Беларускі кавээншчык стаў адным з самых папулярных тэлевядучых Украіны. Дзмітрый Танковіч: «Беларусь застыла, а Украіна стане еўрапейскай краінай»
Заснавальнікі ўкраінскай кампаніі па вытворчасці гумарыстычнага кантэнту «Вавёрка-прадакшн» — тры былыя ўдзельнікі знакамітай беларускай каманды Клуба вясёлых і кемлівых «ЧП». Адзін з іх — Дзмітрый Танковіч — сёння папулярны ўкраінскі тэлевядоўца. Ён пачынаў сваю кар’еру на беларускім тэлебачанні, але не ўбачыў для сябе перспектыў у Беларусі.
Дзмітрый нарадзіўся ў Мінску. Скончыў школу са срэбраным медалём. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДЭУ па спецыяльнасці «улік, аналіз і аўдыт у банку». Цягам дванаццаці год быў удзельнікам каманды КВК «ЧП». З 1999 года пачаў працаваць на беларускім тэлебачанні. Апошнія дзесяць год супрацоўнічае з украінскім тэлеканалам СТБ у якасці вядоўцы праектаў, самыя вядомыя з якіх — «Украіна мае талент», «Танцы з зоркамі», «Танцуюць усе!».
Дзмітрый жыве ў Кіеве разам з жонкай і дачкой. У Мінску ж засталіся маці з братам ды трохі ўспамінаў.
«Я не гляджу КВК»
— Вы пачыналі медыйную кар’еру з КВК. Што азначае для вас гэтая гульня?
— КВК — гэта маладосць, прыгоды і велізарны досвед. Але ў пэўны момант мы зразумелі, што выраслі і мусім зрабіць крок наперад. Было вельмі прыкра, што мы скончылі свой шлях за адзін крок да перамогі. Пасля заканчэння сезону мы ехалі на гастролі ў дэпрэсіі, з якой выбіраліся пару месяцаў. Сумныя былі канцэрты… Але ж здужалі. Цяпер, калі прайшло адзінаццаць год, я бачу, што для асабістага росту кожнага з нас гэтая незавершанасць стала магутным штуршком да самаразвіцця. Яна надала нам рашучасці і трохі злосці. Мы зрабілі ўсё, што можна было зрабіць. Час рухацца далей.
— Пэўна, узнікае жаданне вярнуцца ў той час?
— Бывае, калі мы збіраемся з сябрамі выпіць і пагутарыць, з'яўляюцца думкі: а паедзем, зробім канцэрт, успомнім маладосць! Але наступае раніца, усё становіцца на свае месцы.
— Калі глядзіце КВК цяпер, напэўна, думаеце, што гульня ўжо не тая, ужо не такая смешная?
— Я не гляджу КВК. Няма калі, ды, шчыра кажучы, баюся, што захлісне настальгія. І тады прыйдзецца бегчы ў кіёск па піва (смяецца).
«Беларускія каналы не змагаюцца за гледача»
— Яшчэ вы працавалі на беларускім тэлебачанні і нават у 2009 годзе атрымалі ўзнагароду «Найлепшы вядоўца». Але ж неўзабаве мы бачым вас у Кіеве, зрэшты, як і большасць былых сяброў беларускай каманды КВК. Чаму так?
— Нехта атрымлівае асалоду ад таго, што мае. А мне, каб пачуваць сябе добра, трэба расці. Да таго ж творчае развіццё — любое развіццё асобы — непазбежна павышае ўзровень фінансавага спакою.
— А расці ў Беларусі няможна?
— Мне стала зразумела, што пры тых умовах, што там склаліся, развіццё для тэлебачання і для медыйнай персоны проста не прадугледжанае. Найперш праз тое, што ўсе каналы дзяржаўныя, і канкурэнцыі зусім няма. Яны не змагаюцца за гледача, не зацікаўленыя ў развіцці, у вытворчасці арыгінальнага кантэнту. Не ведаю, як цяпер, а калі я з'язджаў, нават з рэйтынгамі ніхто не працаваў. Не ведалі, што гэта і для чаго.
— Ва Украіне інакш?
— Тут амаль няма дзяржаўных каналаў. Яны развіваюцца вельмі дынамічна — вымушаныя развівацца, бо інакш не выжывуць. Кожны ранак я праглядаю рэйтынгі праграм за мінулы дзень і адразу бачу, падабаецца мая праграма гледачу ці не.
— Пэўны час пасля ад'езду вы працягвалі паралельна працаваць у Мінску. Ці плануюцца зараз нейкія сумесныя з БТ праекты?
— Пачнём з таго, што нашыя топавыя праекты на СТБ, кшталту «Танцуюць усе!», ёсць у інтэрнэце. Так што іх могуць глядзець (і глядзяць) людзі з розных краін, у тым ліку з Беларусі. Я ведаю гэта дакладна таму, што на кастынгі прыязджае вельмі шмат беларусаў.
У межах кампаніі «Вавёрка-прадакшн» мы з задавальненнем супрацоўнічалі б з беларускім тэлебачаннем. Але пакуль не бачым зацікаўленасці. Наш сённяшні досвед, скажам шчыра, нікому ў Мінску не патрэбны.
У мяне склалася ўражанне, што Беларусь у нейкі момант застыла і дагэтуль знаходзіцца ў гэткім стане. Акрамя тэлебачання, тое тычыцца бадай што і ўсяго астатняга. Але мне хочацца верыць, што гэта пытанне часу.
«Я не адхрышчваюся ад Беларусі, але Украіна стала мне роднай»
— У Беларусі такія абставіны праз крызіс?
— Я думаю, любыя фінансавыя складанасці — выдатная матывацыя падняць пятую кропку і пачаць нешта рабіць. Як у любой іншай краіне, ва Украіне таксама хапае людзей, якія кажуць, што ім цяжка. Час крызісу — удалы для самаразвіцця: ён вымушае ўключыць галаву і пачаць рухацца. Але пройдзе яшчэ шмат часу і зменіцца не адно пакаленне, пакуль мы пачнём разумець, што наш дабрабыт залежыць не ад таго, хто і як кіруе краінай. Ён залежыць толькі ад нас.
— Як тады спыніць «уцечку мазгоў» з нашай краіны?
— Для таго, каб людзі не з'язджалі, іх краіна павінна быць краінай магчымасцяў. Роўных для кожнага.
— А ці плануеце самі вярнуцца ў Беларусь?
— Я для сябе не праводжу межаў: тут Беларусь, а тут Украіна. У мяне беларускі пашпарт, у Мінску жывуць мае маці і брат. Ва Украіне ў мяне жонка і дачка. Я ведаю беларускую мову, праўда, размаўляць на ёй тут няма з кім. Вучу ўкраінскую. Ні ў якім разе не адхрышчваюся ад Беларусі, якую люблю. Але сваю будучыню я звязваю з Украінай. Яна таксама стала мне роднай.
— Нават вайна не паўплывала на планы?
– Па шчырасці, я не разумеў, што мне рабіць. Было вельмі страшна. Дагэтуль мне неспакойна за сваю сям’ю — жонку і дачку. З іншага боку, я ведаю, што для Украіны гэта яшчэ адзін шанец. І дагэтуль маю надзею, што ён будзе выкарыстаны. Украіна перастане быць краінай «саўка» і стане еўрапейскай. Я вельмі веру ў гэта, і нішто не перашкаджае мне адкрыта выказваць сваю пазіцыю.
Каментары