Паводле Рады бяспекі, асноўнымі ўнутранымі крыніцамі тэрарыстычнай пагрозы з’яўляюцца:

  • атрыманне асобнымі грамадзянамі Беларусі вопыту баявых дзеянняў на тэрыторыях з павышанай тэрарыстычнай актыўнасцю ў зонах лакальных канфліктаў;
  • стварэнне міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі «спячых» ячэек на тэрыторыі Беларусі;
  • узнікненне пад уплывам крымінальных субкультурных структур, да якіх сілавікі адносяць анархістаў і фанацкія рухі, радыкальных груп, што распаўсюджваюць экстрэмісцкую ідэалогію і заклікі да гвалтоўных дзеянняў;
  • здзяйсненне злачынстваў тэрарыстамі-адзіночкамі, у тым ліку людзьмі з асаблівасцямі псіхікі.

З 2014 года Беларусь накіравала ў замежныя спецслужбы больш за тысячу запытаў аб патэнцыйных тэрарыстах. Разам з замежнымі калегамі праверылі больш за дзве тысячы чалавек, якіх падазравалі ў такой злачыннай дзейнасці.

Беларускія сілавікі з 2014 па 2020 год выявілі на мяжы 109 баевікоў і пасобнікаў тэрарыстычных арганізацый, 28 з іх знаходзілііся ў вышуку. У 2021 годзе выявілі больш за 20 чалавек, двое з іх былі ў міждзяржаўным вышуку. 

У 2020-м усё рэзка мяняецца. Як адзначаюць у Радзе бяспекі, «у сувязі з актыўным замежным умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы беларускай дзяржавы і спробы радыкалізацыі тактыкі прыхільнікаў перамен», былі выяўленыя і прадухіленыя экстрэмісцкія і тэрарыстычныя пагрозы. Гэта з’яўляецца прыярытэтным кірункам дзейнасці сілавікоў, падкрэсліваюць супрацоўнікі Рады бяспекі.

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Да паспяховых аперацый сілавікі адносяць затрыманне Мікалая Аўтуховіча, Ігара Аліневіча і звязаных з імі людзей. 

«Яны рыхтавалі выбухі і падпалы, якія мелі ўсе шанцы скончыцца крывёй і шматлікімі ахвярамі, — расказваюць у Радзе бяспекі. — Падчас расследавання знойдзеныя месцы захоўвання пластыту, выбуховых прыстасаванняў, спецыяльнай зброі, прызначанай для разведвальна-дыверсійнай дзейнасці, дыстанцыйныя сродкі па падрыву розных аб'ектаў.

Устаноўленыя прадстаўнікі «спячых» тэрарыстычных ячэек былі звязаныя з краінамі Захаду і Украінай. Затрыманыя прайшлі сур'ёзную падрыхтоўку, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах на тэрыторыі дзяржаў, дзе праходзілі ўзброеныя канфлікты». 

Фігуранты справы анархістаў у судзе

Фігуранты справы анархістаў у судзе

Нагадаем, што суд па справе Ігара Аліневіча праходзіў у закрытым рэжыме, фігуранты атрымалі ад 18 да 20 год зняволення, пакуль гэта максімальны тэрмін па справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй. Сваякі асуджаных заявілі, што тых пры затрыманні катавалі. 

Суда па справе Мікалая Аўтуховіча яшчэ не было, яго перавялі з Мінска ў СІЗА гродзенскай турмы. Нагадаем, што па законе выносіць абвінаваўчы прысуд можа толькі суд, аднак Рада бяспекі ігнаруе гэты прынцып.

Вячаслаў Малейчук на відэа пасля затрымання

Вячаслаў Малейчук на відэа пасля затрымання

Яшчэ адна «паспяховая аперацыя», паводле Рады бяспекі, — затрыманне Вячаслава Малейчука. Па версіі сілавікоў, ён рыхтаваў два выбухі — у Мінску і ў Печах пад Барысавам. Родам Вячаслаў з Пінска, у сталіцу прыехаў на заробкі. Сваякі і сябры кажуць, што ён не цікавіўся піратэхнікай.

На відэа пасля затрымання Малейчук кажа, што пайшоў на злачынства, каб выклікаць давер аб’яднання былых сілавікоў і заручыцца іх падтрымкай. Ніводнае прозвішча ён не называе. Кажа, што не ведаў, як рабіць выбуховыя рэчывы, маўляў, гэта зрабіў яго знаёмы па адным з тэлеграм-чатаў.

Таксама Малейчук указвае, што быў не адзін, а разам з Яўгенам. Пра затрыманне гэтага чалавека міліцыя не паведамляла. Гаворка ідзе пра Яўгена Прахарэвіча. Ён быў асуджаны за махлярства ў асабліва буйным памеры, на свабоду павінен быў выйсці толькі ў жніўні 2022 года, аднак прыцягнуў увагу аператыўнікаў. Справа ў тым, што Прахарэвіч прыняў іслам. Такія людзі — на кантролі ГУБАЗіК, які правярае іх датычнасць да радыкальных ісламісцкіх груповак.

Прахарэвіч адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Былыя сілавікі сцвярджаюць, што аператыўнікі прапанавалі яму супрацоўніцтва — за гэта пакаранне замянілі на больш мяккае — «хатнюю хімію», і ён выйшаў на свабоду. Гэта даволі распаўсюджаная практыка, у сілавікоў хапае «агентаў» з ліку як былых асуджаных, так і тых, хто ў цяперашні час адбывае пакаранне ці знаходзіцца пад следствам. 

Як Прахарэвіч пазнаёміўся з Малейчуком? Апошні таксама адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі, сядзеў за крадзеж. Вось там, за кратамі, і завязалася сяброўства. Родныя ў размове з журналістамі пацвярджалі гэтае сяброўства.

У расследаванні былых сілавікоў ёсць аўдыязапіс, на якім супрацоўнікі міліцыі абмяркоўваюць, як выцягнуць Прахарэвіча ў Мінск з Барысава, дзе той мусіць знаходзіцца пад наглядам на «хіміі». Гэта кажа пра тое, што асуджаны дзейнічаў не самастойна. Пры гэтым МУС не паведамляла аб затрыманні саўдзельнікаў Малейчука, які падкрэсліваў, што дзейнічаў не адзін.

Былыя сілавікі мяркуюць, што пінчук стаў ахвярай правакацыі. Улады ж называюць яго ўдзельнікам падрыхтоўкі акта тэрарызму, звязваюць яго з дзейнасцю экс-праваахоўнікаў, якія пасля выбараў пакінулі службу і крытыкуюць прадстаўнікоў улады. 

«Пад уздзеяннем заклікаў шэрагу дэструктыўных тэлеграм-каналаў уступіў у кантакт з адным з членаў замежнага фонду па падтрымцы прыхільнікаў перамен і па ўказанні апошняга вырабіў выбуховыя прыстасаванні для ажыццяўлення выбухаў у знак пратэсту і дэманстрацыі сваёй грамадзянскай пазіцыі», — рапартуе Рада бяспекі пра дзеяннні Малейчука.

Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў

Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў

Але больш за ўсё сілавікі ганарацца «беспрэцэдэнтнай аперацыяй» беларускага КДБ і расійскай ФСБ па затрыманні групы асобаў, якія, па меркаванні Рады бяспекі, рыхтавалі вайсковы пераварот і ліквідацыю Лукашэнкі. Гаворка ідзе пра апазіцыянераў Аляксандра Фядуту, Рыгора Кастусёва, Юрася Зянковіча, судовы працэс па іх справе таксама яшчэ не пачаўся, больш за восем месяцаў яны знаходзяцца пад вартай. 

Змены ў заканадаўстве, якія праваабаронцы называюць рэпрэсіўнымі, Рада бяспекі называе адказам на небяспеку ўнутры краіны. Гаворка і пра ўзмацненне адказнасці і самыя шырокія трактоўкі па экстрэмізме, тэрарызме, абароне нацыянальнай бяспекі. Сілавікі лічаць, што такім чынам абараняюць не толькі Беларусь, але і выконваюць свае міжнародныя абавязальніцтвы. Пры гэтым адзначаюць, што высілкаў толькі беларускіх спецслужб недастсткова. Пасля выбараў 2020 года сілавікам складаней атрымліваць інфармацыю і супрацоўнічаць з замежнымі калегамі, асабліва з заходнімі. 

«Вы хацелі, каб там адны дурні працавалі?» Як беларускія сілавікі спрабуюць падмануць Інтэрпал

«Telegram заблакаваць вельмі праблематычна». Следчы расказаў, што ўскладняе барацьбу з кіберзлачынствамі ў Беларусі

За год колькасць запытаў Генпракуратуры аб міжнароднай прававой дапамозе вырасла амаль у два разы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0