Архіў

Арганізацыя “Край”: “Джып можа быць закапаны на большай глыбіні”

№ 36 (245), 3 верасьня 2001 г.


 Арганізацыя “Край”:
“Джып можа быць закапаны на большай глыбіні”

З карэспандэнтам “НН” зьвязаліся прадстаўнікі Спартова-патрыятычнай арганізацыі “Край”, каб пракамэнтаваць апошнія “касэтныя скандалы” вакол зьніклых людзей. “Краёўцы” бяруць на сябе адказнасьць за выкрыцьці, зробленыя Вугляніцам і Жарнасекам і за праўдзівасьць гэтых людзей. Тым самым, яны рызыкуюць аўтарытэтам сваёй арганізацыі.

 

“НН”: Вы неаднойчы згадвалі пра наяўнасьць у шэрагах “Краю” супрацоўнікаў сілавых структураў, што спачуваюць апазыцыі. А ці ня мог актывіст “Краю” Андрэй Жарнасек, які разам са сьледчым КДБ Вугляніцам сьведчыў пра лёс зьніклых палітыкаў, выявіцца адным з такіх людзей?

“Край”: Калі ўважліва глядзець тую відэакасэту, відаць: Жарнасек не называўся супрацоўнікам КДБ. Сваю пасаду назваў Генадзь Вугляніца, Андрэй — толькі сваё імя. Хадзілі чуткі, што ён раней служыў у спэцпадразьдзяленьні “Альфа”, але гэта няпраўда. Папросту нашая арганізацыя — зачыненага кшталту, таму людзі з багатай фантазіяй часам дадумваюць дэталі.

“НН”: Ці можна верыць Вугляніцу?

“Край”: Ён працаваў і з нашай арганізацыяй. Таксама даходзіла да запалохваньня, да пагрозаў падкінуць нам наркотыкі... Ніхто з “краёўцаў” тады не зламаўся. На самым нізавым узроўні арганізацыі КДБ меў пару інфарматараў. Але й тых мы неўзабаве выкрылі.

“НН”: З Вашых тлумачэньняў вынікае, што Жарнасек “перавэрбаваў” Вугляніцу на Ваш бок?

“Край”: Мы ўвесь час спрабавалі размаўляць з тымі, хто выклікаў нас для “прафіляктычных гутарак”, з Генадзем Вугляніцам таксама. Спачатку не было бачна вынікаў тых размоваў. Але ў 2000-м ужо былі справы па зьнікненьнях людзей, якія мелі вельмі вялікі рэзананс. Афіцэры КДБ выдатна ўсё разумеюць. Ім ня трэба тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі. Мы знайшлі паразуменьне з Вугляніцам, а шэраг нашых канкрэтных справаў канчаткова пераканаў яго, што з намі можна супрацоўнічаць.

“НН”: Дзе зараз знаходзяцца аўтары відэакасэты?

“Край”: За межамі Беларусі. І зь імі ўсё добра. А то КДБ распаўсюджваў інфармацыю, быццам Жарнасек Вугляніцу выкраў. Гэта лухта. Мяркую, ужо ў хуткім часе яны пацьвердзяць праўдзівасьць сваіх словаў, сказаных перад відэакамэрай.

“НН”: Жарнасек і Вугляніца кажуць, што міліцыянты з Партызанскага РУУС сталіцы сканфіскавалі нейкае абсталяваньне, неабходнае Вам для працы.

“Край”: Так, мы мелі вельмі добры мэталадэтэктар, які “адчувае” мэталёвыя прадметы на глыбіні да 6 мэтраў, а таксама прыборы начнога бачаньня, радыёстанцыі, камуфляжы. Усё гэта было патрэбна для працы на паласе перашкодаў, дзе закапаная тая машына. Паласа перашкодаў месьціцца амаль ля самай вайсковай часткі, і мы выдатна разумелі, як рызыкуем, працуючы там. У яме мы, з дапамогай прыбору, выразна разгледзелі контур аўтамабіля. А таксама — абрыў, які сьведчыў, што ў яму заяжджаў БТР, якім зьверху плюшчылі джып. Потым мы у двух розных месцах ямы пракапалі шурфы, і прыблізна на аднолькавай глыбіні сапёрная рыдлёўка грукала па мэтале.

“НН”: Чаму тады журналісты, што езьдзілі туды з выязной групай сьледзтва, нічога не пабачылі? БТ вельмі апэратыўна паказала гэтае “расчараваньне прэсы”.

“Край”: Па-першае, на тое яно і БТ — што яшчэ можа паказаць тэлебачаньне рэжыму? Па-другое, гэтая банда ўжо замяла сьляды. Яны выкапалі зь ямы аўтамабіль і перахавалі. А мо джып і дагэтуль знаходзіцца ў яме, але ляжыць на большай глыбіні, чым тая, на якую пракапалі й паказалі журналістам. Улічым таксама, што прыбор, якім карысталіся сапёры й сьледчая брыгада, што выяжджалі пад Бягомль, “б’е” толькі на глыбіню да 1,5 мэтраў. Дзяржава мае й лепшае абсталяваньне, але ўлада сёньня не зацікаўленая ў ягоным прымяненьні: ідзецца пра простыя доказы злачыннай дзейнасьці гэтай улады.

Гутарыла Тацяна Сьнітко


Ня веру!

Павал Карназыцкі — былы лідэр Маладой Грамады, палітычны ўцякач. Жыве ў Кіеве. У 1997 г. кадэбісты Чыж і Вугляніца шантажавалі яго, дабіваючыся згоды на супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Чыж неўзабаве скончыў жыцьцё самагубствам. Вугляніца ўсплыў у “касэтным скандале”.

Павал Карназыцкі: Мяне па-сапраўднаму ўразіла толькі тое, што цесьць гэтага чалавека — Радзім Гарэцкі... Калі мяне выклікалі ў КДБ, Вугляніца казаў: ты нават не здагадваешся, хто ў мяне цесьць. Увогуле, складалася ўражаньне, што гэты чалавек толькі хоча падацца добранькім, але варта было яго трохі раззлаваць — і ён адкрываў сапраўдны твар. Вугляніца — не беларускага паходжаньня, ён аднекуль з Расеі быў камандзіраваны. Я ня веру, што ў Вугляніцу раптам прачнулася сумленьне. Дзе ён быў тады, калі скончыў жыцьцё самагубствам Чыж? (Малады гэбіст зваліўся з даху пры нявысьветленых абставінах. Акрамя афіцыйнай вэрсіі самагубства, па Менску хадзілі чуткі, нібы яму “дапамаглі” — “НН”.) Чаму маўчаў тры гады? Яшчэ тады Вугляніца папярэджваў мяне, што будзе фізычна вынішчацца апазыцыя, казаў пра “чорныя сьпісы” і “эскадроны сьмерці”. Казаў, што я таксама патрапіў у сьпіс на зьнішчэньне, і толькі дзякуючы яму ня буду зьнішчаны. У шчырае яго прызнаньне па поклічы душы — ня веру!


Каментары

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»2

Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным3

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць