Мужчынская гандбольная зборная Беларусі брала ўдзел у першым фінале чэмпіянату Эўропы — у 1994 годзе ў Партугаліі, потым цягам пяці разоў беларусы не праходзілі кваліфікацыі. І сёмае першынство кантынэнту абыдзецца бяз нас: неабстраляная беларуская каманда саступіла ісьляндзкім асам.
12 чэрвеня прайгралі ў гасьцях — 33:24, і 18 чэрвеня дома 31:34. Чатыры гады таму ў стыкавых матчах з нашчадкамі вікінгаў мы гулялі крыху лепей — 23:30 і 26:27.
Гандбол ля палярнага кола
Хацелася верыць, што беларусы калі і не праб’юцца ў фінальную стадыю чэмпіянату Эўропы, то, прынамсі, папсуюць ісьляндцам нэрвы. Пасьля лютаўскага лёсаваньня, якое зьвяло нас з прадстаўнікамі самай заходняй краіны Эўропы, спэцыялісты зазначалі, што гэта ці не найлепшы для нас варыянт. Маўляў, за апошні час ісьляндцы значна аслабелі і ўжо не такія грозныя, як некалькі гадоў таму. На мінулым чэмпіянаце сьвету яны паказалі найгоршы з эўрапейскіх зборных вынік, фінішаваўшы пятнаццатымі. Аднак варта памятаць, што ў краіне з насельніцтвам 270 тыс. чалавек гандбол — спорт нумар адзін. І нацыянальны чэмпіянат моцны, і легіянэры расьцярушаны па наймацнейшых лігах сьвету. Сутыкнуўся ісьляндзкі гандбол і з апошнімі тэндэнцыямі часу. За нацыянальную зборную выступаюць грузін Роланд Эрадзэ, латыш Аляксандар Пэтэрсанс і кубінец Яліескі Гарсія.
Зусім па-іншаму ставяцца да гандболу ў Беларусі. Зрэшты, пра гэта неаднаразова пісалася.
Украінкі ўзялі верх
Першыя страты беларусы панесьлі некалькі тыдняў таму. У больніцу з дыягназам «апэндыцыт» даставілі найлепшага бамбардзіра зборнай, ужо экс-гульца запароскага «ЗТР» Сяргея Гарбка. Ня здолеў аформіць візы і прыехаць са Швайцарыі Аляксей Вусік («Санкт-Отмар»). Саступілі беларусы і ў двух кантрольных матчах са зборнай Літвы. Папсавалі крыві беларускаму заўятару і дзяўчаты. Жаночая зборная ў гэтыя дні праводзіла аналягічныя матчы плэй-оф за права выступаць на чэмпіянаце сьвету са зборнай Украіны. І для беларусак усё вырашылася ўжо ў першым, хатнім, паядынку: 11 чэрвеня ў Гомелі яны прайгралі зь лікам 17:29. Уяўляеце, зь якім настроем клаліся спаць аматары гандболу?
Не палепшаў настрой і раніцай 13 чэрвеня, калі на сайце эўрапейскай гандбольнай фэдэрацыі зьявілася інфармацыя пра лік матчу ў Хабнарф’ёрдзюры. Беларусы саступілі з розьніцай у дзевяць мячоў — 24:33. Адыграць такое пры сёньняшнім патэнцыяле зборнай немагчыма. Праўда, адзінаццаць гадоў таму ў плэй-оф чэмпіянату Эўропы беларусы ў гасьцях саступілі 11 мячоў Аўстрыі, аднак дома выйгралі 13 мячоў і заваявалі пуцёўку ў Партугалію. Куды лепей помніцца 1989 год, калі ў фінале Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў менскі СКА саступіў у Бухарэсьце камандзе «Сьцяўа» 21:30, а дома бліскуча выйграў 37:23. Два кавалі таго шчасьця і цяпер былі ў Палацы лёгкай атлетыкі — беларускі нязьменны трэнэр Спартак Мірановіч і яго цяперашні памочнік Аляксандар Каршакевіч. Прайшло шаснаццаць гадоў, і на спартовай пляцоўцы выступае ягоны сын — Максім Каршакевіч. Толькі ў адрозьненьне ад бацькі, што гуляў за зоркавы СКА, сын абараняе колеры сталічнай «Вікторыі-Рэгіі».
Пяць крокаў ад Паўлічэнкі
Шмат нараканьняў выклікае і хатняя пляцоўка зборнай — Палац лёгкай атлетыкі Спартовага клюбу Ўзброеных сіл (ПЛА СК УС), што ва Ўруччы. Праўда, за некалькі тыдняў да матчаў міністар спорту і турызму ў інтэрвію «Прессболу» казаў, што, магчыма, матч перанясуць у Палац спорту. Але, відаць, пасьля паразы ў Ісьляндыі вырашылі захаваць статус-кво і паслаць гледачоў ва Ўручча — месца, зручнае толькі для тамтэйшых жыхароў. А для астатняга паспалітага народу гэта як у чорта на рагах, у пачатку ж ХХІ стагодзьдзя жывём. Апошняя станцыя мэтро, потым трэба ехаць наземным транспартам пару прыпынкаў, а пасьля, кінуўшы марна чакаць адзіны маршрут на 8-мы кілямэтар, хвілін дзесяць ісьці пешкі.
Так зь сябрам-калегам і зрабілі. Надвор’е было някепскае, суботні лівень скончыўся, чаму б не прайсьціся? Ідзём і захапляемся новапаўсталымі гмахамі Ўручча ды мясцовымі гістарычнымі славутасьцямі — вайсковай часьцю, дзе верна служыць радзіме Дзьмітры Паўлічэнка, ды цэркаўкай, што сарамліва выглядае з-за плоту згаданай часьці.
За трыццаць хвілін да пачатку гульні трыбуны ўжо былі запоўненыя на тры чвэрці. Журналісты звыкла разьмяшчаюцца з адваротнага боку пляцоўкі, за лаўкамі запасных, на так званых месцах для карэспандэнтаў. Хоць «месцы для прэсы» — гэта гучна сказана: гімнастычная лава і толькі. Хацеў бы я паглядзець на тых дзівакоў, якія б вырашылі прыцягнуць з сабой ноўтбук. Нават ня маючы патрэбы ў электрасетцы, а працуючы з акумулятарам, яго было б надта нязручна трымаць на каленях ці руках.
Але наракаць дарэмна. Увесь матч мы правялі на нагах, дэфілюючы ад адной штрафной плошчы да другой. А першы тайм нават і паказытаў нашы нэрвы.
Надзея першага тайму
Убачыўшы на разьмінцы фактурных ісьляндцаў, я зразумеў, чаму ніводзін акупант ня здолеў заваяваць гэтай краіны. Перамагчы такіх асілкаў, суайчыньнікаў Торвальда Вандроўніка, немагчыма. Асабліва выдзяляўся лінейны зь нямецкага «Магдэбургу» Сыгфус Сыгурдсан. Мэтры два росту, з залысінай і магутнай бародай. Выглядаў унушальна. Сыгурдсан, дарэчы, самае папулярнае прозьвішча ў ісьляндзкіх гандбалістаў. На пляцоўцы бегалі яшчэ два плюс трэнэр Віга Сыгурдсан.
За выключэньнем Міхаіла Ўсачова (БГК імя Мяшкова), нашы здаваліся куды драбнейшымі.
Ісьляндцы адразу ўзялі быка за рогі і павялі ў ліку 2:0, але беларусы аднавілі раўнавагу. Двойчы вызначыўся Іван Броўка («ЗТР», Запарожжа). Іван, які налета будзе гуляць у нямецкім «Мэльзэнгуне», быў найлепшым у першым тайме. Прабіваў сямімэтровыя, прадзіраўся скрозь магутную абарону гасьцей, адчайна змагаўся за кожны мяч. А прайсьці пра гэты двухмэтровы бэтонны плот ісьляндцаў было цяжка.
