Палітвязні-2020. Як былы пагранічнік Арцём Сакаў стаў аператарам у камандзе Ціханоўскага
Былы пагранічнік, які захапляўся фатаграфіяй і прамяняў службу па кантракце на творчасць. Аператар канала «Краіна для жыцця» Арцём Сакаў — адзін з фігурантаў «справы Ціханоўскага». Пра яго сям'ю, працу і жыццё за кратамі — у матэрыяле «Нашай Нівы».
«Пасля арміі запрашалі і ў міліцыю, і ў ахову»
Арцём родам з гарадскога пасёлка Карма (Гомельская вобласць). Яго бацькі і цяпер жывуць там. Маці метадыст у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, бацька — вядучы інжынер на мясцовым філіяле Белтэлекама.
Старэйшы брат Арцёма жыве ў Італіі і працуе інжынерам. Ён атрымаў у Беларусі дзве вышэйшыя адукацыі (па спецыяльнасці «настаўнік матэматыкі і інфарматыкі» і «інжынер-праграміст») і паступіў у магістратуру Балонскага ўніверсітэта. Але пакуль прыпыніў вучобу: занадта дорага, няма зніжкі на аплату, як гэта было ў першы год.
Арцём у Італію таксама ездзіў — гасцяваў у сям’і па «чарнобыльскай» праграме. Сакавы дагэтуль падтрымліваюць з імі сувязь. На 16 год італьянцы падарылі Арцёму паўпрафесійны фотаапарат.
«Яны бачылі, што ён захапляецца фота, што ў яго ёсць свой погляд на рэчы. Арцём адразу пасля школы пайшоў працаваць на дзяржаўнае прадпрыемства «Кінавідэасетка» ў Карме. Займаўся здымкай выпускных у школах і дзіцячых садках. Заказаў было шмат», — расказвае маці Ларыса Сакава.
Паралельна хлопец вучыўся на завочным аддзяленні ў машынабудаўнічым тэхнікуме. Але праз год яго прызвалі ў армію. Арцём служыў у пагранічных войсках. Як вярнуўся з арміі, забраў дакументы з тэхнікума і падаў у дарожна-будаўнічы каледж. Праўда, і яго не скончыў — праз службу па кантракце не змог прыязджаць на сесіі.
«У арміі ў пагранічных войсках яму спадабалася. І адказная праца, і каманда. Таму вырашыў працягнуць там службу, хоць было шмат лістоў — яго запрашалі на працу і ў Мінскі метрапалітэн, і ў міліцыю, і ў пазаведамасную ахову», — дзеліцца маці.
Пагранічнікам Арцём працаваў два гады. Знаёмыя кажуць, што звольніўся, бо не задаволілі ўмовы. Ларыса таксама ўспамінае, што сыну даводзілася няпроста.
«Ён казаў, што з такой працай цяжка мець сям’ю, бо на ні на што не застаецца часу».
З 2018 года Арцём працаваў аператарам. Жыў у Гомелі, здымаў рэкламныя ролікі і вяселлі. Маці заўважае, што ён з галавой сышоў у прафесію.
«Калі выдавалася вольная хвіліна, сустракаўся з аднакласнікамі, прыязджаў сюды. Яны з дзяцінства збіраюцца — у іх была футбольная і валейбольная каманда, ганялі мяч у двары».
«З Ціханоўскім звёў агульны знаёмы»
З Сяргеем Ціханоўскім Арцём пазнаёміўся год таму. Іх звёў агульны знаёмы, які шукаў яшчэ аднаго аператара на здымку.
Спакойны Сакаў пра палітыку з бацькамі асабліва не гутарыў. Але, канечне, бачыў, што адбываецца ў краіне і як жывуць людзі ў рэгіёнах. Зрэшты, па прыклады безгаспадарчасці далёка хадзіць не трэба было — «Кінавідэасетка», дзе хлопец працаваў да арміі, развалілася.
Першы раз Сакава затрымалі 6 мая пасля сустрэчы каманды Ціханоўскага з жыхарамі Магілёва. Хлопцу далі пяць сутак. Наступны раз быў 31 мая ў Гродна. Бацькі пра затрыманне даведаліся з інтэрнэту: глядзелі стрым. Дзе іх сын, ім паведамілі не адразу. Толькі калі Арцёма перавялі ў мінскі ізалятар на Акрэсціна, бацькам сказалі пра яго месцазнаходжанне.
Цяпер хлопец у СІЗА на Валадарскага. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
На яго здымную кватэру і да бацькоў прыходзілі з вобшукам. Канфіскавалі кубкі, маскі і налепкі з надпісамі «Краіна для жыцця» і «Стоп, таракан». Забралі таксама з дзясятак камп’ютарных дыскаў — на іх Арцём з братам яшчэ дзецьмі запісвалі гульні і фота.
«У лістах піша: усё нармальна, сяджу»
Ларыса Сакава бачыла сына 2 ліпеня па відэасувязі.
«Арцём схуднеў, але перадаў праз адваката, што, наколькі гэта магчыма, не падае духам. Піша лісты. Кажа, утрыманне і харчаванне, як у арміі. Пытаецца, як справы ў нас з бацькам, а пра сябе дадае: «У мяне ўсё нармальна, сяджу. Быў раней законапаслухмяным грамадзянінам, а цяпер самі разумееце».
Толькі ў панядзелак Ларыса даведалася, што Арцёма яшчэ 1 ліпеня змясцілі ў карцар на пяць дзён.
«Не ведаем, яго перавялі ўжо адтуль ці яшчэ за што суткі накінулі. Адправілі ў карцар за няголенасць, торбу, якая стаяла не там, дзе трэба, і за павуцінне ў куце.
«Арцём спачатку не казаў нам, не хацеў хваляваць, мы чыста выпадкова даведаліся, — ледзь стрымлівае слёзы маці. — Раней нам паведамлялі, што сын у медыцынскай частцы быў, паколькі ў яго тэмпература была пры паступленні ў СІЗА».
Пасля першага затрымання бацькі гутарылі з Арцёмам на гэту тэму. Але не прасілі, каб ён кінуў супрацу з Ціханоўскім.
«Калі ён упэўнены, што не парушае закон і робіць усё правільна, то навошта яго адгаворваць? Яму падабалася здымаць. Сын перажываў толькі, што ён гэтым дастаўляе нам клопаты. Але мы бацькі — для таго мы і расцілі дзяцей, каб адказваць за іх і падтрымліваць ва ўсім».
Каментары