Зварот да часовага паверанага ў справах Нямеччыны ў Беларусі Яна Канторчыка з прапановай, каб беларуская праграма «Нямецкай хвалі» выходзіла не па-расейску, а па-беларуску, падпісалі:
В.Раманцэвіч, Уладзіслаў Жыгалка, Людміла Ліцьвінава, Васіль Петраневіч, Фая Петраневіч, З.Крывашэеў, Т.Семяненка, В.Александровіч, А.Дундукоў, Ю.Долбік, Марат Гаравы, Сяргей Гаравы, Тамара Гаравая, Сьвятлана Рэпіч, Юры Вельтнер, Навум Цыпіс, Галіна Лемешава, Валерыя Іванова, Яўгенія Волкава, Кацярына Бярэзіна, Вольга Лоцманава.
Зварот адкрыты да падпісаньня. Сьпісы падпісантаў будуць надрукаваныя.
Сьпіс беларусаў ЗША, якія выказалі свой пратэст супраць рашэньня радыёстанцыі «Нямецкая хваля» аб вяшчаньні на Беларусь не па-беларуску:
Антон Шукелойць, Вітаўт Кіпель, Барыс Данілюк, Марыя Данілюк, Вячка Станкевіч, Віталь Зайка, Алеся Сёмуха, Ліна Сёмуха, Марк Грынберг, Робэрт Пагоўскі, Валянціна Якімовіч, Руслан Малахоўскі, Сьвятлана Гладун, Дораці Харлей, Рыма Палікарпава, Васіль Кузьменка, Алесь Вінаградаў, Уладзімер Волах, Натальля Таўкачова.
Сьпіс даслаў Віталь Зайка
▶
Шаноўныя калегі,
дазвольце ўсёй маёй журналіcцкай сям’і рашуча і рэзка далучыць свой голас да Звароту з нагоды «моўнай праблемы» на «Нямецкай хвалі». Зразумела, што мовай перадачы з Бону ці Бэрліна для беларускай аўдыторыі можа быць толькі і выключна МОВА БЕЛАРУСКАЯ. Калі, зразумела, у гэтай радыёстанцыі — празь зьвязку Шродэр—Пуцін — няма наконт гэтага якой іншай дамовы, схаванай ад грамадзкасьці. Нашае грамадзтва, на жаль, і дэмакратычнае ў тым ліку, занадта шмат — бяздумна і безадказна — саступіла ў моўным пытаньні ня толькі ворагам і ненавісьнікам Беларусі, але і, як гэта падавалася, «прагматыкам»… Жыцьцёвы вынік такой «прагматыкі» мы бачым навокал. Таму вернемся ў сваім настроі да 90-х. Пачнём нанова Адраджэньне і пачнём яго з таго, з чаго толькі і мусіць яно пачынацца — з мовы, якой так недаравальна здрадзілі. Можа, яна нам яшчэ даруе гэта, яшчэ раз… ня болей.
Такім чынам, мова беларускай перадачы на «Нямецкай хвалі» — гэта зусім не драбяза. Гэта ня іхняе пытаньне, а — нашае!
З павагай,
журналіст, сябар Рады БАЖ, былы рэдактар «Тыднёвіка Магілёўскага» Генадзь Суднік, вольны журналіст Віктар Суднік (мой сын), тэхнічная супрацоўніца рэдакцыі «Тыднёвіка Магілёўскага», шматгадовая чытальніца «Нашай нівы» Ніна Суднік (мая жонка).
∎
Класкоўская выехала
Журналістка «Народнай волі», студэнтка-завочніца журфаку БДУ Вольга Класкоўская ў сярэдзіне жніўня папрасіла палітычнага прытулку ў Польшчы. Ёй пагражалі выключэньнем з БДУ.
Сьледзтва ў справе Чаркасавай
Пракуратура падоўжыла тэрмін сьледзтва ў справе пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. Папярэдні тэрмін скончыўся 21 жніўня. Тэрмін працягу невядомы. Вынікаў сьледзтва пакуль ніякіх.
Борыс дапыталі
Кіраўніцу Саюзу палякаў Анжаліку Борыс 22 жніўня дапыталі ў сьледчым аддзеле РАУС Ленінскага раёну Горадні. Сьледчага Ігара Чарняка цікавіла, дзе была Борыс уначы з 6 на 7 студзеня, калі спалілі машыну былога кіраўніка СПБ Т.Кручкоўскага.
«Деньпресс» ліквідавалі
Менгарвыканкам 4 ліпеня ліквідаваў ТДА «Деньпресс», якое выдавала недзяржаўную газэту «День». Падстава — неажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці на працягу шасьці месяцаў запар і ненакіраваньне камэрцыйнай арганізацыяй падатковаму органу паведамленьня аб прычынах неажыцьцяўленьня такой дзейнасьці». Пра ліквідацыю дырэктар ТДА Мікола Маркевіч даведаўся 19 жніўня ад супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі. Маркевіч аспрэчвае: затрыманы нумар газэты быў выпушчаны 26 траўня.
Заблякавалі сайт «МФ»
Інтэрнэт-старонку незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» (http://www.mfront.net/) 15 жніўня заблякавалі невядомыя.
Справа Паганяйлы
Пракуратура Менску 17 жніўня паведаміла адвакату Гары Паганяйлу, што расьсьледаваньне ягонай крымінальнай справы падоўжана яшчэ на адзін месяц. Парваабаронцу вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта.
Пракуратура й КДБ супраць мультфільмаў
17 жніўня сяброў грамадзянскай ініцыятывы «Трэці шлях» выклікалі на допыт у КДБ: пакуль што яны праходзяць як сьведкі па крымінальнай справе ў абразе прэзыдэнта.
Пачобут аспрэчвае забарону на выезд
Галоўны рэдактар часопісу «Magazyn Polski» Андрэй Пачобут 18 жніўня падаў скаргу ў Гарадзенскі аблсуд. Ён пратэстуе супраць рашэньня суду Ленінскага раёну Горадні ад 27 ліпеня, якое забараняе яму выезд за мяжу. Забарона накладзена, бо Пачобут не заплаціў штраф за ўдзел у акцыі ў абарону газэты «Gіos znad Niemna», экспрапрыяванай гарадзенскімі ўладамі.
Амністыя для Марыніча
Палітвязьню Міхаілу Марынічу 18 жніўня скарацілі тэрмін зьняволеньня на адзін год у адпаведнасьці з амністыяй да 60-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Пасьля амністыі Марынічу давядзецца сядзець за кратамі яшчэ год.
Прыхільнікі Кручкоўскага нон-грата
Польскія ўлады забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю 13 сябрам Рады V скліканьня Саюзу палякаў, якія прынялі рашэньне пра падрыхтоўку паўторнага зьезду арганізацыі. Такую інфармацыю мае Андрэй Пачобут. Іншыя крыніцы яе пакуль не пацьвердзілі.
Удзелу ў перазьезьдзе СПБ, скліканым лукашыстамі, вырашылі ня браць арганізацыі СПБ у Наваградку, Ваўкавыску, Сапоцкіне, Забалаці й некаторых іншых паселішчах. Гэтую інфармацыю таксама пашырыў Андрэй Пачобут.
Памежны рэжым у Лоеве
У Лоеве міліцыянты 18 жніўня затрымалі за «парушэньне памежнага рэжыму» кіраўнікоў гомельскіх абласных філіялаў АГП Уладзімера Кацору і ПКБ Уладзімера Сякерку. Затрыманьнем кіраваў начальнік райаддзелу маёр Хмелянок. Партыйных актывістаў затрымалі, не зважаючы на наяўнасьць у іх камандзіровачных пасьведчаньняў.
Кальвіністаў ліквідавалі
19 жніўня Менскі гарадзкі суд ліквідаваў Хрысьціянскую рэлігійную кангрэгацыю «Беларускі эвангелічны рэфармацкі збор» праз адсутнасьць юрыдычнага адрасу. Пастар Леанід Ліпень кажа, што адмыслова не зьвяртаўся па юрадрас: па-першае, у кальвіністаў няма грошай на арэнду памяшканьня, па-другое, яны лічаць недэмакратычным Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях». Кальвіністы вымагаюць вяртаньня ім цэркваў, якія гістарычна імі будаваліся.
Журналістам не даюць інфармацыі
Супрацоўнікам баранавіцкай недзяржаўнай газэты «Intex-press» мясцовыя чыноўнікі адмаўляюць у інфармацыі. Намесьніца начальніка КУРЭП «ЖРЭУ» па ідэалягічнай рабоце Вольга Кудласевіч 26 ліпеня адмовілася адказваць няштатнай аўтарцы Людміле Гурман на пытаньні наконт збору сьмецьця й падрыхтоўкі да ацяпляльнага сэзону: інфармацыю, маўляў, можна даваць толькі з дазволу аддзелу ідэалёгіі Баранавіцкага гарвыканкаму. 2 жніўня загадчыца гэтага аддзелу Тацяна Жыдко заявіла, што КУРЭП «ЖРЭУ» не валодае такой інфармацыяй.
Карэспандэнтцы Аксане Лянько, якая мелася пісаць пра работнікаў гандлю, узнагароджаных граматамі й падзякамі, 1 жніўня адмовілася даваць інфармацыю начальніца ўпраўленьня гандлю Валянціна Маховік.
Скрабец у шпіталі
Палітвязьня Сяргея Скрабца 19 жніўня перавезьлі ў турэмны шпіталь. Перавезенага ў Менск пасьля 40-дзённай галадоўкі экс-дэпутата дагэтуль трымалі ў сьледчым ізалятары на вул.Валадарскага.
Сарваны сход у Ельску
Прызначаны на 21 жніўня сход па выбраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў у Ельску (Гомельшчына) не адбыўся. Міліцыянты блякавалі дом, дзе меўся адбыцца сход, адключылі тэлефонную сувязь і спынялі ўсіх, хто ішоў да дому. На тры гадзіны затрымалі кіроўцу прыватнага мікрааўтобуса Ўладзімера Шыцікава, які прывёз на сход рэгіянальных каардынатараў У.Кацору і Андрэя Толчына. Саміх каардынатараў пасьля праверкі пашпартоў адпусьцілі.
Штраф на мільён
Сяброўка сацыял-дэмакратычнай «Грамады», дэпутатка Белаазерскага гарсавету Натальля Акаронка аштрафаваная на 40 базавых велічынь (1 млн 20 тыс. руб.) за парушэньне «вызначанага парадку арганізацыі сходаў». Суд Берасьцейскага раёну вынес такое рашэньне 10 жніўня ў адсутнасьць самой абвінавачванай. Пра сутнасьць парушэньня ў пастанове не гаворыцца ні слова. Судзьдзя Н.Сянько выслала пастанову зь Берасьця ў Белаазерск поштай.
У аніматараў забралі пашпарты
У распаўсюдніка флэш-мультфільмаў, сябра грамадзянскай ініцыятывы «Трэці шлях» Алега Мініча і ягонай жонкі Галіны з Горадні сьледчы забраў пашпарты. Каардынатар сайту «Трэці шлях» Павал Марозаў зьвярнуўся па дапамогу ў РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт».
Ліст Статкевічу
Ліст падтрымкі ад кіраўніка Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Франца Мюнтэфэрынга атрымаў 22 жніўня палітвязень Мікола Статкевіч.
АШ
Каментары