я схаваўся за маму і, падумаўшы пра тое, што я мог быць гэткім тоўстым і рыжым, паказаў хлопцу язык.

Раней кожнае лета ў ліпені бацькі, назьбіраўшы пару мяшкоў агрэсту, езьдзілі ў Гарадок здаваць яго. Гэтага дня я чакаў, як вялікага сьвята, бо мог папрасіць, каб яны там мне купілі якую-небудзь кніжку. Так у мяне зьявіліся “Палескія рабінзоны”, “Мы з Санькам у тыле ворага” і “Беларускія народныя казкі”. І аднаго лета нарэшце бацька ўзяў і мяне ў Гарадок. Едзем, і я ад радасьці рот не закрываю, лапачу, як заведзены, а тут насустрач ідзе дзядзька і пытаецца: “Толя, куды гэта ты хлапца вязеш?” “У Гарадок да жыда!” — адказаў бацька і стаў паганяць каня. І я ўжо ўсю дарогу сядзеў моўчкі і думаў пра жыда.

Пасьля заняткаў у Літінстытуце я пайшоў з палякам Анджэем у магазін купіць лямпачак. Прадаўшчыца была маладая і прыгожая. І мы вырашылі зь ёй пазнаёміцца. Анджэй прадставіўся вугорцам, а я чэхам. Гаварылі доўга, нават правялі дзяўчыну на электрычку ў Мыцішчы. Назаўтра, нічога не сказаўшы Анджэю, я пайшоў зноў па лямпачкі і расказаў знаёмай прадаўшчыцы, хто мы такія. І дзяўчыне стала сумна…

Павезьлі нас на экскурсію ў Ясную Паляну да магілы Льва Талстога. Ехаць далёка, і нашы дзяўчаты час ад часу спынялі аўтобус, каб зьбегаць у краму. А ў крамах, акрамя гарэлкі, “чарніла”, камсы і салянкі, нічога няма. Дзяўчаты злуюцца, а нам, хлопцам, весела — ёсьць што выпіць і чым закусіць. Прыехалі да маёнтку Талстога, а там жанчыны стаяць з поўнымі вёдрамі яблыкаў. Панакуплялі мы яснапалянскіх яблыкаў поўны аўтобус. І, агледзеўшы маёнтак Талстога і схадзіўшы да яго магілы (у яловым лесе чорны груд зямлі бяз крыжа), мы позна вечарам вярталіся назад, елі яблыкі і недагрызкамі абсыпалі расейскую дарогу.

У Маскве Людміла прыстала да мяне: “Давай сходзім на “Сёмае неба” (рэстаран у Астанкінскай вежы). Ацаніўшы свае фінансавыя магчымасьці, я згадзіўся пачаставаць нявесту на “Сёмым небе”. Прыехалі ў Астанкіна. Паглядзеў я на пяцьсотмэтровы “шпрыц” і сказаў: “Не палезу. Вежа паваліцца…” Вежа пакуль што не павалілася, а толькі згарэла…

У час падпісной кампаніі дэпутат Яўген Цумараў расстараўся для “Нашага слова” машыну з гукаўзмацняльнікам. Ад рэдакцыі адправілі мяне з Алесем Карлюкевічам. Мы набралі з сабой газэт, кніжак і паехалі да ўнівэрмагу “Беларусь”. Алесь гандляваў і рабіў падпіску на “Наша слова”, а я сядзеў у “будцы” і агітаваў. Сабралася народу. І раптам прыйшоў міліцыянт з унівэрмагу і закрычаў: “Разайцісь! Не паложана!” Мы паказалі яму свае дакумэнты і паперы на “будку”, а міліцыянт усё роўна сваё: “Не паложана!” Народ пачаў нас абараняць. Міліцыянт крыху супакоіўся і прапанаваў па-добраму ехаць у іншае месца. На той час наклад “Нашага слова” сягаў за дзевяць тысяч.

Пазванілі ў кватэру. Адчыняю дзьверы. Перада мной жанчына з трохлітровым слоікам. “Купіце сьвежага мёду! Нядорага. Увесь прадалі на Камароўцы, а гэта засталося…”, дае лыжку пакаштаваць. Здаецца, нармальны мёд. “Колькі просіце?” — “Пяць…” — “Дорага…” — “Ну, тады чатыры…” Падышла жонка на галасы: “Што тут такое?” “Мёд купляю…” — адказаў я. “За тры з паловай…” — дабавіла прадаўшчыца. “Бяром…” — радасна сказаў я. “Пачакай, я схаджу да суседзяў. Няхай яны паглядзяць на мёд”, — прапанавала жонка і пайшла. Пакуль яна вярнулася, я зрабіў пакупку. Занёс мёд на кухню і стаў пераліваць яго ў паўлітровыя слоікі, каб тое-сёе завезьці маме і даць цешчы. Не цячэ. А жонка сьмяецца: “Дык гэта ж цукар пераплаўлены!..”

Зайшоў сусед-бізнэсмэн зь міліцэйскай дубінкай і кажа: “Я толькі што сварыўся зь міліцыянтамі. Пабі мяне дубінкай, а я схаджу, здыму пабоі і скажу, што мяне міліцыянты білі. Мы зь іх зьдзяром добрую капейчыну!” Я адмовіўся, а сусед сказаў: “Ну, гэтыя пісьменьнікі! Ня могуць нікому ў морду заехаць!” — і пайшоў.


Каментары

Цяпер чытаюць

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін4

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін

Усе навіны →
Усе навіны

Новы старшыня Канстытуцыйнага суда адправіў сына вучыцца на разведчыка ў акадэмію ГРУ. А як пачалася вайна, хутчэй забраў з Расіі21

Трамп заявіў, што ЗША нанеслі ўдар па «Ісламскай дзяржаве» ў Нігерыі2

Алесь Бяляцкі назваў, хто для яго маральны аўтарытэт29

Украінскія дроны атакавалі Валгаград

Прынцэсы Кэтрын і Шарлота сыгралі дуэтам на калядным канцэрце ў Лондане

Кітай хоча стаць тэхналагічным лідарам свету — але праблемы ў эканоміцы толькі растуць11

Дзяўчынку, якая згубілася ў Віцебскім раёне, знайшлі

Іван Ургант запусціў уласны ютуб-канал6

У Віцебскім раёне ратавальнікі шукаюць 15‑гадовую дзяўчынку. Разгорнуты маштабны пошук

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін4

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць