Мастацтва немагчымага
“Kwestia słowacka w XX wieku”. Зборнік. Уклад. Рудольф Чмель. — Глівіцэ: Выд-вы Kalligram, GREG, Gazeta Wyborcza, 2002.
Калі не лічыць Украіны, няма ў Эўропе краіны, больш падобнай да Беларусі па вопыце будаўніцтва дзяржаўнасьці, чым Славаччына. Краіна над Дунаем удвая меншая за Беларусь, але мае эканоміку, супастаўную па маштабах зь беларускай. Ня маючы ні выхаду да мора, ні значных прыродных рэсурсаў, Славаччына, як і Беларусь, не разглядаецца Захадам як геапалітычны прыярытэт. Нарэшце, славакі, як і беларусы, — запозьненая ў сваім разьвіцьці нацыя. Акрамя кароткага пэрыяду пад нацысцкім пратэктаратам у 1939—45 г., Славакія ня мела дзяржаватворчага досьведу. Чаму ж у часе посткамуністычнага крызысу 90-х Славаччына, у адрозьненьне ад Беларусі, не павярнулася “дупаю да будучыні”?
Расея бачыла асаблівы інтэрас у Славаччыне: там ёсьць буйны нафтаперапрацоўчы завод і газаправоды, што вядуць у Чэхію і Вугоршчыну. Нездарма першы пасол Расеі ў Братыславе Сяргей Ястржэмбскі зрабіў зорную кар’еру пасьля таго, як у 1994 г. яму ўдалося дапамагчы ўзысьці на вяршыню ўлады славацкаму Лукашэнку — Уладзімеру Мэчыяру.
Славаччыну часта блытаюць з Славеніяй. Такую памылку зрабіў нават Джордж Буш. Гэтым ён нагадвае тых заходнеэўрапейцаў, якія дагэтуль лічаць, што Беларусь называецца так таму, што населеная белагвардзейцамі.
Славацкую мову ў Беларусі ведаюць адзінкі (хоць яе і выкладаюць на філфаку БДУ). “Гэта нешта сярэдняе між польскай, чэскай і ўкраінскай”, — так часта кажуць. “Пісадла, лятадла” — сьмешныя для беларускага вуха словы! Таму і беларуска-славацкія кантакты найбольш адбываюцца праз пасярэднікаў. Вось і пра выхад на даступнай усім нам польскай мове зборніка матэрыялаў пра гісторыю Славаччыны “Славацкае пытаньне ў ХХ ст.” я даведаўся дзякуючы “Gazecie Wyborczеj”.
Усё славацкае здаўна ў масавай сьвядомасьці трактуецца як другі (вельмі падобны) гатунак чэскага. Прычыны — дамінаваньне чэхаў у гіерархіі культур (і ў хакеі таксама). Ірацыянальную нелюбоў да славакаў у вачах заходніх элітаў будзілі розныя факты. Нават тое, што пастаўлены Масквой кіраўнік Чэхаславаччыны Густаў Гусак быў славакам, тады як лідэр “Праскае вясны” Дубчак, месца якога і заняў Гусак, — чэхам. А найбольш раздражняла сялянскасьць славацкае нацыі (на Захадзе эліты ня любяць, не разумеюць даўно забытага ў сябе “сялянскага пытаньня”, “сялянскае эстэтыкі” і г.д.). Яшчэ — роля Славаччыны ў другой сусьветнай вайне. Стварэньне самастойнае дзяржавы па волі Гітлера на чале з ксяндзом Тыса.
Дарэчы, сытуацыя Славаччыны ў 1939—45 г. — тэма асобнага дасьледаваньня ў кнізе. “Славацкае нацыянальнае паўстаньне” было перадусім праявай непрыманьня масамі Славацкае дзяржавы i жаданьня аднавіць супольную дзяржаву чэхаў і славакаў. Тое паўстаньне было скіраванае перадусім супраць Славацкае нацыянальнае дзяржавы і толькі пасьля — супраць нямецкіх нацыстаў, піша ў “Славацкім пытаньні ў XX ст.” братыслаўскі гісторык Міраслаў Кусы. “Бо, з вайсковага пункту гледжаньня, паўстаньне выбухнула ў “неакупаванай краіне”. На тэрыторыі Славаччыны не было нямецкіх войскаў зусім, яны зьявіліся там, каб падавіць паўстаньне, навесьці парадак у сябе ў тыле. Паўстаньне было прыдушанае дастаткова хутка (калі параўноўваць з варшаўскім ці югаслаўскім), і толькі нязначныя баі працягваліся ў горных раёнах краіны”.
Выступленьне справакавалі кіраваныя з Масквы камуністы, і яно ў будучыні дазволіла без праблемаў далучыць краіну да “маскоўскага лягеру”. Паколькі ўрад Чэхаславаччыны саюзьнікі прызналі яшчэ да выбуху паўстаньня, гэта давала магчымасьць вельмі зручнага для Масквы дыпляматычнага вырашэньня. Славаччына, хоць і была абвесьціла вайну ўсім праціўнікам Нямеччыны і фармальна так і ня выйшла з гэтага стану, пасьля вайны не разглядалася як пераможаная краіна з усімі наступствамі гэтага. Наадварот, як частка Чэхаславаччыны яна апынулася ў стане пераможцаў, нягледзячы на дэпартацыю славацкіх жыдоў у канцлягеры, тэрор гвардзейцаў Глінкі пасьля паўстаньня і ўдзел славакаў у вайсковых дзеяньнях на баку нацыстаў.
Гісторыя Славаччыны ў ХХ ст. надзвычай павучальная для Беларусі. Гэтая думка пранізвае, калі чытаеш зборнік. Часам здаецца, што “гэтая невялічкая краіна іграла ў покер зь лепшымі за сябе гульцамі, але часам бывала, што славакі не саромеліся для сваіх патрэбаў ужываць краплёныя карты ці прыхоўваць тузы ў рукаве”, — піша “Gazeta Wyborcza”.
Так было ў 1918 г., калі Славаччына пазбылася векавой залежнасьці ад Вугоршчыны. Але далучэньне да дзяржавы чэхаў, безь якога нясьпелая славацкая нацыя на той час яшчэ не магла абысьціся, адбылося толькі пасьля таго, як прадстаўнікі славацкай эміграцыі хітрыкамі дабіліся ад чэхаў і Масарыка Пітсбурскай умовы, што прадугледжвала аўтаномію Славаччыны, гарантаваную асобным парлямэнтам. Пасьля чэхі гэтую ўгоду праігнаравалі, робячы стаўку на зьліцьцё чэхаў і славакаў у адну нацыю. Але было позна: норма аўтаноміі ўжо была зафіксаваная чорным па белым. Нешта падобнае, як з Расеяй і БССР.
У выніку Мюнхенскае змовы славакі атрымалі нацыянальную самастойнасьць ад... Гітлера і... не адмовіліся. Гэтае згодніцтва дазволіла краіне з параўнальна невялікімі стратамі для сябе ператрываць другую сусьветную. Каб пад канец яе, як ужо згадвалася, зноў выступіць супраць сваёй дзяржавы і ў вострай міжнароднай сытуацыі зноў далучыцца да Чэхіі.
Масавы нацыяналістычны рух у Славаччыне разгарнуўся ў 60-я, і яго спрытна выкарысталі ў сваіх інтарэсах Саветы. Але і нацыянальны рух выйшаў з “Праскай вясны” са здабыткамі: дзяржаўны лад Чэхаславаччыны быў зьменены на фэдэратыўны, а г.зв. “стабілізацыя” пасьля 1968 г. у Славаччыне не была такой жорсткай, як у Чэхіі. Да таго ж, каб пакараць Чэхію за “Праскую вясну”, ЧССР зрабіла стаўку на эканамічнае разьвіцьцё Славаччыны. У выніку славакі заставаліся досыць абыякавымі да “Хартыі’77” і чэскага праваабарончага руху. Гэта была свайго роду ўдзячнасьць за адносна высокі ўзровень жыцьця. Сьляды альтэрнатыўнае культуры зьяўляліся толькі ў адказ на ўціск каталіцкага касьцёлу (Славаччына — пераважна каталіцкая краіна).
Ці ня тое самае адбывалася зь беларусамі, удзячнымі за савецкую мадэрнізацыю, якія таксама раўнадушна прапусьцілі дысыдэнцкі рух?
Аднак гэтая зьмена эканамічных умоваў — як у Славаччыне, так і ў Беларусі, — нягледзячы на застой канаючай сацыялістычнай гаспадаркі, выклікала ў псыхалягічнай сфэры далекасяжныя наступствы. Славакі й беларусы перасталі адчуваць сябе людзьмі другой катэгорыі, толькі ў выніку сваіх эканамічных дасягненьняў яны сталі “людзьмі звацца”, што і стварыла грунт для ўсплёску стваральнага нацыяналізму 80-х і фэнамэнальнага нацыянальнага будаўніцтва 90-х.
Развал камуністычнае сыстэмы быў момантам, калі славакі зразумелі: hic Rodos, hic salta. І 1 студзеня 1993 г. паўстала незалежная Славаччына, будучы сябар ААН.
Зь іншага боку, параўнальны дабрабыт камуністычнае пары, стварыўшы псыхалягічныя ўмовы для росквіту нацыяналізму, абумовіў будучую посткамуністычную фрустрацыю — лукашызм і мэчыярызм. Славакі выблыталіся, у беларусаў адбываецца больш складаны і менш адназначны працэс перараджэньня самога рэжыму. “Беларускае пытаньне” да канца яшчэ ня вырашылася. Яно — у нашых руках.
Кніга разглядае ў якасьці канчатковага вырашэньня “славацкага пытаньня” стварэньне сувэрэннае Славацкае Рэспублікі 1 студзеня 1993 г. На маю думку, тутака патрэбнае ўдакладненьне ў часе. Палітычны лёс Славаччыны па-сапраўднаму вырашыўся пазьней, пасьля таго як у 1994 г. (якое супадзеньне!) усплыў Мэчыяр і калі на пераломе тысячагодзьдзяў палітычная эліта Славаччыны здолела замацаваць эўрапейскую і эўраатлянтычную арыентацыю краіны. Вядома, гэтая арыентацыя можа зноў устаць пад пытаньне, калі ЗША і Заходняя Эўропа спыняць “падпітваньне” ўсходнеэўрапейскіх эканомік, якое ішло гэтыя гады. Ёсьць сыгналы, што такое можа адбыцца ўжо неўзабаве. Тыя самыя праблемы тады напаткаюць ня толькі Славаччыну, а і няпэўную ў сваім цывілізацыйным выбары Баўгарыю, акупаваную расейскім капіталам Латвію ці абцяжараную вялізным замежным доўгам Літву. Ды гэта будзе ўжо новы этап гісторыі. Важна, што Славаччына пасьпела прычапіцца да цягніка, які называецца “Эўразьвяз і NATO”. Чаго ніхто не забараняе зрабіць і Менску.
Павучальна, як славацкія палітычныя лідэры ў ХХ ст. умелі манэўраваць, здабываючы выгады для сваёй краіны там, дзе гэта, здавалася, было немагчыма. Аднак самае павучальнае для нас у славацкім досьведзе — гэта пасьпяховае, як засьведчылі апошнія выбары, вырашэньне славацкага пытаньня пры канцы ХХ ст. Перадумовамі гэтага вырашэньня былі некаторыя гістарычныя плюсы: рэлігійнае адзінства славакаў (усе каталікі), традыцыя славацкае мовы, спадчына дэмакратычнае Аўстра-Вугорскае імпэрыі, веліч геаграфічных аб’ектаў, што яднаюць нацыю, — Дунаю і Татраў. Але былі і мінусы, аналягічныя беларускім: невялікая зацікаўленасьць Захаду ў Славаччыне, вялікая зацікаўленасьць Расеі, эканамічны спад у выніку краху сацыялізму, адсутнасьць нацыянальнай сыстэмы СМІ, саветызаванасьць насельніцтва, ксэнафобія.
На маю думку, галоўная прычына славацкага посьпеху — а пад посьпехам я маю на ўвазе тое, шо краіна ўрэшце не павярнулася “дупаю да будучыні”, як Беларусь, не адраклася дэмакратыі і пабудавала сваю інфармацыйную прастору, — у розуме славацкіх палітычных лідэраў. Сілы з рознымі ідэалягічнымі і нацыянальнымі поглядамі — хадэкі, кансэрватары, сацыялісты, інтэлігенты, нацыяналісты, вугорцы — знайшлі супольную плятформу, хоць гэта, здавалася б, немагчыма. (Беларускія апазыцыянэры лічаць такое немагчымым.) Гэтай супольнай плятформай было ўступленьне ў Эўразьвяз і NATO. На згодзе вакол гэтага і ўтварылася “маральная большасьць”, што адкінула на задворкі палітычнага жыцьця мэчыярыстаў. Па вялікім рахунку, толькі такая плятформа і магла б стаць сапраўды моцнай і адзінай яднальнай ва ўмовах Беларусі. Такая кааліцыя — назавём яе “Беларусь — у Эўропу” — была б трывалай, бо не злучала б заведама неяднальнага, напрыклад, Калякіна і Севярынца. Яна была б доўгатэрміновай, бо на дасягненьне пастаўленай мэты, як сьведчыць славацкі досьвед, ідзе дзясятак гадоў. Яна дазволіла б абысьці пакінутыя каляніяльнымі адміністрацыямі “міны запаволенага дзеяньня” — моўныя, рэлігійныя пытаньні. Гэтыя пытаньні гісторыя вырашыць у пэўным сэнсе сама сабой. Славацкі прыклад паказвае, што немагчымае можна рабіць будзённым.
Братыслава нагадвае Менск сваёй адкрытасьцю і артыстызмам. Хоць Дунаю нам тут усім, вядома, бракуе.
Барыс Тумар
У матэрыяле выкарыстаныя цытаты з артыкулу “Kwestia słowacka w XX wieku” з “Gazety Wyborczеj”.
Каментары