Здароўе11

«У 46 год навучыўся ездзіць у транспарце». Чырвоны Крыж выпусціў кнігу прызнанняў людзей з расстройствам псіхікі

Чырвоны Крыж упершыню ў Беларусі выпусціў зборнік прызнанняў людзей з сур'ёзнымі формамі расстройства псіхікі. Гісторыі розныя: адны не змаглі перажыць смерць блізкіх, іншыя — растанне з мужам або стрэс на працы. У «Адчыненым доме» яны перасталі баяцца людзей, завялі знаёмствы, знайшлі сілы вярнуцца да працы ці навучыліся карыстацца грамадскім транспартам.

«У нейкі момант мне здалося, што я абсалютна здаровая, і перастала прымаць таблеткі. Пасля было абвастрэнне. Я стала паводзіць сябе агрэсіўна, мне перасталі прыносіць задавальненне мае хобі, якімі я займалася. Мяне шпіталізавалі ў стацыянар», — згадвае 21-гадовая Вера.

Такіх гісторый у зборніку «Запаліць пагаслую зорку» сабралася з дзясятак. У кнізе таксама прадстаўлены вершы і малюнкі герояў — аказалася, што ў іх шмат прыхаваных талентаў.

Як адзначаюць эксперты, таўро «ненармальнасці» пакуль яшчэ застаецца стандартнай рэакцыяй грамадства на людзей з псіхічнымі захворваннямі. Але толькі ад яго ніхто не застрахаваны: псіхічныя расстройствы ўзнікаюць і ў здаровых людзей з выдатнай «генетыкай». У Чырвоным Крыжы заклікаюць грамадства пазбавіцца ад стэрэатыпаў і страхаў перад «дзіўнымі людзьмі».

Цяпер героі кнігі ўпэўнена дзеляць сваё жыццё на «да» і «пасля». Хаця кепскае згадваюць ахвотней.

«У мяне была цяжкая жыццёвая сітуацыя. Пастаянныя дэпрэсіі, бяссонныя ночы… Я вельмі баялася адкрыцца, даверыцца чалавеку. Я паспрабавала хадзіць да псіхолага, псіхатэрапеўта. І, шчыра кажучы, «была сытая па горла» гэтымі паходамі, — распавядае 27-гадовая Вольга. — Я вельмі баялася меркавання навакольных людзей і стала весці яшчэ больш ізаляваны лад жыцця, вельмі «замкнулася ў сабе». Не магла пазбавіцца ад прыгнятальных думак з мінулага».

У кожнага з герояў была свая прычына, з-за якой прыйшла хвароба. І кожны доўгі час не разумеў, што адбываецца і наколькі гэта сур'ёзна.

«Я нарадзіўся ў сям'і мікрабіёлагаў і ледзь не з дзіцячага садка цікавіўся навукай, фантастыкай і цікавымі гісторыямі. Але з цяжкасцю навучаўся, пастаянна з кімсьці ваяваў, прагульваў урокі. А на мяжы стагоддзяў і тысячагоддзяў ў маім лёсе была закладзена міна запаволенага дзеяння ў выглядзе пастаноўкі на псіхіятрычны ўлік і прысваення групы інваліднасці. Але да паўналецця і заканчэння школы я не ўспрымаў гэтыя паперкі сур'ёзна і нават быў рады бясплатнаму праезду», — успамінае 27-гадовы Андрэй.

Усе героі, сутыкнуўшыся з бядой, апынуліся ў «Адчыненым доме» і змаглі змяніць сваё жыццё да лепшага. Каб пазней прайсці свой шлях і знайсці ў сабе мужнасць распавесці пра тое, што перажылі.

Вярнуцца да паўнацэннага жыцця ім дапамаглі ў «Адчыненым доме» ў цэнтры Мінска. Праз праект Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Падтрымка людзей з псіхічнымі захворваннямі» прайшлі 140 чалавек. Ва ўсіх — шызафрэнічнае або біпалярнае расстройства псіхікі. З іх больш за 80 чалавек дамагліся ўстойлівай рэмісіі — ім не трэба раз на год або раз на паўгода класціся ў стацыянар. Пры гэтым 44 чалавекі знайшлі сабе працу ці падпрацоўку, а 5 чалавек стварылі сям'ю.

Па словах спецыялістаў, героі кнігі зноў здабылі простыя, але такія важныя радасці: працу, сям'ю і хобі. А галоўнае — перасталі лічыць сябе душэўнымі інвалідамі.

«Пасля шматгадовага знаходжання толькі ў кватэры і бальніцы, я зноў свабодна жыву. Я падарожнічаю па Мінску і Беларусі. Наведаў многіх сваякоў, пабываў на экскурсіях, паплаваў на Мінскім моры», — цешыцца 30-гадовы Анатоль.

Чытаючы гісторыі, часам складана паверыць, што чалавек мог жыць зусім па-іншаму. І нават ні разу не ездзіў у гарадскім аўтобусе.

«Цяпер я навучыўся карыстацца грамадскім транспартам, стаў размаўляць з людзьмі. Разам з гасцямі і валанцёрамі мы хадзілі ў крамы адзення і абутку. Мне прапанавалі змяніць імідж. І гэта сапраўды надало мне ўпэўненасці. У мяне наладзіліся адносіны з дачкой, я магу цяпер бачыцца і мець зносіны з ёй часцей», — гаворыць адкрыта 46-гадовы Аляксандр.

Некаторыя героі змаглі не толькі завесці сяброў, але і стварыць сем'і.

«Калі раней я баялася якіх-небудзь стасункаў, то цяпер я адчула нейкую надзею. І вось пасля аднаго года знаёмства мой хлопец зрабіў мне прапанову. Раней я думала, што з маёй хваробай мне няма чаго думаць ні пра які замуствы, а цяпер, ведаючы маю сітуацыю, ён усё ж такі вырашыў ажаніцца са мной. І вось у траўні мы распісаліся», — прызнаецца 36-гадовая Ірына.

У «Адчыненым доме» нікога не называюць пацыентамі — толькі гасцямі. У ім няма лекараў-псіхіятраў, хоць супрацоўнікаў цэнтра кансультуюць спецыялісты РНПЦ псіхічнага здароўя і Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансэра.

У цэнтры падкрэсліваюць, што ў становішчы герояў можа апынуцца кожны: моцны стрэс, складаныя жыццёвыя абставіны або хранічнае захворванне могуць прывесці да псіхічнага расстройства. «Важна, каб было жаданне рухацца наперад і змагацца са сваёй хваробай», — звяртаюць увагу ў Чырвоным Крыжы.

«Адчынены дом» Чырвонага Крыжа працуе па працоўных днях з 10 да 19 гадзін у Мінску па вуліцы Чырвонай, 3. Наведваць яго можна бясплатна — цэнтр адчынены для ўсіх, хто мае патрэбу ў псіхалагічнай і сацыяльнай падтрымцы.

Каментары1

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі прапанаваў правесці трохбаковую сустрэчу з Пуціным і Трампам

Шрайбман: Цяперашнія канфлікты ў апазіцыі ўжо мала каго цікавяць14

Работнікі МНС выратавалі на пажары сабаку і ката, а потым зрабілі ім штучнае дыханне

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

14-гадовая Віка адмовіла ў сэксе — і гэта стала прычынай панажоўшчыны, у якой загінулі чацвёра падлеткаў у Байкальску11

На бетонным заводзе ў Гомелі загінуў кіроўца цэментавоза

«Тыдзень у Бразіліі, дзе цябе абрабуюць, або два тыдні ў бяспечнай Беларусі». Па што замежнікі едуць у нашу краіну6

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан7

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць