У клубе «Crazy Horse» падчас тусоўкі на сотні чалавек запалілі дымавую шашку. Ёсць пацярпелыя
У клубе «Crazy Horse» на Партызанскім праспекце праходзіла тусоўка «Fire Store». Яна стартавала ў 16:00 і павінна была скончыцца ў 22:00. Але, як паведамілі «Нашай Ніве» відавочцы, недзе каля а палове на 9-ю ў натоўпе распылілі перцавы балончык і запалілі дымавую шашку.
На мерапрыемстве, паводле ацэнак удзельнікаў, было некалькі соцень, можа каля 1000 чалавек.
Некаторым хлопцам і дзяўчатам было кепска, іх выносілі на руках. Прыехалі міліцыя, хуткая дапамога і выратавальнікі.
«Спачатку нікога не пускалі, пасля дазволілі некаторым дзяўчатам зайсці ў масках і забраць рэчы, а пасля самі сталі выносіць адзенне», — кажуць відавочцы.
«Была звычайная тусоўка ў клубе для падлеткаў 15-16 год, — расказвае відавочца. — І пасярод натоўпу нейкі малады чалавек стаў распыляць пярцовы балончык на людзей. Усім стала дрэнна і ўсё памяшканне напоўнілася газам. Арганізатар сказаў, каб мы выходзілі на вуліцу і нічога з сабой не бралі. Адтуль вынеслі 7 чалавек дакладна. Яны страцілі прытомнасць»
«Кагосьці забірала хуткая, кагосьці ахова адкачвала як магла, — дзеліцца яшчэ адна відавочца. — Нашатыр, мочкі вушэй церлі, вадой палівалі і давалі піць, накрывалі цёплым адзеннем, хлопцы распраналіся да голага торсу, каб дзяўчат без прытомнасці сагрэць».
«Наша Ніва» дазванілася да арт-дырэктара клуба.
«Мерапрыемства ўжо скончылася, у нас усё нармальна», — адказаў ён.
Выданню «Спутнік» пасля міліцыя паведаміла, што на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група і што «па дадзенаму факту супрацоўнікі міліцыі правядуць праверку».
Каментары