Культура1010

«Сведкі вечнасці»: загадкавая Мадонна ў чорным і яшчэ 30 шэдэўраў з усёй Беларусі ШМАТ ФОТА

Выстава старых ікон, абраных з вялікай душой і любоўю, адкрылася ў мінскім Траецкім прадмесці, у Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Гэта сумесны праект з Музеем старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук. Выстава называецца «Сведкі вечнасці».

Музей выставіў стэлаж старажытных рэлігійных кніг са сваіх фондаў. Самая старая — віленская Трыёдзь посная 1609 года. Вялікае Княства тады рыхтавалася да паходу на Маскву, і выдавецкі дом Мамонічаў выпусціў тыраж гэтай богаслужэбнай кнігі спецыяльна для распаўсюджання ў Расіі. Таму кніга аздоблена сціпла, без анёлаў і хімер, у стылі тагачасных маскоўскіх выданняў — каб не шакаваць пакупніка.

Але аснова выставы — старыя іконы з акадэмічнага музея. Прычым, што ні ікона — усё шэдэўр. Музей старажытнабеларускай культуры багаты на шэдэўры, але бачаць іх нямногія — музей знаходзіцца далёка ад цэнтра, ў адным з будынкаў Акадэміі навук (Сурганава 1/2).

Цуд Арханёла Міхаіла з Парахонска на Піншчыне — адна з самых вялікіх і экспрэсіўных на выставе.

У зале больш за 30 ікон, тры з іх — XVII стагоддзя, самая маладая — 1938 года.

Найбольш — з Берасцейшчыны і Паўночнай Беларусі (Глыбокае, Паставы, Докшыцы, Браслаў).

Мадонна з немаўлём з Мастоўскага раёна. XVIII стагоддзе.

На выставе толькі адна ікона з Магілёўшчыны, Маці Божая Балыкінская. Перад вайной Беларускі дзяржаўны музей перадаў яе на выставу ў Маскву, вярнуць не паспелі. Так ікона і збераглася. Арыгінальная святыня — Маці Божая Балыкінская — з XVIII стагоддзя захоўвалася ў Балыкіне (цяпер — сяло ў Бранскай вобласці), цяпер страчана.

Маці Божая Балыкінская з Магілёўшчыны, XVIII стагоддзе. Адзіны на выставе твор, напісаны на дошках, а не на палатне.

Можна пабачыць Іаана Багаслова, у XVIII — XIX стагоддзі намаляванага паверх ўніяцкага епіскапа Іасафата Кунцэвіча. Адсюль характэрная вопратка, поза, антураж.

Тут жа і выявы Аляксандра Неўскага. У некаторых іконах яўна праступае нешта ад сармацкага партрэта.

Іаан Багаслоў з Высокага, Аляксандр Неўскі з Глыбоччыны і Кобрына (унізе). Верхні абраз перадалі ў царкву сяляне вёскі Чарневічы ў гонар адмены прыгоннага права.

Можна ўбачыць унікальныя для Беларусі сюжэты — пахаванне Марыі Егіпецкай і адрачэнне апостала Пятра. Марыю Егіпецкую, святую, якая была блудніцай, раскаялася і 47 гадоў пражыла ў пустыні, у 1779 годзе стварыў брэсцкі майстар Бенедыкт Паўлоўскі. У наш час вядомы яшчэ адзін яго абраз, напісаны ў Кодыні, блізка ад Брэста, але за Бугам, на польскім баку мяжы.

«Адрачэнне апостала Пятра» прывезлі з Лунінца. Мастак намаляваў побач з апосталам пеўніка — нібы працытаваў Хрыста: «Кажу табе, Пётра, не паспее певень тройчы пракрычаць, як ты тройчы адрачэшся ад мяне».

Адрачэнне Святога Пятра, канец XVIII — пачатак ХІХ стагоддзяў. Сімвалічны пеўнік крычыць у левым верхнім кутку.

Большая частка выставы — выявы Божай Маці з Ісусам. Самы стары тут — 400-гадовы спіс цудадзейнай Бялыніцкай іконы. Сама Бялыніцкая ікона прапала ў апошнюю вайну, захаваліся два старажытныя спісы: гэты, з вёскі Тарэйкі пад Нясвіжам, і яшчэ адзін у касцёле вёскі Новая Мыш ля Баранавічаў.

Дзяўчаты разглядаюць старажытную Бялыніцкую Маці Божую. Злева — дыяканскія дзверы з выявай архідыякана Стэфана, вёска Дывын Кобрынскага раёна.

Цудоўная Божая Маці з Ружанаў, спіс аўстрыйскай іконы з горада Пасау. Ікона праславілася ў бітве пад Венай 1683 года. Тады еўрапейская кааліцыя, у яе складзе і Рэч Паспалітая, перамагла Асманскую імперыю. З Пасаўскай [Пасовской] іконы сталі рабіць спісы і ў нас.

Божая Маці Пасаўская з Ружанаў і мілая Мадонна з Докшыц (унізе)

Самай маладой іконе — 80 гадоў, гэта Божая Маці Чанстахоўская з вёскі Пелішча на Камянеччыне.

Божая Маці Чанстахоўская 1938 года. Побач — Маці Божая Пясчаная (спіс кракаўскай іконы) з Глыбокага і Маці Божая Бярдзічаўская з вёскі Субаты Драгічынскага раёна (унізе справа).

Звярніце ўвагу на месяц з чалавечым тварам на іконе Маці Божай Бярдзічаўскай. Магчыма, гэта сімвал Тышкевічаў, якія заснавалі кляштар у Бярдзічаве, — месяц быў на іх гербе, патлумачыла куратар выставы Галіна Флікоп-Світа з Музея старажытнабеларускай культуры.

«Беззаганнае Зачацце» з Браслава, пачатак ХІХ стагоддзя. Божая Маці стаіць на зямным шары, топча змея-спакусніка з яблыкам — сімвал чалавечых грахоў.

Пабачыць шэдэўр у італьянскім стылі — докшыцкую Мадонну з лілеямі і цюльпанамі, загадкавую Мадонну ў чорнай хустцы і 30 іншых шэдэўраў можна да 10 сакавіка (Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Траецкім прадмесці, вуліца Багдановіча, 13).

Выстава працуе штодзень, акрамя нядзелі, з 9:30 да 17:30 (каса працуе да 17:00), а па серадах — з 9:30 да 19:00 (каса працуе да 18:30).

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня1

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Усе навіны →
Усе навіны

У Турцыі збіраюцца забараніць шведскія сталы ў гатэлях і рэстаранах. Мільёны тон ежы выкідаюцца10

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»31

«Мы планавалі да 9 мая гэта зрабіць, але кіроўцы пайшлі на Вялікдзень у запой». Кіраўнік СБУ расказаў падрабязнасці пра аперацыю «Павуцінне»4

Кэралайн Лівіт: Магчыма, у будучыні плануецца паездка Трампа ў Расію10

«Не звязана з вайсковымі вучэннямі». Мінтранс Літвы пракаментаваў скасаванне рэйсаў з Беларусі6

Зяленскі паведаміў пра «добрыя навіны» і расказаў, што адбылося каля Дабраполля2

«Змеі паслядоўна ўціраюцца ў давер». Азаронак не пакінуў каменя на камні ад знакавых прарасійскіх актывістаў16

«Не выпускае Літва». Чаму перавозчыкі масава адмянілі аўтобусы паміж Мінскам і Вільняй?5

Закінуты санаторый на Браслаўскіх азёрах зноў трапіў на аўкцыён. Тры гады таму інвестар купіў яго за рэкордную суму

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня1

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць