Архіў

Сваю газэту — кожнаму хутару

НАША НІВА № 5 (214), 29 студзеня 2001 г.


 

Сваю газэту — кожнаму хутару

 

Пры канцы другога тысячагодзьдзя займела сваю газэту і вёска Дзеркаўшчына, што знаходзіцца за 15 км ад Глыбокага. “Рэха Дзеркаўшчыны” выйшла накладам у 200 паасобнікаў. Заснавальнік газэты — лідэр мясцовай суполкі БНФ Зьміцер Курцэвіч.

 

Газэта ўздымае надзённыя вясковыя праблемы, у прыватнасьці, гэтак званага тутэйшага “шанхаю” — мікрараёну з двухпавярховых 8–16-кватэрных дамоў, які колісь квітнеў дзякуючы буйному сьвінакомплексу “Маліноўшчына”. Падчас “перабудовы” цеплатрасу даўжынёй 5 км адключылі з-за праблемаў з палівам, а трубы парэзалі і раскралі разам з бэтоннымі апорамі. Таму ў не прыстасаваных для гэтага дамах прыйшлося мураваць печкі і біць дзіркі ў панэлях для ўзьвядзеньня комінаў. Акрамя таго, у дварах пазьнікалі кантэйнэры для сьмецьця, а тэхніка для вывазу адкідаў не выдзяляецца з-за адсутнасьці саляркі, якую берагуць для “бітвы за ўраджай”. Аўтары газэты заклапочаны тым, каб Дзеркаўшчыну не напаткаў лёс старажытнай Пампэі, але загінуць яна можа не ад вывяржэньня вулькану, а ад сьмецьця, якое паступова запаланяе вёску.

Дзеркаўшчына — своеасаблівая вёска Глыбоччыны. Яе нельга аднесьці да згасаючай, як некаторыя іншыя, дзе засталіся нямоглыя пэнсіянэры. Акрамя дзьвюх дзяржаўных, ёсьць тут дзьве прыватныя крамы, касьцёл, сярэдняя школа, пошта, ФАП, клюб, нават свая карэта хуткай дапамогі і, зразумела, калгасная ўправа з разьлезлым мэхдваром.

Аднак ня толькі гэтым слыне вёска. Да 1955 году няўтульна пачуваліся ў яе ваколіцах прадстаўнікі савецкай улады. Шмат хто памятае Аўгена Жыхара: адны як бандыта, другія — як нацыянальнага героя. Ён зьнішчыў на гэтых абшарах больш за 30 чэкістаў, паліў сельсаветы. Добразычліўцы давалі яму і яго людзям прытулак на ноч. Таму і шмат нявінных апынулася ў ГУЛАГу за “недоносительство”.

Любыя вынікі выбараў па раёну шмат у чым залежаць ад таго, як прагаласавала Дзеркаўшчына. Зянон Пазьняк, дарэчы, узяў тут 51% (у Глыбокім — толькі 44,3%), трэцяя частка выбарцаў (а іх тут крыху больш за тысячу), нягледзячы на ціск, не падтрымала “ўсенароднаабранага” на апошнім рэфэрэндуме, а цяперашні дэпутат палаты прадстаўнікоў В.Хрол ад Глыбоцкага і Докшыцкага раёнаў прайграў тут восеньскія выбары свайму апанэнту С.Мірашнічэнку.

За пару кілямэтраў Дзеркаўшчыны, пры дарозе на Глыбокае, стаіць пусты хутар. Ужо няма там вокнаў, дзьвярэй, не скрыпіць калодзежны журавель. Лес, які атачаў хутар, зьнішчылі даўно падчас мэліярацыі. Пройдзе год-другі, і на гэтым месцы не застанецца нічога, толькі зарасьнікі чарнабыльніку. Аднак ёсьць яшчэ людзі, якія памятаюць, што ў гэтым доме даўным-даўно стаяла фартэпіяна, і цудоўная музыка запаланяла навакольле. Тут жыла сям’я Карузаў — зьбеларушчаных італьянцаў, продкі якіх у XVII–XVIII ст. пакінулі сваю радзіму і пасяліліся на Глыбоччыне. Язэп Каруза быў арганістам Дзеркаўшчынскага касьцёлу, яго сын Павал — дзеячом заходнебеларускага нацыянальна-вызвольнага руху, кампазытарам, фальклярыстам, харавым дырыжорам, старшынём ЦК Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, рэдактарам “Biełaruskaj Krynicy”, паслом на Сойм Польшчы ад жыхароў Сьвянцяншчыны. Сям’я Карузаў параднілася зь сям’ёй Душэўскіх з Глыбокага (архітэктар Кляўдуш Дуж-Душэўскі быў аўтарам праекту беларускага бел-чырвона-белага сьцяга).

Два гады таму мясцовыя хлопцы “дасьледавалі” гарышча самотнай хаты. Сярод шматлікіх папераў, на якіх часта сустракаецца прозьвішча Каруза, знайшлі некалькі пакрытых пацінай дзесяцігодзьдзяў нотных сшыткаў. Не падазраючы нічога, хлопцы завезьлі іх у Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музэй. Пакуль супрацоўнік музэю, гартаючы паперы, сустрэў вядомае прозьвішча — хлопцаў і сьлед прастыў. Яны й сёньня ня ведаюць, што знаходка была надзіва каштоўнай.

Новую гісторыю вёскі пішуць новыя людзі. “Рэха Дзеркаўшчыны” — працяг гэтай гісторыі.

Уладзімер Скрабатун, Глыбокае


Каментары

Цяпер чытаюць

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Усе навіны →
Усе навіны

Аршанскі ябацька не дайшоў праз снег да сцяга на плошчы і цяпер скардзіцца на камунальнікаў2

На ферме пад Гомелем цялят падчас марозу апранаюць у камбінезоны ФОТАФАКТ

На фота з файлаў Эпштэйна брытанскага прынца Эндру знялі на каленях перад ляжачай жанчынай9

Украінская спявачка Ёлка атрымала расійскае грамадзянства5

Джэфры Эпштэйн некалькі разоў атрымліваў візу ў Беларусь. І дакладна наведваў нашую краіну10

«Гэта будзе бомба!» У новым мінскім касцёле з'явіцца арган2

Нікол Пашынян правёў вечарыну, на якой сам быў бубначом2

Нямецкі ўрад засакрэціў інфармацыю аб праектах у Беларусі, якую запытвае «Альтэрнатыва для Германіі»20

За незаконнае пахаванне хатняга гадаванца беларусам пагражае вялікі штраф12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?1

Дзе ў Беларусі будзе халадней за ўсё?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць