Грамадства

Марыя Калеснікава расказала пра сваё жыццё ў СІЗА: «Турма — гэта агіднае месца, але тут я пачуваюся свабоднай»

Асуджаная на 11 гадоў калоніі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Марыя Калеснікава распавяла маскоўскаму карэспандэнту Бі-бі-сі Сары Рэйнсфард пра сваё жыццё ў турме, пра тое, ці разумела яна, што яе чакае, калі рвала пашпарт і пра тое, чаму яна танцавала на судзе ў клетцы.

Getty Images

Бі-бі-сі: Як з вамі абыходзіліся з моманту вашага арышту? Як вам удаецца спраўляцца псіхалагічна? Як наогул ўладкаванае ваша жыццё ў турме — камера, распарадак дня?

Марыя Калеснікава: Прачынаюся заўсёды ў 6.00 раніцы вельмі лёгка і бадзёра. У маім мінулым жыцці гэтага немагчыма было ўявіць.

У 6.30 пачынаецца турэмны сняданак у выглядзе кашы, соку, хлеба і гарбаты. Але я ніколі не ем так рана і нічога з прапанаванага не бяру. «Прымаю душ», награваючы ваду ў тазіку.

Складана паверыць, але ў цэнтры Мінска людзі ўтрымліваюцца ў камерах з халоднай вадой, а душ прымаюць у агульнай душавой (на чатыры чалавекі без перагародак) адзін раз на тыдзень па 20 хвілін.

Бялізну сціраем у тазах, награваючы ваду кіпяцільнікам. Сохне яна ноччу на батарэі ці на нарах.

У 8.00 раніцы — праверка, пасля чаго 2-3 гадзіны я вучу мовы ці чытаю на нямецкай або на англійскай мове. Гэта самы прадуктыўны час.

Каля 9:00 выходжу на прагулку. Турэмны дворык — 3 метры на 3 метры (у Жодзіне быў большы). Але нават там я магу бегаць 40-50 хвілін і яшчэ 30 хвілін раблю практыкаванні.

Снедаю пасля прагулкі: бутэрброды або, рэдка, каша з сухафруктамі і абавязкова — моцная кава. Раблю прыборку ў камеры, і ў гэтым ёсць пэўнае задавальненне: рабіць чысцей, утульней, лепш тое месца, дзе ты знаходзішся.

Калі ў мяне няма сустрэчы з адвакатамі або допытаў, то я чытаю і пішу наступныя 2-3 гадзіны. Кнігі выдаюцца па заяве, дзе трэба пазначыць аўтара і назву. Праз некалькі дзён бібліятэкар прыносіць усё, што знайшлі.

У Жодзіне кніг для мяне хутчэй не было, чым былі. Адміністрацыя тлумачыла гэта тым, што праблемы з кнігамі для мяне звязаныя са страхам, што ў іх ёсць нейкая інфармацыя, як у Леніна, «напісаная малаком» (нябачнымі чарніламі).

Гэта і ёсць сапраўдная прычына канфіскацыі і трохтыднёвай праверкі кніг Харарэ, Хокінга. «Малака не знайшлі» — вярнулі.

У СІЗА з кнігамі іншая сітуацыя. Ёсць многае з таго, што я прашу, нават падручнікі і кнігі на нямецкай і англійскай мовах. У Жодзіне гэтага не было.

За ўвесь час я пабывала ў пяці камерах з розным «складам» сябровак-сукамерніц. Зараз камера вельмі маленькая 2,5 на 3,5 метры, дзе двое нараў на чацвярых чалавек, туалет, рукамыйнік, тэлевізар, кіпяцільнік, кубкі, тазы, стол, лаўка. Праз акно і краты відаць неба.

У Беларусі забаронена курэнне ў грамадскіх месцах і нават на прыпынках, але турма — не месца для законаў. Тут кураць амаль усе і ўсюды: у камерах, калідорах, кабінетах. У маім выпадку — гэта не толькі шкода здароўю і пагроза жыццю, але і шкода, якая не дазволіць мне застацца ў прафесіі музыканта-флейтыста.

У 13.00-14.00 абед. У мяне ён таксама свой: суп ці гародніна з мясам. Пазней кава і прысмакі, якімі мяне радуюць сябры ў перадачах.

Наступныя тры гадзіны чытаю, працую па справе (маецца на ўвазе па крымінальнай справе Марыі), пішу тэксты і лісты.

Вячэра ў турме ў 18.00, але я вячэраю ў 17.00. Гародніна, чай і халва.

З 18.00 пішу лісты кожны дзень. У месяц атрымліваецца каля 200. Гляджу навіны, якія і зусім не навіны, а «пяціхвілінкі нянавісці» даўжынёй гадзіну, як у Джорджа Оруэла. Вельмі «карысна», але шкада людзей, якія гэта робяць і ў гэта вераць. У 20.00 — праверка, затым забіраюць лісты і заявы.

У 21.00 вячэрні «душ» з кіпяцільнікам, кніга. З 22.00 да 6.00 здаровы моцны сон. Так шмат я не спала шмат гадоў, асабліва апошнія месяцы перад 7 верасня 2020 года (дзень, калі Марыя Калеснікава была выкрадзена, а затым арыштаваная).

Бі-бі-сі: Што вы думаеце аб выстаўленым вам надзвычай сур'ёзным крымінальным абвінавачванні?

М.К.: Рэжым перакладае на нас тое, у чым вінаваты сам. Калі вы спытаеце ў захапленні ці я ад таго, што мне далі 11 гадоў, то не, складана знайсці чалавека, якому б спадабалася такая перспектыва. Але калі я ўспамінаю, за што насамрэч улады і іх суды далі нам з Максімам Знакам такія тэрміны, то дыхаць становіцца лёгка, а жыць весялей.

Гэта абсурднае абвінавачанне нам выставілі таму, што мы былі дастаткова смелымі і сумленнымі з сабой і беларусамі, за тое, што хацелі пазітыўных пераменаў у краіне і рабілі гэтыя перамены. Не здзіўленая, што для рэжыму гэта лічыцца злачынствам.

Бі-бі-сі: Ці шкадуеце вы аб чым-небудзь? Паступілі б вы па-іншаму, калі б змаглі нанова пражыць мінулы год? Можа, лепш было з'ехаць у той самай машыне, як вашы калегі?

М. К.: Нельга сказаць, што, калі я рвала свой пашпарт, я не разумела маштабу наступстваў для сябе. 7 верасня 2020 года я ведала, што калі мяне не заб'юць, то дакладна пасадзяць. Бо людзі, якія падпарадкаваліся сістэме, не пакінулі ў гэтым сумневаў. Увесь год яны стараліся зрабіць усё, каб я пашкадавала. Год у гарачых і халодных камерах, без паветра, без святла, без людзей … Год без нічога, але я не шкадую і цяпер паступіла б гэтак жа. Я тут і зараз праходжу складаны шлях разам са сваім народам.

Мы разам з беларусамі хадзілі па вуліцах летам, абдымаліся, хваляваліся, спадзяваліся. Мы разам пачыналі гэты шлях і цяпер мы разам. Так што я не шкадую.

Я шкадую, што беларусам страшна, што мы ўсе несвабодныя, і шкадую тых, хто ўчыняе жахлівыя ўчынкі супраць людзей, супраць сваёй прыроды, супраць самога жыцця.

Бі-бі-сі: Што б вы хацелі змяніць у Беларусі? І ці ёсць шанец, што гэта адбудзецца?

М. К.: Хачу, каб перамагла справядлівасць, працавалі законы і захаванне права. Я хачу, каб беларусы верылі ў сябе і адзін аднаго. Я хачу, каб беларусы не баяліся думаць, гаварыць, крытыкаваць, гуляць і любіць.

Я хачу, каб мы жылі ў свабоднай, багатай і бяспечнай краіне, дзе ўлада служыць народу, а не наадварот. Гэта вельмі простыя, але неабходныя рэчы, і нам трэба будзе яшчэ прайсці складаны шлях па іх набыцці.

Бі-бі-сі: Судовы працэс быў закрытым, і мы не можам размаўляць з вамі напрамую. Што б вы больш за ўсё хацелі сказаць краіне і астатняму свету?

М. К.: Турма — гэта агіднае месца, але тут я асабліва адчуваю сябе свабодным і шчаслівым чалавекам.

Ведаю, як шмат людзей мяне любяць і думаюць пра мяне — гэта дае мне неверагодныя сілы ісці далей. І я дакладна ведаю, што дабро пераможа.

Я хачу, каб беларусы верылі ў сябе і любілі сябе і адзін аднаго. Не, вы не сталі горш ад таго, што больш не выходзіце на праспекты з нашым сцягам. Не, вы не сталі слабей з-за таго, што асцерагаецеся за сваё жыццё і свабоду. Вам не ў чым вінаваціць сябе і адзін аднаго, няма ў чым папракаць. Вы не прайгралі, вы не змірыліся, вы ўсё такія ж неверагодныя. Так, сябры, вы-неверагодныя.

І я думаю, што ў Беларусі яшчэ ёсць шанец вырашыць крызіс унутры краіны ўласнымі сіламі, але ўлада для гэтага павінна павесці сябе інакш.

Бі-бі-сі: Прысуд аказаўся суровым. Вы былі да гэтага гатовыя? Вам атрымаецца справіцца?

М. К.: Ці была я да гэтага гатовая? Шчыра сказаць, трохі не чакала. Думала, дадуць 12 гадоў.

Ну а калі сур'ёзна, то апошні год не пакінуў беларусам ніякіх ілюзій. Давер да ўсіх дзяржаўных інстытутаў разбураны. Усе выдатна разумеюць, што няма незалежных судоў і незалежных суддзяў. Што гэта больш не пасады, гэта абслуга. Што кадры падабраныя так, што рука не здрыганецца. А як толькі ўзнікае сумнеў, то кадры адразу мяняюцца і ператасоўваюцца.

Уяўляеце, калі б раптам, нягледзячы на тое, што ёй загадалі зрабіць, суддзя б устала і вынесла апраўдальны прысуд. Чалавек бы ўвайшоў у гісторыю як герой! Аб ёй гаварылі і пісалі не менш, чым пра нас. Так, хутчэй за ўсё яе арыштавалі б адразу ж пасля, але ў гэтым і сутнасць цяперашняга беларускага часу — ці ты чалавек, ці адпраўляй невінаватага (і ты ведаеш, што ён невінаваты) на 10 гадоў у калонію, а потым неяк жыві з гэтым, супакойваючыся на лецішчы, на якое абмяняў сваё сумленне.

Бі-бі-сі: Як вы думаеце, чаму супраць вас была заведзеная такая сур'ёзная крымінальная справа?

М.К.: Бо мае прынцыпы і мае каштоўнасці, як прынцыпы і каштоўнасці Віктара Бабарыкі і штаба Бабарыкі, не ўпісваюцца ў карціну свету рэжыму Лукашэнкі.

Мы перакананыя, што правы чалавека, свабоды і закон павінны быць на першым месцы. Што ўлада павінна мяняцца і выбіраць яе павінен народ. Што суды павінны быць сумленнымі і незалежнымі, а не падпарадкоўвацца ўладзе. Што незалежныя журналісты павінны пісаць, а не сядзець у турме. Што ў дастатку павінны жыць беларусы.

Але гэта ўсё супярэчыць сістэме, якую стварыў рэжым. Акрамя таго, мы занадта падабаемся беларусам.:)

Бі-бі-сі: як Вам удалося прыстасавацца да жыцця пасля арышту — і фізічна, і ў думках?

М.К.: Да новага жыцця адаптавалася маментальна і бязбалюча. Новы досвед, новыя людзі, новыя адкрыцці.

Да таго ж я музыка, а ў класічных музыкаў за гады рэпетыцыі выпрацоўваецца практычна вайсковая стойкасць і дысцыпліна.:)

Бі-бі-сі: Вы танцавалі ў судзе ў першы дзень працэсу. Чаму?

М.К.: Бо танцаваць лепш, чым пакутаваць! Гэта маё прывітанне ўсім родным, блізкім і ўсім свеце. Можна замураваць ў турму, схаваць ад людзей, даць 11 гадоў… Але ўсё гэта, як і іх страх, нянавісць і кайданы, разаб'ецца аб нашы песні, смех, танцы і любоў.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»6

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Усе навіны →
Усе навіны

Ветэрану з Гродна 97 гадоў — у 1945-м ахоўваў мост пад Ніжнім Ноўгарадам, а пасля вайны змагаўся з «бандэраўцамі»19

Анархісту ў Расіі далі 16 гадоў за падпал ваенкамата. Ён збег у Бішкек, яго злавілі і дэпартавалі

Брусэль плануе скараціць дыпперсанал у Беларусі11

Чарговы беларускі трэнер узначаліў кіпрскі «Арыс»

Колькі шэнгенскіх віз атрымалі беларусы ў 2024 годзе і якія краіны іх часцей выдаюць?9

Адзінаццаць гадоў Лукашэнка развівае гарады-спадарожнікі. Пакуль атрымліваецца не вельмі

У ЕС узгаднілі адмену штампаў на мяжы Шэнгену1

Людзі ў шоку ад таго, колькі каштуе восем дзён плыць па рэках Палесся на цеплаходзе «Белая Русь»13

Беларус знайшоў на набытым участку дзіўныя рэчы на выпадак апакаліпсісу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»6

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць