Палітвязні-2020. Гісторыя кіроўцы аўтадома Аляксандра Арановіча, які застаўся без грошай і далучыўся да «Краіны для жыцця»
Аляксандр Арановіч быў кіроўцам аўтадома «Краіны для жыцця». Звычайны рабацяга з райцэнтра, які наўрад ці звязаўся б з палітыкай, калі б было за што карміць сям’ю. Далучыцца да Сяргея Ціханоўскага ён вырашыў пасля таго, як яго на грошы кінуў калгас.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2020_07/-gioy5.jpg.webp)
Рос без бацькі, займаўся грузаперавозкамі
37-гадовы Аляксандр са Старых Дарог. Маці расціла яго адна.
«Жылі бедна, у маленькім доме. Грыбы здавалі, Саша дапамагаў маці. Яна калісьці ў аддзеле культуры працавала, на дыскатэках на ўваходзе дзяжурыла, дык Саша яе часам падмяняў. Малодшага брата няньчыў», — расказвае Сяргей Клімовіч, які ведае Арановіча з дзяцінства.
У школе Аляксандр займаўся барацьбой. Пасля паступіў у Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Але ў спорт далей не пайшоў — трэба было зарабляць, каб за штосьці жыць.
Мужчына працаваў на будоўлях, а пасля заняўся грузаперавозкамі. На нейкі час уладкаваўся кіроўцам да маці з айчымам — у тых было ІП, якое нарыхтоўвала грыбы і ягады.
«З тэхнікай ён сябраваў. Купіў старую грузавую машыну, сам перарабіў яе. Пасля абмяняў на большае аўто, калі вайсковыя часткі распрадавалі тэхніку. Ён рабацяга», — расказвае пра прыяцеля Сяргей.
Апошнім часам Аляксандр працаваў як іпэшнік на калгас — вазіў кармы, бульбу. Але ў гаспадарцы пачаліся праблему — яны былі вінны мужчыне вялікую суму. Прапаноўвалі разлік па бартару — але каму патрэбна машына буракоў? Таму Аляксандр не стаў з імі далей звязвацца.
У сюжэце «Беларусь 1» расказвалі, што ў яго была судзімасць, па якой ён адбываў пакаранне ў жодзінскай калоніі. Тэрмін мужчына атрымаў за бойку. «Гэта даўно было. Дый вы ж ведаеце, якое ў нас правасуддзе. Саша знешне граміла, але ўнутры добры чалавек. У яго шмат сяброў, ён ніколі не падводзіў. Калі трэба — дапаможа, не балабол», — адгукаюцца сябры.
Двое дзяцей, жонка працуе у выканкаме
У Старых Дарогах Арановіча чакае сям’я — жонка і двое дзяцей. Жонка Вікторыя працуе ў адзеле эканомікі райвыканкама.
«З працы не звольнілі пакуль», — усміхаецца яна.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2020_07/-2-e56n7.jpg.webp)
Да каманды Ціханоўскага Арановіч далучыўся летась, паклікаў хтосьці са знаёмых.
«Раней ён палітыкай не цікавіўся. Але, канечне, былі праблемы, ад добрага жыцця на такія крокі не пойдзеш. Я была супраць яго ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах, паколькі зразумела было, чым усё скончыцца», — дзеліцца Вікторыя.
«Ды цяпер усе палітыку абмяркоўваюць, — заўважае прыяцель Сяргей. — Вось слухаем па тэлебачанні, што ўсе атрымліваюць па $500 даляраў. У Старых Дарогах $150 заробак. Я працую ў Расіі 22 гады, там таксама слухаюць тэлебачанне. «У вас такі добры прэзідэнт, навошта вам сюды ездзіць?» — здзіўляюцца».
Канфіскавалі грошы, якія маці збірала на вучобу малодшаму сыну
Першы раз Арановіча затрымалі 6 мая, на наступны дзень пасля сустрэчы з людзьмі ў Магілёве. Разам з ім тады схапілі Арцёма Сакава і Уладзіміра Няронскага, якія таксама ў камандзе «Краіны для жыцця». За «арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу з публічным асуджэннем улады» Аляксандр атрымаў шэсць сутак.
Другі раз яго затрымалі 29 мая падчас пікету па зборы подпісаў у Гродне. Як і іншых «ціханоўцаў», мужчыну абвіначваюць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2020_07/-3-nnaa6.jpg.webp)
Пра тое, што Сашу забрала міліцыя, сваякі даведалася праз інтэрнэт. Дома ў сям’і двойчы праходзілі вобшукі. Як расказвала «Вясне» маці Арановіча, працавалі следчыя з Мінску, панятымі першы раз прывялі не мясцовых. У выніку канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара і грошы.
«Гэта быў наш сямейны запас. У мяне іншы сын яшчэ вучыцца на платным аддзяленні, таму я цяпер вымушаная пазычаць грошы ў знаёмых», — дзялілася маці.
Аляксандра трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Апошні суд па ім быў 2 ліпеня — за ўдзел у пікеце 29 мая мужчыну накінулі 10 сутак.
Каментары