Архіў

Тымор прымае падарункі

№ 19 (281), 24 траўня 2002 г.


новая краіна на мапе сьвету

Тымор прымае падарункі

У мінулую нядзелю апоўначы генэральны сакратар ААН Кофі Анан перадаў уладу ва Ўсходнім Тыморы старшыню тамтэйшага парлямэнту Франсыска Гутэрасу. На месцы сьцягу ААН узьняўся чорна-чырвона-жоўты штандар Усходняга Тымору, выбухнулі тысячы фаервэркаў. Той з тыморцаў, хто выжыў падчас крывавае вайны за незалежнасьць, убачыў нараджэньне сваёй краіны. Ва ўрачыстасьцях узялі ўдзел дэлегацыі 80 краінаў, у тым ліку Біл Клінтан і прэзыдэнт Інданэзіі Мэгаваці Сукарнапутры.

750-тысячны Ўсходні Тымор дагэтуль ніколі ня быў незалежным. У 1520 годзе Партугалія калянізавала ўсходнюю частку востраву. Заходняя дасталася галяндцам. Партугальцы сышлі пасьля “рэвалюцыі гвазьдзікоў” 1975 г., і Рэвалюцыйны фронт вызваленьня Ўсходняга Тымору (FRETILIN) абвесьціў незалежнасьць краю. Праз два тыдні кіраўнік Інданэзіі Сухарта загадаў акупаваць Усходні Тымор, хоць Інданэзія складаецца з ранейшых галяндзкіх калёніяў, дзе жылі мусульмане, а Ўсходні Тымор — партугальскі й каталіцкі.

Пад пятою Сухарта

Вайна была нядоўгай, няроўныя былі сілы, і ўжо на пачатку 1976 г. Усходні Тымор апынуўся ва ўладзе Інданэзіі. Сьвет пратэставаў, але толькі на словах. ААН так і не прызнала анэксіі, гэта зрабіла толькі Аўстралія.

Усходнюю частку востраву абвесьцілі 27-й правінцыяй Інданэзіі. Тымор зрабіўся закрытай вайсковай калёніяй. У выніку вайны, рэпрэсіяў і голаду там загінула больш за 200 тысячаў чалавек — чвэрць усяго насельніцтва. Усе гады інданэзійскай акупацыі тыморцы жылі ў нэндзе, адзіным сродкам даходаў было вырошчваньне кававага бобу і экспарт сандалавага дрэва. Джакарта забясьпечвала 90% бюджэту правінцыі, але востраў заўсёды быў найбяднейшай часткай краіны. FRETILIN не спыняў партызанскай барацьбы з акупантамі.

Да незалежнасьці

У 1991 г. інданэзійскае войска жорстка разагнала мірную незалежніцкую дэманстрацыю студэнтаў у сталіцы краю Дылі. Загінулі 270 дэманстрантаў, многія проста зьніклі. Гэтая падзея стала пачаткам новага этапу барацьбы за волю. Празь пяць гадоў два тыморскія змагары — біскуп Карлас Бэла і Жазэ Рамас Хорта — атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. Пасьля сыходу Сухарты Інданэзія пачала развальвацца. У 1998 г. ягоны наступнік прэзыдэнт Юсуф Хабібі даў Усходняму Тымору большую аўтаномію, а ў студзені 1999 г. згадзіўся на рэфэрэндум аб незалежнасьці. Рэфэрэндуму папярэднічала шматмесячнае крывавае бязладзьдзе. Ваявалі паміж сабой прыхільнікі незалежнасьці і яе праціўнікі, якіх падтрымлівала інданэзійскае войска. У верасьні 1999 г., калі высьветлілася, што 78% жыхароў Тымору прагаласавалі за незалежнасьць, праінданэзійскія баевікі, сыходзячы, учынілі вялізную разьню.

Парадак у край прыйшоў разам з войскамі і адміністрацыяй ААН, якія замянілі інданэзійскую міліцыю, усталявалі ў Тыморы мір і заклалі пачаткі новае дзяржавы. Дэмакратычным чынам былі абраныя парлямэнт і ўрад. Міністры тыморскае дзяржавы колькі апошніх месяцаў вучыліся кіраваць у сваіх калегаў з адміністрацыі ААН.

На чале краіны стаў лідэр незалежніцкага руху Шанана Гужмаў, які на красавіцкіх прэзыдэнцкіх выбарах атрымаў 82% галасоў. Гужмаў і каталіцкая царква — галоўныя прыхільнікі прабачэньня і прымірэньня. Гэтая праблема, напэўна, яшчэ ня хутка будзе вырашаная, хоць у Інданэзіі ў сакавіку пачаўся працэс 18 афіцэраў, абвінавачаных у парушэньні правоў чалавека ва Ўсходнім Тыморы.

Баевікі будуць каяцца

260 тысячаў уцекачоў, у тым ліку тысячы баевікоў праінданэзійскіх арганізацыяў, зьбеглі з Усходняга ў інданэзійскі Заходні Тымор. Большасьць ужо вярнулася. Пакуль што не чуваць пра акты помсты, людзі чакаюць, што вінаватых пакарае дзяржава.

ААН стварыла ў Тыморы два суды. Аддзел цяжкіх злачынстваў сфармуляваў больш за 30 актаў абвінавачаньня і вядзе сьледзтва па 650 справах. Створаная на паўднёваафрыканскі ўзор Камісія праўды і прымірэньня павінна пачаць дзейнічаць у наступным месяцы. Мяркуецца, што прымірэньне будзе адбывацца наступным чынам: на вясковых сходах былыя баевікі, панурыўшы галовы, будуць каяцца перад сваімі ахвярамі, распавядаць пра свае злачынствы і перапрашаць. Вёска іх выслухае і вызначыць пакараньне ды ўмовы вяртаньня ў грамаду. Але ці атрымаецца гэта?

Як выжыць?

Перад маладой дзяржавай стаіць шмат пытаньняў. Якую прыняць валюту? Застацца з інданэзійскай рупіяй, надрукаваць уласныя грошы ці, як урэшце вырашылі, увесьці амэрыканскія даляры? Якой мовай гаварыць? Прэзыдэнт Гужмаў вырашыў быў — партугальскай. Але сёньня яе ведаюць толькі 17% жыхароў, 63% валодаюць інданэзійскай. У хаце ж 91% жыхароў гаворыць тутэйшай мовай тэтум, але яна недастаткова разьвітая і ня мае пісьмовай формы. Ангельская мова пашыраная толькі ў бізнэс-колах. Прынятая ў сакавіку канстытуцыя вызнае афіцыйнымі мовамі партугальскую і тэтум. А статус рабочых моваў атрымалі інданэзійская і ангельская.

І галоўная праблема — як выжыць? Тымор — самая бедная краіна Азіі з гадавым даходам у 478 даляраў на чалавека ў год. 80% жыхароў — сяляне, што жывуць з натуральнай гаспадаркі. Тры чвэрці гараджанаў — беспрацоўныя, большая частка краіны не забясьпечаная электрычнасьцю, школаў і больніцаў — адзінкі.

Тымору дапамагае міжнародная супольнасьць. Яшчэ на два гады тут застануцца 5000 жаўнераў міратворчых сілаў, 1000 паліцыянтаў і 100 супрацоўнікаў ААН. Тымор атрымае 440 млн. даляраў на працягу трох гадоў. Грошы на пачатковае разьвіцьцё ёсьць, а пасьля краіна пачне жыць за кошт радовішчаў нафты і газу з марскога дна. Энэрганосьбіты будуць асноўнай крыніцай даходаў дзяржавы.

Праз 4 гады Ўсходні Тымор мусіць пачаць жыць цалкам за свой кошт. Міністар замежных справаў краіны Рамас Хорта дэкляруе: “Ня хочам паўтараць памылкі іншых бедных краінаў, трапляючы ў сьпіраль запазычанасьці. Ня будзем прасіць крэдытаў у Сусьветнага банку. Не бяром аніякіх пазыкаў, толькі падарункі”.

Сяргей Радштэйн


Каментары

Цяпер чытаюць

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адно на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»54

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адно на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»

Усе навіны →
Усе навіны

«А як карміць, хлебам хіба?» У магілёўскім заасадзе дзеці глядзелі на адсечаную галаву казулі ў ваўчыным вальеры6

«Байсол» абвясціў летні збор для дзяцей палітвязняў1

На папулярную гомельскую радыёвядучую напісалі данос, яна вырашыла не вяртацца з Літвы3

Мінчук збіраўся працаваць распрацоўшчыкам сайтаў, але зараз прыйдзецца купіць новы ноўтбук3

Пасля шасці гадоў зняволення выйшаў на свабоду пінскі палітвязень Ігар Салавей11

Пратасевіч адказаў Статкевічу і НН: Маё сумленне чыстае. А пра трусы маёй абранніцы прачытаюць больш, чым пра ўсялякія Каардынацыйныя рады56

Памятаеце жанчыну, якую падманулі расійскія турысты? Кампанія, якая тут ні пры чым, прапанавала ёй кампенсацыю3

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха4

Севярынец расказаў, як і навошта рэзаў сабе руку на Акрэсціна ў 2020‑ым5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адно на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»54

Пяць дзён, 60 удзельнікаў, саўна, більярд і крыкі адно на аднаго. Расказваем, як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць