Кіно

7 фільмаў пра Нюрнберг і іншыя суды над функцыянерамі Трэцяга рэйха

Суды над дзеячамі нацысцкага рэжыму сталі адной з самых важных юрыдычных з’яў апошняга стагоддзя. Яны адбываліся ў розныя дзесяцігоддзі, у розных краінах і ў кантэксце розных грамадскіх настрояў. Некаторыя судовыя працэсы адбываюцца і ў наш час. На лаве падсудных аказаліся кіраўніцтва Трэцяга рэйха, супрацоўнікі канцэнтрацыйных лагераў, прапагандысты, наглядчыкі СС і нават культурныя дзеячы, што супрацоўнічалі з рэжымам. У нашай падборцы сем фільмаў, прысвечаных правасуддзю ў дачыненні да функцыянераў гітлераўскай Германіі.

«Нюрнбергскі працэс» Стэнлі Крамера (1961)

«Адна з найвялікшых юрыдычных карцін у гісторыі» паказвае так званыя Малыя нюрнбергскія працэсы, якія адбываліся пасля судоў над кіраўніцтвам Трэцяга рэйха і разбіралі справы драбнейшых функцыянераў. Адзінаццаць намінацый на «Оскар» і дзве статуэткі. Класічны галівудскі рэжысёр Стэнлі Крамер. Цудоўны акцёрскі склад, дзе Спэнсэр Трэйсі, Бэрт Ланкасцер, Марлен Дзітрых, Джудзі Гарленд і Максіміліян Шэл, што сыграў адваката і атрымаў за гэтую ролю «Оскар». Трохгадзінны чорна-белы фільм паказвае, наколькі шматмернай з’явай аказаліся суды над нацыстамі, якія настроі былі вакол іх у грамадстве і ў палітыкаў і як самі немцы ставіліся да свайго мінулага.

«Нюрнберг» Іва Сімано (2000)

Двухсерыйны тэлефільм з Алекам Болдуінам у галоўнай ролі паказвае першы і ключавы судовы працэс над нацысцкімі злачынцамі ў Нюрнбергу. Абвінавачанымі на Міжнародным ваенным трыбунале выступілі дваццаць чатыры нацысцкія кіраўнікі, сярод якіх Герман Герынг, Марцін Борман, Ёахім фон Рыбентроп альбо такія асобы, як прэзідэнт Рэйхсбанка Вальтэр Функ і галоўны рэдактар штотыднёвіка Der Stürmer Юліус Штрэйхер. Галоўным абвінаваўцам стаў амерыканскі пракурор Боб Джэксан, які прыляцеў у разбураны Нюрнберг, а там усё закруцілася-завярцелася амаль на год. Серыял паказвае судовыя пасяджэнні, на якіх абвінавачаныя апраўдвалі свае дзеянні, вечарыны ў пасляваенным горадзе і нават рамантычную лінію. «Нюрнберг» атрымаў прэмію «Эмі» як найлепшы міні-серыял.

«Меркаванні бакоў» Іштвана Саба (2001)

Ужо ў 1946 годзе падчас працэсу дэнацыфікацыі амерыканская акупацыйная ўлада завяла справу на вялікага дырыжора Вільгельма Фуртвенглера, каб вызначыць яго датычнасць да злачынстваў нацысцкага рэжыму. Аўтараў «Меркаванняў бакоў» цікавіць не суд, а следства, якое вёў маёр Сціў Арнольд разам з двума нямецкімі памочнікамі. Праз гэты працэс рэжысёр выводзіць вонкі невырашальныя пытанні, створаныя ў пачварных сістэмах. Перадусім, ці вінаваты Фуртвенглер, які супрацоўнічаў з рэжымам і іграў для Гітлера альбо не. Апытанні сведак, выяўленне даносчыкаў у аркестры, размовы з самім дырыжорам — усё вакол вызначэння, наколькі датычны да злачыннага рэжыму сам з’яўляецца злачынцам. Следчага ў фільме іграе Харві Кейтэль, а дырыжора — вядомы шведскі акцёр Стэлан Скарсгард.

«Чытальнік» Сцівена Долдры (2008)

Гэты фільм патрэбны для разумення, колькі складаных, выкручастых, мудрагелістых сюжэтаў можа адбывацца ў падобныя насычаныя і трагічныя часы. У вучня апошніх класаў здараецца раман з прыгожай і старэйшай за яго незнаёмкай. Аднойчы незнаёмка знікла, але за адведзены час паўплывала на жыццё хлопца і яго асобу скрышальна. Студэнтам юрыдычнага інстытута галоўны герой раптам бачыць сваё першае каханне на лаве падсудных на судзе над былымі наглядчыцамі са складу СС. І вось жанчына, якая сыграла ледзь не ключавое значэнне ў яго жыцці, шчыра і прастадушна адказвае на пытанні суддзі, датычныя смерці трохсот вязняў. Галоўныя ролі ў фільме выконваюць Рэйф Файнс і Кейт Уінслет.

«У лабірынце маўчання» Джуліа Рычарэллі (2014)

У свой час Германія высунула гэтую карціну на прэмію «Оскар» як магчымы «найлепшы фільм на замежнай мове». Стужка расказвае пра следства, што папярэднічала так званым «Асвенцымскім працэсам» у Франкфурце-на-Майне ў 1960-х. На лаве падсудных тады аказаліся супрацоўнікі Асвенцыма. Малады пракурор, які ніколі не чуў пра гэты канцлагер, пачынае адкрываць для сябе дзіўны новы свет і выяўляць, што злачынцы, датычныя да смерцяў соцень тысяч людзей, ходзяць на волі, свабодна перасякаюць нямецкую мяжу і нават вучаць дзяцей у школах. Пры падтрымцы генеральнага пракурора ён бярэцца за следства, якое само па сабе выяўляе, як старанна забываецца мінулае і як шмат у Германіі 1960-х сіл, для якіх такія працэсы непажаданыя.

«Дзяржава супраць Фрыца Баўэра» Ларса Краўмэ (2015)

Фрыц Баўэр, які і сам пабываў у канцлагеры, у якасці генеральнага пракурора рабіў усё магчымае, каб нацысцкія злачынцы адказвалі за свае дзеянні перад законам. Менавіта ён дамогся правядзення «Асвенцымскіх працэсаў», а таксама перадаў у Ізраіль звесткі пра месцазнаходжанне Адольфа Эйхмана, адказнага за «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання». Фільм расказвае пра Баўэра ў часы, калі ўся краіна марыла пра эканамічны росквіт, калі былыя нацысты былі размеркаваныя па дзяржаўных пасадах, калі звычайныя людзі не хацелі ведаць такія словы, як Асвенцым. І калі настойлівы Баўэр быў у полі адным воінам, але дамагаўся таго, каб нацысцкае мінулае не забывалася.

«Шоу Эйхмана» Пола Эндру Уільямса (2015)

Адольф Эйхман, адказны за знішчэнне шасці мільёнаў яўрэяў, пасля Другой сусветнай вайны схаваўся ў Аргенціне. У 1960 годзе агенты ізраільскай выведкі выкралі яго і прадставілі перад ізраільскім судом. Рэзанансны суд над Эйхманам стаў своеасаблівым шоу. Кінематаграфісты атрымалі дазвол здымаць працэс і трансляваць яго на тэлебачанне. Такім чынам у 37 краінах гледачы ўбачылі ахвяр нацысцкай Германіі ў якасці сведак і пачулі, праз што яны прайшлі ў канцэнтрацыйных лагерах. «Шоу Эйхмана» паказвае няпросты і небяспечны працэс арганізацыі «шоу» прадзюсарам Мілтанам Фручтманам і рэжысёрам Леа Гурвіцам.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам16

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

«Цяпер зброя вайны — клавіятура». Брытанія выдаткуе 1 мільярд фунтаў на мадэрнізацыю кібервойскаў

Што ўяўляе сабой база даных, якую сілавікі называюць «узломам «Новай Беларусі»11

«У жыцці кожнага бывае апатыя». Кацярыну Казнадзей знайшлі9

Дзіўную гарачую пляму на полі заўважылі пад Брэстам4

Бэнксі прэзентаваў новую працу, але не сказаў, дзе знаходзіцца1

Сёння пачынаецца суд над Нінай Багінскай7

Каб зняць прапагандысцкі кліп, прыдворны кампазітар Алейнік выцягнуў літаральна з-пад кропельніцы 86-гадовую бабулю11

У ДТЗ у Воранаўскім раёне загінула аднагадовае дзіця

Славакія вяртае ў Беларусь пасла11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам16

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць