Архіў

Ці магчымая рэканструкцыя опэры “Сялянка”?

№ 7 (269), 15 лютага 2001 г.


Ці магчымая рэканструкцыя опэры “Сялянка”?

Сяргей Картэс: “Міністэрства абвесьціць конкурс на беларускую опэру”

Кампазытар Сяргей Картэс, дырэктар Беларускае Опэры

“НН”: Чаму ніхто зь беларускіх кампазытараў пакуль не спакусіўся напісаць паўнавартасную опэру на сюжэт “Сялянкі”? Гэта ж гатовае лібрэта! А музыка Манюшкі безнадзейна страчаная…

Сяргей Картэс: Гэта вельмі складанае пытаньне. Кожны кампазытар мае свой уласны погляд на літаратуру і шукае свой сюжэт. Да “Сялянкі” ніхто пакуль не дабраўся, нікога яна не зачапіла. Я ня ведаю гэтага твору — ані музыкі Манюшкі, ані п’есы Марцінкевіча. Я ня ведаю, як бы я на яе адрэагаваў. Гэта залежыць ад густаў кампазытара — літаратурных і музычных, ад таго, што ён хоча сказаць сваім творам.

“НН”: А калі б нехта напісаў опэру на сюжэт “Сялянкі” і прынёс яе ў тэатар, Вы б яе паставілі?

С.К.: Мы вельмі чакаем новых беларускіх твораў. Міністэрства культуры нават прапануе абвясьціць конкурс на найлепшую беларускую опэру. Прынамсі, зусім нядаўна мы абмяркоўвалі гэтую ідэю з намесьнікам міністра культуры сп.Рылаткам. Калі б нехта прынёс нам опэру на сюжэт “Сялянкі”, яна б мусіла прайсьці праз шэраг праслухоўваньняў, праз мастацкую раду і г.д. І калі б яна нас задаволіла, мы б з радасьцю яе паставілі. Зараз нашая трупа занятая пастаноўкай “Ядвігі” Ўладзімера Солтана. Мы зь лібрэтыстам Віктарам Халіпам пішам новую опэру на сюжэт з Караткевіча. Пакуль ня ведаем, што з гэтага атрымаецца… Бо ў творчасьці немагчыма нешта казаць наперад.

Уладзімер Кур’ян: “Ня трэба
рок-опэры”

Кампазытар Уладзімер Кур’ян, аўтар музыкі да спэктаклю “Ідылія” ў Купалаўскім тэатры

НН”: Ці цяжка было пісаць музыку да “Сялянкі” праз 140 гадоў пасьля Манюшкі?

Уладзімер Кур’ян: Калі Пінігін прынёс мне гэты матэрыял, я спачатку нічога не зразумеў. Я здолеў прачытаць п’есу толькі зь пятага заходу! За першым разам прачытаў дзьве бачыны і далей ня змог. Дзівосныя нейкія рыфмы: “бацінкі — паўбацінкі”… За другім разам я прачытаў яшчэ дзьве бачыны. Да мяне даходзіла вельмі павольна, як да жырафы. Адкуль гэты французік, які прыехаў на радзіму? Спачатку мне гэта ўсё вельмі не падабалася. Але калі я пачаў працаваць над “Сялянкай” усур’ёз, я ў яе закахаўся, чым далей — тым мацней. Народзіны спэктаклю былі доўгія — пакуль падрыхтоўвалі дэкарацыі ды касьцюмы, развучвалі песьні ды танцы… За гэты час я асэнсаваў, наколькі глыбокі гэты твор — “Сялянка”. “Я хачу, каб мяне любілі, і я вас люблю”, — вось асноўная ідэя п’есы.

“НН”: Вы мелі нейкія музычныя матэрыялы першае “Сялянкі”?

У.К.: Толькі адзін аркуш з арыяй Камісара. Ён быў укладзены ў лібрэта. Шчыра прызнаюся — я гэтую арыю трошкі перарабіў і дапісаў яшчэ тактаў дваццаць. Акрамя таго, празь Язэпа Янушкевіча я знайшоў аўдыёкасэту, на якой праўнучка Дуніна-Марцінкевіча сьпявае нейкія куплеты…

“НН”: Што за праўнучка?

У.К.: Ня ведаю. Я зь ёю не кантактаваў, толькі слухаў касэту. Сьпявала яна вельмі шчыра і сардэчна — гэта было чуваць, хаця касэта была надта старадаўная, з хрыпамі. Адчувалася, што яна запазычыла сваю манеру ад старэйшых, якія дакладна ведалі, як трэба гэта сьпяваць. Але што тычыцца саміх песьняў, гэта быў такі сабе турысцка-кухонны варыянт, пад гітару. Зусім ня тое, што мне было патрэбна.

“НН”: І Вы ў выніку ўсё напісалі самастойна?

У.К.: Так, 95% музыкі, а то й болей. Клявір напісаўся вельмі хутка. А потым яшчэ паўгоду я ўдзельнічаў ва ўсіх рэпэтыцыях, акампануючы акторам на раялі. Пасьля зрабіў партытуру (падрабязны нотны запіс для аркестру). Я пэўны, што ў Манюшкі не было аніякай партытуры. Я нават сумняюся, ці быў у яго клявір. Баюся, што Манюшка ўвогуле ня ўдзельнічаў у спэктаклі.

“НН”: Ці не хацелася б Вам ператварыць Вашую “Ідылію” ў сапраўдную опэру (магчыма, рок- ці фольк-опэру), якая б гучала ў выкананьні прафэсійных сьпевакоў?

У.К.: Мая музыка — гэта арганічная частка спэктаклю, які мы стваралі разам. Задума належыць Пінігіну, Марголін стварыў выдатнае мастацкае афармленьне, а харэограф Галіна Шлеянкова (зямля ёй пухам) ператварыла гэта ўсё ў плястыку. А рабіць з гэтага рок-опэру — не, мне здаецца, ня трэба. Лепш узяць нейкі іншы, новы матэрыял. Калі ж мая музыка хаця б у некаторыя моманты нагадвае Манюшку — гэта выдатна. Акурат такая была мая патаемная мара.

Алесь Суша: “Чаму б не купалаўцы зь “Песьнярамі”?”

Алесь Суша, уладальнік бутыку “Каміла”, прадусар музычных альбомаў “Сьвяты Вечар”, “Я нарадзіўся тут”

“НН”: Як вядома, музыка “Сялянкі” страчаная. Ці можна стварыць нейкі музычны праект на аснове тэксту Дуніна-Марцінкевіча?

Алесь Суша: Магчыма ўсё. Прычым нават містыфікацыя — як з чэскімі Кралядворскімі рукапісамі: нібыта знайсьці ноты дзе-небудзь у Парыжы, копіі даслаць у Менск — і праца закіпела. Хто і калі гэта праверыць? А калі раптам і выбухне скандал, дык яно й лепей, абы падробка была таленавітая. Хаця ў ХХІ ст. гэта ўжо, напэўна, ня так актуальна. Трэба нешта новае, як у адваротнай сытуацыі: музыка была, словаў не было — новымі сталі словы Сокалава-Воюша на музыку Агінскага ў “Пялянэзе”.

“НН”: Хто з нашых музыкаў мог бы ўзяць удзел у гэтым праекце?

А.С.: У дадзенай сытуацыі нельга ўжыць прынцып тэндэру — гэта загруба для музыкі і ўвогуле творчасьці. Шмат залежыць ад таленту, стылістыкі, творчых магчымасьцяў. Але паверце мне: быў бы бюджэт, ахвотныя паўдзельнічаць знайшліся б. Чаму б, прыкладам, не Купалаўскі тэатар? Яны ўжо ставілі вадэвіль “Ідылія”. І даволі ўдала, шмат музыкі і сьпеваў. Або чаму б ня тыя ж купалаўцы разам зь “Песьнярамі”? У свой час у “Песьняроў” выдатна атрымліваліся юбілейныя праекты.

Віталь Супрановіч: “Толькі не “Сялянка”, а “Ідылія”

Віталь Супрановіч, кіраўнік музычнае ініцыятывы БМАgroup

Віталь Супрановіч: Па шчырасьці, мне больш падабаецца ягоная “Люцынка, або Швэды на Літве”, зь якой можна было б зрабіць (і, я думаю, калісьці зробяць) і выдатны фільм, і опэру, і рок-опэру. Вельмі эўрапейскі кантэкст. Але й “Ідылія” з музыкай Манюшкі ня можа пакінуць мяне абыякавым.

“НН”: Музыка Манюшкі да п’есы Дуніна-Марцінкевіча амаль цалкам страчаная. Ці можа на аснове “Сялянкі” паўстаць нейкі музычны праект?

В.С.: Вядома, мог бы! Драматургія славутага клясыка дазволіла б стварыць сапраўдную тэатральна-музычную дзею, што, на жаль, не ўдалося зрабіць Міхалу Анемпадыставу з п’есай па матывах “Народнага альбому”.

“НН”: Хто з нашых музыкаў мог бы ў гэтым праекце паўдзельнічаць, і ці хацелі б вы быць ягоным прадусарам?

В.С.: Наконт складу музыкаў для рок-вэрсіі “Ідыліі”, дык да традыцыйных удзельнікаў (NRM, “Крыві”, Памідораў) я б дадаў бліскучы патэнцыял “Улісу”, “Крамы”, Касі Камоцкай, “Зьніча”... Зрэшты, тут выбар за новымі кампазытарамі й інтэрпрэтатарамі. Я б, як прадусар, адно замест гандлёвай маркі “Сялянка” зноў-такі абраў бы “Ідылію”. Праўда, так склалася, што я рэдка зьяўляўся прадусарам праектаў БМА, мне больш даспадобы функцыя мэнэджэра.

Гутарыла Юлія Андрэева


Каментары

Цяпер чытаюць

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі26

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі пабудуюць другі крэматорый3

Суд у Маскве прыгаварыў да пажыццёвага тэрарыстаў, якія напалі на «Крокус»2

У Віцебску 17‑гадовая дзяўчына біла тварам аб стол і зламала нос сваёй сяброўцы9

Рамонт за свой кошт. Каля метро «Каменная Горка» прапануюць дзіўную арэнду — ці выгадна?

Севярынец напісаў, як яму ў турме прапаноўвалі супрацоўніцтва10

Улады Ірана прызналі, што новы вярхоўны лідар паранены — пералом ступні і парэзы на твары5

Ці будзе Расія здымаць вяршкі з нафтавага крызісу праз вайну ў Іране? Выглядае, што так18

У Маскве тыдзень не працуе мабільны інтэрнэт, бізнэс страчвае мільярды20

Самай дарагой кватэрай Міншчыны ў лютым стала кватэра ў панэльцы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі26

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць