Высокая госця з Еўропы натхніла Аляксандра Лукашэнку на паэтычны стыль. Такой канцэнтрацыі метафар, што прагучалі з яго вуснаў 22 чэрвеня на сустрэчы з еўракамісаркай Бенітай Ферэра-Вальднер, могуць пазайздросціць нават аўтары лірычных санетаў.

Ён казаў пра белую кашулю дыпламата (на якую не прэтэндуе, але затое — шчыры); пра мост між Захадам і ўсходам; пра нафтавыя, газавыя ды транспартныя артэрыі, што пралеглі цераз нашу краіну; пра двух монстраў — Расію і Еўрасаюз, з якімі трэба адначасна ладзіць. І нарэшце прапанаваў — што б вы думалі? — сэрца.

Высокая госця таксама дэманстравала ў Мінску паэтычны стыль. У прыватнасці, заявіла на сустрэчы з грамадскасцю ў гатэлі «Еўропа»: «Я, калі дазволіце, маці «Усходняга партнёрства».

Паэзія, зрэшты, ішла поруч з прагматызмам. Лукашэнка шчыра заявіў, што хоча ад Старога свету інвестыцый, тэхналагічнай мадэрнізацыі. «А што мы пакладзем на шалю вагаў у дачыненнях з Еўропай?» — рытарычна спытаўся ён. І выклаў козыр-вобраз: «Еўропа не можа быць без свайго сэрца».

Калі ж без паэзіі, то козырамі Беларусі названы транзітнае становішча ды функцыя фільтра ад нелегалаў, наркатрафіку, радыёактыўных матэрыялаў, іншых непажаданых для бабулі Еўропы раздражняльнікаў. Ні слова аб дэмакратычных рэформах, правах чалавека ды іншых «эфемерных рэчах».

Зрэшты, і еўракамісарка казала пра гэтыя матэрыі неяк нясмела. Ужо не 12 патрабаванняў, а толькі «шэраг просьбаў», не ўсе з якіх, маўляў, яшчэ выкананы. Спадарыню Вальднер усцешыла, што гаспадар сустрэчы «вельмі ўважліва прыслухаўся да таго, што я казала». З яе слоў, Беларусі трэба «даць час» для рэформаў і пры гэтым «настроіцца пазітыўна».

Між тым госця таксама дэманстравала сімвалы прагматызму: абмянялася з міністрам замежных спраў Мартынавым тэкстамі мемарандуму аб узаемаразуменні ў галіне энергетыкі (таксама званочак Маскве) ды прывезла ў Мінск 10 мільёнаў еўра на харчовыя праграмы. Беларусі абяцаюць расчыніць еўрапейскія рынкі.

«Не думаю, што задача дэмакратызацыі Беларусі для Бруселя зараз на першым плане, — мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. — Найперш ЕС пераследуе геапалітычныя мэты».

Візіт Ферэра-Вальднер выпадкова наклаўся на фон нядаўняй малочнай вайны з Расіяй. Але Лукашэнка не прамінуў празрыста намякнуць: Еўрасаюзу варта ўлічыць, як заўзята беларускае начальства бароніць суверэнітэт ад імперыі. «Чаго мы хочам ад Еўропы? Каб еўрапейцы разумелі, што Беларусь — не толькі геаграфічны цэнтр гэтага кантынента, тут жывуць вельмі прыстойныя, сумленныя, працавітыя людзі, тут існуе незалежная суверэнная дзяржава, і замахвацца на гэта, як бы камусьці ні хацелася, мы дазволіць не можам».

Падтэкст: пад крамлёўцаў не ляжам, але ж і вы ацаніце, не патрабуйце зашмат (а яшчэ лепей: дапамажыце матэрыяльна)!

Малочную ж вайну Мінск па вялікім рахунку выйграў. І зараз у голасе расійскага начальства дамінуюць прымірэнчыя ноткі. Паводле выдання «Русский Newsweek», «у Маскве прызнаюць, што справа зайшла занадта далёка. Рэакцыя з расійскага боку была залішне эмацыйнай, кажа чыноўнік Белага дома. Бамбіць беларусаў з усіх гармат Масква не будзе».

Візіт Ферэра-Вальднер, бадай, толькі ўзмоцніць крамлёўскія фобіі.

Рызыкну спрагназаваць, што на эскалацыю газавага канфлікту Расія зараз не пойдзе.

Бо тут і хмары на газавым фронце з Украінай, і боязь чарговага асіметрычнага адказу з боку Беларусі (як было на піку малочнай вайны: вось зараз нашы мытнікі будуць разбірацца з вашымі фурамі па поўнай праграме, а там і зусім мяжу паставім па ўсіх канонах). І, нарэшце, традыцыйны экзістэнцыяльны страх расійскіх эліт, што вераломны Захад адрэжа апошняга хаўрусніка.

На думку Карбалевіча,

Крэмль зараз, наадварот, маракуе, як задобрыць Лукашэнку, каб далучыўся да рашэнняў апошняга саміту АДКБ. Карацей, за дэмарш (памятаеце, ён не паляцеў тады ў Маскву) трэба яшчэ і даплачваць. Бо іначай задуманае Крамлём «антыНАТО» выглядае зусім бутафорскім утварэннем.

«Рэсурс палітыкі арэляў для Лукашэнкі зусім не вычарпаны, — мяркуе эксперт. — Беларускі бок ужыў яшчэ не ўсе аргументы». У прыватнасці, зазначае суразмоўца, Масква засцерагаецца страціць два важныя вайсковыя аб’екты на беларускай тэрыторыі (РЛС пад Ганцавічамі і вузел сувязі ВМФ пад Вілейкай). Або, як мінімум, атрымаць за іх астранамічны рахунак.

На думку Карбалевіча, Расія можа зменшыць прэферэнцыі Мінску, але цалкам ад іх не адмовіцца.

Іншы мінскі эксперт — Андрэй Фёдараў таксама адзначае, што Расія зараз змякчыла тон і «дае Лукашэнку магчымасць адгуляць назад». На думку эксперта,

расійскі грант Мінску наўпрост залежыць ад таго, наколькі тамтэйшыя стратэгі баяцца страціць «беларускі балкон».

Сапраўды, у Маскве нібыта і разумеюць, што ніякія танкавыя ці авіяармады цераз Беларусь не хлынуць. Але рацыянальнае мысленне дае збой ад просценькай страшылкі, выдатна засвоенай Лукашэнкам: хочаце НАТО пад Смаленскам?

Так што

Масква будзе яшчэ доўга праплачваць беларускаму рэжыму ўмоўную лаяльнасць. Праўда, «здымаць вяршкі прэферэнцый стане цяжэй», дадае Фёдараў.

Што ж да еўрапейскага вектару, то тут эксперт прагназуе дробныя саступкі кшталту акрэдытацыі «варожых галасоў». На праведзеных нядаўна ў Празе кансультацыях з ЕС па правах чалавека беларускія афіцыйныя асобы намякнулі, што спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», «Радыё Рацыя», «Еўрапейскае радыё для Беларусі» маюць шанс легалізавацца.

Падобны прагноз і ў Валера Карбалевіча. На яго думку,

Мінск будзе рабіць нейкі мінімум дэмакратычнай касметыкі (напрыклад, другарадныя змены ў выбарчае заканадаўства). А Еўрасаюз зробіць выгляд, што гэта «зрухі, якія абнадзейваюць». «Такая гульня будзе доўжыцца як мінімум да наступных прэзідэнцкіх выбараў, — прагназуе эксперт. — Што ж будзе далей — непрадказальна. Паглядзіце, што робіцца ў Іране».

Заўважу, аднак, што ў Іране, пры ўсёй яго спецыфіцы, палітыка непараўнальна болей канкурэнтная, чым у аўтакратычным «сэрцы Еўропы». Беларуская ж апазіцыя пакуль што, здаецца, у патавай сітуацыі. Выбарчая сістэма, заточаная пад «элегантныя перамогі» аднаго палітыка, да наступных прэзідэнцкіх выбараў (у канцы 2010 ці пачатку 2011 года) не зменіцца. Акрамя таго, абвастрылася праблема рэсурсаў ды тузаніна ў самім апазіцыйным лагеры.

Для Еўропы ж яшчэ адзін, чацвёрты тэрмін Лукашэнкі — як ні цынічна гэта з гледзішча беларускіх змагароў за дэмакратыю — наўрад ці выглядае трагедыяй. Сваю негалосную згоду на гэта Брусель можа расцаніць як прымальны прамежкавы ход у доўгатэрміновай геапалітычнай камбінацыі.

Абы толькі быў выстаўлены на беларускую ўнутрыпалітычную сцэну нейкі мінімум дэкарацый, што «даюць надзею».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?