Культура33

«Сумленне даражэйшае» — Ілля Сільчукоў пра звальненне з Вялікага тэатра за «амаральны ўчынак»

Шэраг звальненняў адбыўся ў Вялікім тэатры оперы і балета, супрацоўнікі якога ад жніўня актыўна выказваюцца пра падзеі ў краіне. Сярод звольненых аказаўся і вядучы саліст тэатра Ілля Сільчукоў, які пасля выбараў адмовіўся ад звання тройчы лаўрэата прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі, паўдзельнічаў у акцыях салідарнасці на прыступках філармоніі, праспяваў «Магутны Божа» ў адмысловым кліпе і, нарэшце, зняўся ў відэазвароце дзеячаў культуры ў падтрымку «народнага ўльтыматума». Пра ўчорашняе звальненне яму паведамілі толькі сёння.

— Мне патэлефанавалі з аддзела кадраў і сказалі, што ўчора я быў афіцыйна звольнены па артыкуле за здзяйсненне нейкага там амаральнага ўчынку, які не дазваляе мне далей працаваць у Вялікім тэатры. Які гэта амаральны ўчынак, мне не ўдакладнілі, але сказалі, што паводле юрыстаў такі артыкул дазваляе звольніць чалавека, нават калі ён знаходзіцца на бальнічным. Выпіску з загада мне даслалі па пошце.

— Хто-небудзь з кіраўніцтва з вамі звязваўся?

— Не, пра звальненне мне паведамілі толькі з аддзела кадраў.

— А ўчора вы адкуль даведаліся пра верагоднае звальненне?

— Ад сяброў і з сацыяльных сетак. Днём мне тэлефанавалі з кіраўніцтва — там у іх ішла нейкая размова — і запытвалі, ці заклікаў я да забастоўкі ў звароце дзеячаў культуры, што быў апублікаваны. Я адказаў, што асабіста я агучваў іншыя рэчы — што трэба падтрымаць салідарнасць беларусаў у гэты цяжкі час словам, стужкай і дзеяннем — і калі ўважліва слухаць, іх можна пачуць. Адчуваю, гэта і быў той «амаральны ўчынак», які не дазваляе мне больш працаваць у Вялікім тэатры.

— Вы ўжо са жніўня рознымі спосабамі выказвалі сваю пазіцыю. Ці ўзнікалі ў вас праз гэта праблемы ў тэатры?

— Была размова з кіраўніцтвам: у даволі прыстойнай форме, інтэлігентна нас папрасілі, каб сваю грамадскую пазіцыю мы агучвалі толькі па-за межамі тэатра і толькі ў непрацоўны час. Мы так і рабілі. Нейкіх артыкулаў за прагулы ці пакаранняў у мяне не было, а я пятнаццаць гадоў адпрацаваў у Вялікім.

— У тэатры былі зладжаныя даволі магутныя акцыі салідарнасці. Праз іх маштаб здаецца, што іх арганізацыя падтрыманая кіраўніцтвам, а як было насамрэч?

— Нічога не магу сказаць наконт кіраўніцтва, ведаю толькі, што наш дырэктар цяпер на каранціне, як і, мусіць, палова тэатра. Але абыякавых людзей у нас зусім не засталося, мы ж усе бачым, што адбываецца вакол, і кожны стараецца агучыць сваю пазіцыю, выказаць сваё меркаванне.

— То-бок пратэст у Вялікім падтрымлівае большасць?

— Канечне. У тэатры ўсё як у нашым грамадстве, нічога не адрозніваецца. Тэатр, можа, нават у авангардзе гэтага руху, бо мы артысты і, выходзячы на сцэну, мусім казаць пра самае важнае — пра дабро і зло, пра чалавечую годнасць, пра вартыя ўчынкі. А калі бачыш вакол такі дысананс, выхад на сцэну становіцца крывадушным. Артысты ўсё адчуваюць больш востра і адпаведна рэагуюць. Калі яшчэ мы збіралі подпісы ў падтрымку купалаўцаў, у нас падпісаліся салісты, заслужаныя і народныя артысты, вядучыя дырыжоры, рэжысёры-пастаноўшчыкі — усе яны выказалі сваю пазіцыю.

— Ці адчувалі вы гонар працаваць у Вялікім і быць датычным да яго?

— Канечне, тэатр быў нават не месцам працы, а маім родным домам. Гэта мой першы і адзіны тэатр, тут я нарадзіўся як артыст і спявак, на яго сцэне адбыўся мой першы оперны спектакль — гэта быў «Яўген Анегін», таму, вядома, для мяне гэта вялікая рэч.

— Вы перажываеце праз звальненне?

— Я проста раблю тое, што мушу рабіць, тое, што мне падказваюць сэрца і сумленне. Вядома, непрыемна быць звольненым, ёсць няўпэўненасць у заўтрашнім дні, але што зробіш, цяпер усе беларусы ў такіх умовах. Маё сумленне мне даражэйшае за астатнія рэчы.

Учора з тэатра былі таксама звольненыя першая скрыпка аркестра Рэгіна Саркісава, скрыпачка Ала Джыган, альтыстка Аляксандра Пацёміна і дырыжор Андрэй Галанаў. Тым часам прэс-служба Вялікага паведаміла, што ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй да 20 лістапада ў тэатры адмененыя ўсе спектаклі і канцэрты.

Каментары3

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Усе навіны →
Усе навіны

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

У Польшчы ёсць свае сёстры Груздзевы — сёстры Гадлеўскія ВІДЭА2

У цэнтры Мінска з'явілася кафэ ў афрыканскім стылі. Каб яго адкрыць, уласніца прадала кватэру4

Хто такія садыкі? Расійскія вайскоўцы ў Сірыі нарадзілі адмысловы слэнг16

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску77

У спа-зоне аквапарка «Лебядзіны» здарыўся пажар

Ва Узбекістане затрымалі вядомага расійскага журналіста Аляксея Піваварава і яго здымачную групу8

Пуцін зацвердзіў рэкордныя ваенныя расходы на 2025 год2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага14

Аўтаслесар, афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Галоўнае
Усе навіны →