У першым тайме трыбуны горача падтрымлівалі нашы атакі, вітаючы кожны гол. На прадстаўленьні гульцоў судзьдзя-інфарматар адзначыў, што ў галкіпэра Мікалая Зянька (БГК імя Мяшкова) у суботу нарадзіўся сын, і таму кожны сэйв варатара суправаджаўся воплескамі. За першы тайм беларусы шэсьць разоў выходзілі наперад — 3:2, 4:3, 6:5, 9:8, 14:13, 15:14. Разам з Броўкам добра глядзеліся Вадзім Лісіца («Вікторыя-Рэгія») ды 33-гадовы вэтэран Андрэй Сіняк («Гамбург»).
Ісьляндцы, праўда, забівалі больш разнастайна — і справа, і зьлева, і парашутам. Павесяліў галкіпэр гасьцей. У сярэдзіне тайму ля ягоных варот утварылася мокрая пляма. Ён ня стаў дачэквацца хлопчыка-сэрвісмэна, узяў ручнік, працёр ім пляцоўку, потым выцер рукі і толькі пасьля — твар.
Сумна было толькі журналістцы з тэлебачаньня, якая зь непадробнай цікавасьцю ўзіралася ў тэлефон «Nokia-1100».
Іван Броўка кідаў лоўка
На перапынак каманды пайшлі пры ліку 17:18 на карысьць гасьцей. Але ў другім тайме беларусы аступіліся. Да 13-й хвіліны тайму мы ўжо саступалі чатыры мячы — 21:25. Ісьляндыя пачала сьвяткаваць перамогу: весела перамаўляліся на лаўцы запасных, час ад часу прыкладаючыся да пляшак зь мінэралкай «Фрост».
Беларусы, праўда, сабраліся і адыгралі тры мячы, але ісьляндцы зноў давялі розьніцу да чатырох мячоў — 24:28. Не здаваліся толькі Васіль Астроўскі (СКА, Менск) ды Іван Броўка, што сталі самымі выніковымі ў нас гульцамі. На іх рахунку па сем мячоў.
Той жа Броўка паказаў някепскі слалам. Перахапіў мяч у сваёй штрафной, прамчаўся па левым флянзе і ўкалаціў мяч у сетку. І нібы на просьбы гледачоў на трыбунах, для тых, хто «ня бачыў», паўтарыў гэты ж фінт. Зноў адабраў мяч у гасьцей, праляцеў па левым флянзе і зноў забіў у той жа кут.
Дабіцца хаця б ганаровай нічыі беларусам не хапіла сілаў — 31:34. Пасьля матчу спартоўцы і Ісьляндыі, і Беларусі падышлі да трыбун і прывіталі гледачоў. Якраз такой павагі да публікі чакалі заўзятары ад беларусаў пасьля футбольнага матчу Беларусь—Славенія.
Яны біліся за Беларусь
Пасьля матчу журналісты абступілі пасярэдзіне пляцоўкі Спартака Мірановіча. Галоўны трэнэр беларусаў адзначыў выдатную гульню гасьцей («Ісьляндыя — выдатная каманда») і сказаў, што ня мае прэтэнзій да сваіх, падкрэсьліўшы: «Мы былі гатовыя біцца за Беларусь». Трэнэр назваў прычыны паразы: на пляцоўцы былі маладыя гульцы, большасьць зь якіх ня мае досьведу міжнародных матчаў. Беларусы і так зрабілі болей, чым маглі, тыдзень жывучы і трэніруючыся за свой кошт.
Магчыма, нявыхад беларусаў у фінал чэмпіянатаў Эўропы і сьвету справядлівы. З такім стаўленьнем да гандболу нам яшчэ рана ў Эўропу. Тыя ж жанчыны дабіліся немагчымага — выйшлі ў плэй-оф. Пры тым што ў жаночым першынстве краіны ў нас гуляе чатыры каманды, зь іх дзьве — напаўдзіцячыя.
Адно шкада: ня вернеш зорнага часу беларускага гандболу. Тады, у пачатку 1990-х, верылася, што з набыцьцём незалежнасьці мы пакажам цэламу сьвету ўсю нашу сілу. Як дэманструюць клясу зборныя Славеніі і Харватыі, якія ад распаду Югаславіі толькі выйгралі.
Каментары