Культура1414

Памёр пісьменнік Сакрат Яновіч (Крынкі, Падляшша)

Адзін з лідараў беларусаў Польшчы, які, як высветлілася, у 1958-70 быў агентам спецслужбаў.

76-гадовыСакрат Яновіч памёр у сваім доме ў мястэчку Крынкі. Тамсама, дзе і нарадзіўся.

Яновіч доўгія гады працаваў у газеце беларусаў Польшчы «Ніва». Калі ён рашуча разарваў супацоўніцтва са спецслужбамі, у 1970 яго звольнілі з «Нівы» нібыта «за беларускі нацыяналізм». У выніку яму давялося надоўга перакваліфікавацца ў грузчыка.

Але ўжо ў 1976 калегі выбіраюць яго кіраўніком клуба пісьменнікаў Падляшша.

Яновіч напісаў тры дзясяткі кніг, сярод якіх «Беларусь, Беларусь» і «Доўгая смерць Крынак». Апошняе дзесяцігоддзе займаўся актыўнай літарганізатарскай дзейнасцю, у ягонай Villa Socrates праходзілі шматлікія беларускія і міжнародныя інтэлектуальныя спатканні. Таксама не цураўся палітыкі і быў адным з лідараў Беларускага дэмакратычнага аб’яднання ў Польшчы. Адзначаны найвышэйшымі ўзнагародамі Польшчы.

Заслугі Сакрата для адраджэння Беларусі вялікія.

«Мы любім усё беларускае, але мала яго знаходзім у самой геаграфічнай Беларусі, таму „Беларусь“ для нас — нейкая міфічна-ўтапічная ідэя, мара, ідэал», — напісаў вучань Яновіча, праваслаўны святар з Беласточчыны Кастусь Бандарук.

Яновіч быў старэйшынам беларусаў Польшчы. Адкрыццё, што Яновіч у 1958–1970 гадах быў агентам спецслужбаў, — сам ён пра гэта маўчаў нават пасля падзення камуністаў, аж да самай люстрацыі ў 2007 годзе, — ягоны аўтарытэт не знішчыла. Уся ягоная дзейнасць пацвярджала зафіксаванае ў дакументах спецслужбаў: Яновіча завербавалі, граючы на ягоных пачуццях («З 21-гадовым дзецюком хітрыя польскія чэкісты гаварылі на беларускай мове і апелявалі да ягонага беларускага пачуцця…»), і з супрацы выблытаўся сам, за 20 гадоў да падзення таго рэжыму.

«Ён хацеў, каб беларусы загаварылі сваім голасам, гэта быў яго лозунг, — расказвае доктар гістарычных навук Алег Латышонак. — Ён вызначаў нам вялікія мэты, але калі чалавек вялікіх мэтаў сабе не ставіць, то ён нічога не дасягне. Ён узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, першую палітычную арганізацыю беларусаў Польшчы. А раней было беларускае незалежнае выдавецтва падпольнае, якое ён арганізаваў у 1980-я».

Яновіч звязаў тады свой лёс з апазіцыяй. Рызыкоўны выбар, які дасць яму вялікі маральны ўплыў пасля. Да яго будуць прыслухоўвацца кіраўнікі Польшчы з пакалення «Салідарнасці».

Чаму гэты чалавек без вялікай адукацыі, чалавек, які заікаўся, зрабіў такі ўплыў на беларусаў Польшчы і не толькі Польшчы? Чаму гэты чалавек, седзячы ў малых, прымежных Крынках, за 250 кіламетраў ад Варшавы, так паўплываў на палітыку Польшчы да Беларусі і беларусаў? Бо гэта быў пісьменнік, які разумеў ролю грамадзянскай супольнасці для развіцця нацыі. Не толькі пісанне была ягоным інтарэсам. Рэгіянальны клуб літаратараў узначальваў Яновіч. Падпольнае выдавецтва ладзіў Яновіч. Палітычная партыя беларускай меншасці, інтэлектуальныя спатканні, выданне часопіса — ва ўсім удзельнічаў Яновіч.

А пісаў ён не ў разліку на чытача з вузкага кола, а для шырокага свету. У выніку палякі бачылі Беларусь ягонымі вачыма. Ягоная кніга «Беларусь, Беларусь» стала настольнай для польскага разумення беларусаў і беларускіх патрэб.

Яновіч быў лібералам і бачыў сілу ідэй свабоды — прывабных для самага прадуктыўнага, «крэатыўнага класа». У той жа час гэта быў чалавек вялікай веры і вялікай адданасці роднай мове, роднай нацыі. «Памёр адзін з апошніх прадстаўнікоў нашай класічнай нацыятворнай эпохі, якая сваімі каранямі сягае нашаніўскай пары ці нават яшчэ ранейшага часу, беларускага асветніцтва ХІХ стагоддзя», — так ахарактарызаваў Яновіча іншы беластаччанін, перакладчык Ян Максімюк.

На пенсіі Яновіч пераехаў з Беластока ў мястэчка Крынкі, у бацькоўскую хату і штолета ладзіў там інтэлектуальныя сустрэчы. «І крынкаўская хата яго мела назву Villa Sokrates. І сам ён з мужыцкай упартасцю авалодаў ангельскай мовай, чым паціху ганарыўся», — піша Сямён Букчын.

«Ён вучыў нас, як выступаць перад народам, — успамінае Данута Бічэль. — Заўсёды напачатку — галоўнае. Першая фраза, першы сказ павінен быць „забойным“, цвіком, а потым людзі ўжо слухаюць».

Каментары14

Цяпер чытаюць

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Усе навіны →
Усе навіны

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа9

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі

Старэйшы сын Трампа дапусціў, што бацька можа пакінуць мірны працэс ва Украіне16

Cмехаёга: мастацтва выклікаць смех штучна2

Лукашэнка на перамовах у Амане ўставіў такое слова, што перакладчыца на арабскую разгубілася8

У Лідзе пабраліся шлюбам 15‑гадовыя хлопец і дзяўчына. Самай маладой маме Гродзеншчыны таксама 156

Фрыдман: Трампа цалкам задаволіць аўтарытарны рэжым у Мінску, які працягне арыентавацца на Расію17

«У плане былі яшчэ некалькі краін». Маршрут Лукашэнкі складалі так, каб не надта біла па здароўі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць