Архіў

Лаянка, абразы, ліхадзейства

№ 25 (146), 1999 г.


 

Наша Ніва» працягвае публікаваць тэксты гісторыка Вольгі Бабковай, створаныя на матэрыяле архіўных актавых кніг. Кожны тэкст — гэта выбраныя эпізоды з жыцьця нашых продкаў. У ранейшых нумарах пра тое, як яны ставіліся да сьмерці, да падарожжа або да ведзьмаў, уласнымі галасамі і тагачаснай мовай распавядалі самі старажытныя беларусы. Сёньня — пра тое, як яны сварыліся і абражалі адзін аднога. Можна параўнаць з намі сёньняшнімі...

 

ЛАЯНКА, АБРАЗЫ, ЛІХАДЗЕЙСТВА

у штодзённым жыцьці нашых далёкіх продкаў

 

Цяжка ўявіць такі сьвет і лад, у якім жывуць адно лагодныя людзі. Лагодныя й задаволеныя адно адным. Мроі пра ідэальныя «залатыя часы» ў гісторыі нацыі ці дзяржавы — толькі мроі. Культурныя здабыткі і адкрыцьці, што выпярэджваюць час, — вынік дзейнасьці розных людзей, у тым ліку і тых, якіх уперад несла ліха. Чалавек з аднолькавай гатовасьцю прымаў і прымае дасюль як сьветлыя вяршыні, так і змрочныя глыбіні сваёй натуры. Складаныя выбар і змаганьне ці кампраміс паміж імі — патаемная справа асобы. Зьмяняюцца краявіды і ўмовы існаваньня, руйнуецца старое і будуецца новае жыцьцё на новы плян і манер, але не сканчаецца барацьба ўнутры чалавека, не зацягваецца тая расколіна, што прымушае нябачныя сілы ладзіць шалёныя скокі з аднаго берагу на другі.

 

Якімі адвечна аднолькавымі былі праявы любові
і якая разнастайная палітра праклёнаў!
Э.М.Рэмарк

 

Сярэднявечная вёска ці места рэдка калі абуджаліся пасьля ночы ва ўрачыстай маўклівасьці ранку. Бывала рознае.

Гэтак жонка менскага залатара Раіна Людвікавая, «стоечы подле фортки у дому своего яко невеста спокойная, правом посполитым убеспеченая, никому ни в чом невинная...», і думаць ня думала, што «злотничок» Юры Гесь Немец, зьявіўшыся зьнянацку перад зьляканай кабетай, «словы неучстивыми доброй славе ее доткливыми лжыл, сороматил, называючы ее курвою и грозечыся на нее сокиркою, мовил: иж дей не отрекаюся тебе, Людвиковая, тою сякиркою бити, а коли голову твою розрубити...» А калі ўбачыў самога Людвика Залатара, які выбег на паратунак жонкі, папярэдзіў абаіх: «тебе, Людвік и жону твою Раину, конечно коликольвек выбью з гультайми, же до смерти паметать мене будете...»

Іншы «герой», прыйшоўшы да сваёй ахвяры «до светлицы», «немалую филю будучы у дворы, волал, фукал, грозил...» «...и малжонку статечную и учстивого стану шляхецкого машкарою и неучстивою называл, и по двору не малый час як хотел ходил».

Шмат у каго здрыганулася сэрца ад крыку ўдавы-зямянкі Янавай Захарэўскай у той момант, калі яна, зірнуўшы ў вакно, пабачыла людзей «и вже на дворе труну с телом». Выбегшы на двор, няшчасная кабета «с плачем просила на Бог живы, абы тело небожсковского з двора ее не провадили и тым бы ее в роспач не приводили... неже бы ей для погребу тое тело мели вернути». Ліхія прыхадні, назьдзекваўшыся зь цела і беднай удавы «безбожне.., способом тыранским того тела налаявшы и насромотившы с просными словы проч его попхнели...», прыхапіўшы з сабой вялікую частку шляхецкай маёмасьці — адзеньне, тканіны, посуд, зброю, кнігі і нават «скрыпку валоскую». Зьдзейсьнілі гэтае зладзейства браты нябожчыка Яна — Станіслаў і Жыгімонт Захарэўскія з памагатымі.

Сутычкі паміж суседзямі, крэўнымі і чужымі людзьмі адбываліся часта і даволі галосна, пра што і сьведчаць актавыя кнігі. Словы «карчомныя», «злые», «шкаредные», «перхливые», «соромотные», «заражоныя» можна было пачуць ва ўсіх месцах, дзе зьбіраліся з розных патрэбаў тагачасныя жыхары.

Найчасьцей «злое серце» праяўляла сябе пасьля гарэлкі. Седзячы разам на бяседзе, два зямяніны, Абрамовіч і Зубцэвіч, усхапіліся адзін да аднаго, лаючыся і махаючы кулакамі: «зубы я тебе стресну, жи ничого не будеш меть!» Другі зямянін падаў скаргу судоваму пісару на свайго непрыяцеля, які «жылы мои з мене волочити похвалился».

У мястэчку Дамашэвічы возны Вацлаў Замаскі пасварыўся зь зямянінам Іванам Голубам, пасьля чаго «Иван Голуб не маючы до мене жадное потребы, упившися, почал мене словы неучстивыми лаять, соромотить, которыми словы доткливыми невинне мене чоловека невинного обельжыл... на учстивое уроженье мое и пани матки моее, на руку мене по килька разов до бою вызывал, ... отповед и похвалку на убойство, на здорове мое, а на маетность мою пожогою у очы мне учынил...»

Найбольш крыўднымі былі абразы, якія тычыліся паходжаньня і закраналі гонар маці, што і адбылося ў выпадку з возным Вацлавам Замаскім. «Нечыстага ложа сын», «неучстивое матки сыном» — абразы, якія найчасьцей сустракаюцца на старонках актавых кніг.

Нягледзячы на тое, што возныя, як і іншыя службовыя асобы, мелі пэўныя правы і абароны, замацаваныя Статутам, яны таксама траплялі ў вір сварак і звадак, атрымоўваючы сваю долю лаянкі і праклёнаў. «Злодеем, фальшером, зрадцою, забойцою и згубцою» абазваў службовага выканаўцу менскі мешчанін, калі апошні паспрабаваў перадаць яму судовыя лісты. «Ты посланче, больш того передо мною не стой, иди собе ку дьяблу...» Зямянін Стэцка Петраневіч, пасварыўшыся з возным Шчасным Міхайловічам, «перд людми сторонними веры годными вчынил тыми словы: ...панство его дымом к горе пойти бы мусяло...» Возных абвінавачвалі ў ашуканстве і нават пагражалі: «ты, потварца, вже по другий раз до меня едиш с фальшивыми листы и минается тое, але гды третий раз приедешь, певне тя кий не мине!» Не пазьбегнуў пагрозаў у свой адрас і пісар менскай мытні Васіль Масьленка, якому пагражаў менскі мешчанін: «...буду се старат зо всих мер, яко бым тобе, Василю Масленка, с сего света згладил и о смерть приправил».

Шум і гвалт даносіліся ня толькі з двароў і рынкаў, але і з прадстаўнічых установаў, як, напрыклад, зь Менскага замку, дзе на той час месьцілася канцылярыя Менскага гарадзкога суду «с книгами гродскими менскими, справами всей Речи Посполитой, Великого князства Литовского належачыми...» Гэтак, сустрэўшы ў будынку суду зямяніна Міхайлу Ваўка, судзьдзя земскі войскі рэчыцкі Пётра Зяновіч «звазнившысе на него, словы неучстивыми, доброй славе его доткливыми лаял и соромотил, яко се ему уподобало... Ты, Михайле, вперед озмеш од мене конечно корбачом, ...и нехай бых дей цнотливым не был, если того не сполню...»

Вялікая колькасьць скаргаў у актавых кнігах тычыцца абвінавачаньняў і абразаў у нешляхецкім паходжаньні. «...На славе учстивой шляхецкой мажучы ущыпливе и несправедливе...» Сваркі і сутычкі адбываліся найчасьцей паміж шляхціцамі, якія знаходзіліся на розных сацыяльных прыступках. Вось дзе закіпала кроў і рукі самі цягнуліся да зброі. «Ты не шляхтич — одно холоп» — крычалі адно адному людзі.

Некаторыя здарэньні ішлі далей за словы і судовыя разборы. У справу пускаліся кулакі й непрыхаваны гвалт. Гэтак адзін шляхціц зьбіў другога, свайго суседа, на полі, дзе той працаваў, а пасьля яшчэ й жонку ягоную згвалціў і заявіў утаптанаму ў зямлю чалавеку: «естес ты мужык, смерд, чого и доводит на тебе естем готово».

Шляхціц з Плаўскага Ждан Васілевіч пагражаў свайму суседу Трахіму Сямёнавічу, зь якім нечага не падзяліў: «Где тебе поткаю, там забью, або горло твое вырву, або теж огнем дом твой спалю, иж увесь у порох пойдеш...»

Суд уважліва разглядаў падобныя справы, адносячы іх у шэраг складаных.

Непаразуменьні здараліся і сярод магнатаў. Князь Юры Чартарыйскі, «маючы затруднене справы» праз княгіню Саламярэцкую, ня мог уразумець, навошта княгіня робіць яму гэта, «поступуючы не так яко се годит вольному з вольным и оселым, але яко з голотою и неоселым».

Не ўжываліся іншы раз паміж сабой і крэўнікі ў сям’і. «Братэрская неприязнь», «злое мешкане» — старыя як сьвет узоры няпростых чалавечых дачыненьняў. «Дай покой, не сварися з отцом!» — чытаем мы сьлёзныя заклікі ў старых запісах.

Пад час судовых разбораў здараліся й казусы. Падстолі Фёдар Мялешка «неучстивую примовку учинил» пану Кандрату Мялешку. Пасьля чаго ў судзе паведзіў, што «не ку обельживости вашай миласти слова тые фортельные мели быти... але то есть мудрость и для простоты и неумеетности своее помовил...» Кандрат жа Мялешка, спасылаючыся на артыкул 62 з разьдзелу 4 Статуту, за тую «прымовку неучстивую» патрабаваў «сторону отпорную карать с тых причин, иж дей первей тую примовку фортельную поведил быть ровную фальшу, а теперь... мудростю ее называет».

«Тыран», «погански бесурманин», «злодей бородаты», «ведма», «душа забеглая»; «головою наложиш», «дыба на тебе» — вось шырока ўжываныя абразы і праклёны той пары. Але абразіць можна было ня толькі словам, але й жэстам, і ўчынкам. Гэтак, рыкуньню дворную Малгажату ўраднік «в палец образил». «Непрыстойную справу» ўчыніў з падданымі сяла Камень Завілейскі ўраднік маёнтку Крайскі Ян Хмара, калі загадаў ім лезьці голымі на дрэвы — «...мордерство ганебное над ними чыніл, узганяючы их на сосны нагими, им се до голей везати се казал». А на двары стаяў месяц люты.

Жорстка і зьняважліва абышліся і з падданым падскарбія Андрэя Завішы Шапавалавічам зь сяла Сьмілавічы ў менскай плябані, асабліва калі ўлічыць, што ўчынілі гэта божыя служкі ў сьвятым месцы. Вось што распавядаў у судзе пра здарэньне сам пацярпелы: «шол до плебана менского до ксендза Миколая Морса... тогды дей, гды до него до светлицы прышол, там же дей он не заховуючысе прыстойне ку особе духовной належит, росказал враднику своему и хлопятом... мене полопить и бороду острич, которые дей то слуги мене у светлицы на лаве положивши бороду, чынечы посмешки, остригли и мене самого збили и змордовали...» Пасьля чаго сьведчыў у судзе «бороду при самом теле пострижоную».

У Слоніме пацярпеў ганчар Хацута Русаковіч ад дурнога свавольства сядзельніка Піліпа Хампіча, які насыпаў таму гарачага вугольля за каршэль, «...жаратком зжог, насыпал за шию... немалый зожжег показал над плечима...»

Артыкулы Статуту, якія «постерегали того, абы се таковая злость межи людми не множила», не маглі выправіць чалавечае нутро, скіраванае на зло. Зладзействы часам рабілі й кабеты: «...и коли там перед нее панею своею того подданого Ивана Бобика прывели, тогды дей она, пани Волчковая, без боязни Божое и без встыду белым головам звыклого, казала его перед собою розобрат до нагого тела, окрутне бить и мордовать, по которым морде и тепер дей нет ведомости где его подела...»

Часам чалавек нейкім дзіўным чынам зацята рабіў шкоду самому сабе ці сваёй уласнай маёмасьці, што выклікала зьдзіўленьне і абурэньне грамады. Каторы ўжо раз мужыкі вёскі Яскельда, «на толоце будучи» ў зямяніна Яна Міневіча пасьля тушэньня пажару ў ягоным гумне, пераконвалі гаспадара, «абы больш не палил». Але ўнураны ў сваю змрочную задуму дзівак, «взявши огонь у суседу своего, гумно свое вжо за четвертым разам запалил». Прыбегшых на пажар людзей, «которое запалене гасить хотели», разьюшаны падпальнік сустрэў «ощепом» са словамі: «я своё запалил, а не чужое, до чего нехай нихто ничого не мает...»

Крыўда, нянавісьць, помста вярэдзяць душу і ўдзень, і ўночы. У гэтым жыцьці. Але чалавек усё ж уяўляў марнасьць гэтага імгненьня, згадкі пра што можна знайсьці ў шматлікіх тагачасных тэстамэнтах: «...Всякие речи на свете с памяти людское сходят и сплывают...»


Каментары

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Расія ўпершыню выкарыстала супраць Украіны балістычную ракету новага тыпу. Што гэта можа змяніць14

Пад Мінскам на дарогу выскачыла казуля — перакуліўся МАЗ ФОТАФАКТ

У сеціве з'явілася відэа, магчыма, першага ў гісторыі прымянення новых расійскіх балістычных міжкантынентальных ракет2

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →