Год таму ў Гродне затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Вось як гэта было
29 мая 2020 года блогера і заснавальніка «Краіны для жыцця» Сяргея Ціханоўскага затрымалі на перадвыбарным пікеце ў Гродне. З таго часу прайшоў год. Падзеі таго дня паўплывалі на жыцці многіх беларусаў. Паглядзіце, як гэта было.
29 мая 2020 года ў Гродне АМАП затрымаў блогера Сяргея Ціханоўскага і яго аператара. Затрыманне трапіла ў жывы эфір.
Спачатку ў кадры з'явіліся дзве жанчыны-правакатаркі, якія патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў на іх пытанні. Блогер сыходзіў ад іх, але яны пераследвалі яго.
Неўзабаве з'явіліся двое міліцыянтаў. Адзін з іх пацягнуў Ціханоўскага за руку, людзі кінуліся адбіваць блогера.
У гэтай мітусні нехта штурхануў міліцыянта, ён упаў.
Тут і з'явіўся АМАП, які затрымаў Ціханоўскага.
«Хлопцы, нейкая правакацыя, мы нічога не рабілі», — паспеў сказаць блогер.
Затрыманых адвялі ў мікрааўтобус. Людзі спрабавалі не даць яму з'ехаць, але міліцыі ўдалося звезці блогера.
Каля УУС знаходзіліся дзясяткі людзей.
Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар youtube-канала «Краіна для жыцця».
У 2019 годзе Сяргей стварыў youtube-канал «Краіна для жыцця», які менш чым за год стаў самым папулярным у беларускім сегменце Youtube. Блогер актыўна ездзіў па рэгіёнах Беларусі, сустракаўся з падпісчыкамі, браў у іх інтэрв'ю, падчас якіх мясцовыя жыхары распавядалі аб сваіх праблемах.
Ціханоўскі выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта, аднак перад самым пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Паводле даверанасці гэта зрабіла яго жонка Святлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістраваў блогера ў якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, бо даверанасць не была ім асабіста падпісаная. Тады дакументы на рэгістрацыю падала яго жонка, і яе зарэгістравалі.
Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Сяргей Ціханоўскі стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай і актыўна ўключыўся ў кампанію па зборы подпісаў у яе падтрымку. У кожным горадзе, куды прыязджала каманда «Краіна для жыцця», сабралася рэкордная колькасць жадаючых падпісацца за вылучэнне Святланы. Аднак ужо 29 траўня ён быў затрыманы ў Гродне падчас чарговага пікету па зборы подпісаў. На пікеце з'явіліся жанчыны, якія задавалі Сяргею Ціханоўскаму правакацыйныя пытанні і хапалі яго за вопратку. Затым падышлі міліцыянты, але прысутныя не падпускалі іх да блогера. У нейкі момант адзін з міліцыянтаў ўпаў на зямлю. Пасля чаго супрацоўнікі АМАП брутальна затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго паплечнікаў.
8 чэрвеня Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ шасці затрыманых па «гродзенскай справе» прад'яўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Пазней Ціханоўскаму прад'явілі абвінавачанне яшчэ па артыкуле 191 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — за «перашкода правядзенню выбараў і працы Цэнтрвыбаркама». Гэта справа была ўзбуджаная пасля заявы, пададзенай на блогера ў Следчы камітэт кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.
Спачатку Ціханоўскі утрымліваўся ў СІЗА-1 у Мінску. 18 жніўня стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі быў пераведзены ў СІЗА г. Жодзіна.
У сакавіку Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да блогера Сяргея Ціханоўскага, лідара незарэгістраванага аб'яднання «Народная грамада» Мікалая Статкевіча і іх паплечнікаў.
Сяргею Ціханоўскаму прад'яўлена канчатковае абвінавачанне па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
- ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
- ч. 1 арт.342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Каментары