«Наша ніва» высветліла, што Вікторыя Лукашэнка выйшла замуж за свайго аднагрупніка.

Вяселле святкавалі ў рэстаране «Лябяжы», на ім прысутнічала каля 70 гасцей. Быў і сам Лукашэнка — яго фота з маладымі выклаў тэлеграм-канал «Пул першага».

Вікторыі 23 гады, яна старэйшая дачка Віктара Лукашэнкі. 

Імя і падрабязнасці пра мужа не агучваліся ў СМІ. «Наша Ніва» адшукала інфармацыю пра яго.

Хлопца завуць Дзмітрый Дзятлаў. Ён не мінчук — родам з Полацка. Скончыў там гімназію імя Францыска Скарыны, гэта адна з найлепшых навучальных установаў у горадзе.

Выпускнік БДУ, вучыўся на факультэце міжнародных адносінаў. Спецыяльнасць — сусветная эканоміка. Скончыў вучобу ў 2020 годзе, дыплом Дзмітрыя быў прысвечаны «перакрыжаванаму замежнаму інвеставанню паміж ЗША, ЕС, Кітаем і Японіяй». Пераддыпломную практыку Дзятлаў праходзіў на прадпрыемстве «ЗахадТрансЭкспедыцыя», якое займаецца перапрацоўкай і транспарціроўкай газу і нафтапрадуктаў. 

Выглядае, што падчас вучобы Дзмітрый і пазнаёміўся з Вікторыяй Лукашэнка. У 2016 годзе СМІ паведамлялі, што яна паступіла якраз на факультэт міжнародных адносін БДУ, вучылася платна. Спецыяльнасць у Вікторыі была тая ж, што і ў яе будучага мужа — сусветная эканоміка.

«Мы асабліва з ім не былі сябрамі, таму цяжка казаць нешта канкрэтнае, — расказаў «Нашай Ніве» хлопец, які на першым курсе жыў у адным пакоі з Дзятлавым. — Ён звычайны хлопец, як усе. Добры, адкрыты для кантакту. Цікавіўся футболам, — карацей, стандартны малады чалавек. Вучыўся на платным, вучыўся, здаецца, нармальна».

Бацька хлопца — дырэктар полацкага прадпрыемства «Техполін», якое займаецца вытворчасцю рамонтных хамутоў для труб.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?