Някляеў на Майдане: «Сёння тут вырашаецца лёс Беларусі». Міхалок: «Вы супергероі!» — відэа
У Кіеве на Еўрамайдане сёння выступіў спявак Сяргей Міхалок.
Беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкі» даваў гастрольны канцэрт у кіеўскай Stereoplaza, але завітаў на Майдан, дзе выканаў некалькі песняў.
Сяргей Міхалок звярнуўся да прысутных (паводле ўкраінскіх СМІ, на Майдане вечарам суботы сабраліся каля 15 тысяч чалавек): «Мы тут, каб перадаць вялікае вітанне з Беларусі. Мы, беларусы, глядзім на вас з павагай і захапленнем.
Бо сваім прыкладам вы паказалі, што з дапамогай мужнасці, гераізму і салідарнасці і народнага адзінства
можна не толькі змагацца за свае грамадзянскія правы і свабоды, але і рэальна даць адпор палітычнаму, дзяржаўнаму і паліцэйскаму беспрадзелу. Вы — супергероі! Ура!»
«Ляпісы» выканалі некалькі песняў, у тым ліку «Не быць скотам!».
Падчас выступу двое маладых людзей узнялі бел-чырвона-белы сцяг на самым высокім будынку на Майдане.
На Майдане сёння луналі дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў.
Вечарам у суботу на Майдане Незалежнасці ў Кіеве выступіў і экс-кандыдат у прэзідэнты, пісьменнік Уладзімір Някляеў.
«Вечар добры Кіеў, вечар добры, Украіна, вечар добры, Еўропа, — кажа Някляеў — Я не толькі палітык, але і беларускі паэт». Ён чытае верш «Крывінка».
«Я кланяюся табе, украінскі народ, — эмацыйна кажа Някляеў.
— за тое, што нязломна стаіш за сваё самае, каб быць насамрэч вольным, незалежным народам. Да той самай мэты ідзе і беларускі народ, і мы дойдзем хутчэй, калі будзем ісці разам. Але нам не даюць быць разам…».
Някляеў распавядае Майдану пра арышт аўтобуса пад Мар'інай Горкай. Нягледзячы на гэта, многія актывісты дабраліся да Кіева, і стаяць тут на Майдане, — кажа ён.
«Мы разам, бо тут вырашаецца не толькі лёс Украіны, але і лёс Беларусі. Мы разам пераможам. Я кланяюся табе, Украіна»
Удзельнікі Майдану ў адказ разгарнулі транспарант з надпісам па-беларуску: «Кожнага, хто салідарны нам, прыме, накорміць, сагрэе Майдан».
І адказвалі воклічамі: «Жыве Беларусь!»
Журбую — помнішся ў журбе.
Сьвяткую — у сьвяточнай скрусе.
О, Украіна! Я табе
І за гарою пакланюся.
Наканавана помніць двум,
Што па нялюбых не сумуюць,
Што зьберагае толькі сум
Ня памяць рэчы — рэч самую.
І калі б’юць наводмаш страты, —
Каб нешта зьберагчы,
Цябе
Прыкусваю, саланаватую,
Нібы крывінку на губе.
Каментары