Літаратура1515

Літаратурныя вынікі года паводле Паўла Абрамовіча

2012 год скончыўся. Ягоныя вынікі склаліся ў мяне ў такі рэйтынг.

Адкрыццё года

Сапраўдным літаратурным адкрыццём года для мяне стаўся гарадзенскі пісьменнік Андрэй Пакроўскі, які, між іншым, прысутнічае ў беларускай літаратуры ўжо восем гадоў. Сёлета ў выдавецтве «Логвінаў» пабачыла свет кніга ягоных апавяданняў «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза».

У пачатку мінулага стагоддзя некаторыя мастацкія творы беларускія крытыкі называлі «абразкамі», і гэта найлепшае азначэнне для твораў Пакроўскага. У кожным творы-шкельцы бачная нервова-трапяткая сутнасць маладога жыцця, якому хочацца фарбаваць батарэі ў розныя колеры, прачынацца ад пацалункаў у вуха, гучна смяяцца, назіраючы за мінскімі літаратарамі ці гарадзенскімі кантралёрамі. Але ты расцеш, пачынаеш належаць не самому сабе, а цэламу свету, і вось ён — першы страх, што ты — гэты не ты, першы сон, што ты памёр у сне. Аднак вера ў літаратуру непахісная і звонку яшчэ блішчыць надзея: «ладна, сказаў тата. ладна, сказала мама, з нашага сына не выйшаў антон, бо ён самы сапраўдны андрэй, але ўсё ж такі ён наш сын, мы яго любім, тут ужо нічога не зробіш, добра яшчэ, што андрэй, а не нейкі там сяргей, сяргей — гэта ўвогуле гаўно рэдкае».

Кніга года

Кірыл Дубоўскі — фіналіст конкурсаў маладых літаратараў да стагоддзя газеты «Наша Ніва» (2007), Слово.doc (2009), імя Ларысы Геніюш (2010) — выдаў у 2012 годзе кнігу апавяданняў «Хороший роман», якая заслугоўвае чытацкай увагі і звання найлепшай кнігі года. Пісьменніцкі стыль Дубоўскага мінімалістычны; літаратурная тэхніка яго простая, цалкам пазбаўленая складаных моўных канструкцыяў, аўтарскіх метафараў. Тэматыка твораў звыклая: каханне, сяброўства, пошукі сябе і свайго месца ў жыцці, абарона душы ад чужых вартасцяў і ўласнай адзіноты. У кнізе вырашаюцца толькі літаратурныя задачы — аніякай палітыкі, падмены літаратурных метадаў і прыёмаў сродкамі публіцыстыкі тут і блізу няма.

Гэтая кніга ўвасабляе адразу некалькі важкіх тэндэнцыяў у сучаснай беларускай літаратуры.

Па-першае «Хороший роман» — зборнік апавяданняў, а апавяданне апошнім часам — улюбёны жанр нашых пісьменнікаў. І ўсё было б добра, але літаратурны трэнд Беларусі — «кнігай» называць зборнік. Каб з’явілася кніга, трэба напісаць кнігу. Каб з’явіўся зборнік, дастаткова ўкласці зборнік. Нядзіўна, што рэдактары — укладальнікі зборнікаў зрабіліся «шэрымі кардыналамі» беларускай літаратуры. І ці чулі вы наогул, каб пра зборнік казалі, што ён — слабы?.. Аднак пакінем тое пытанне ўбаку, тым болей што апавяданні Дубоўскага ўтвараюць цэласную кнігу, яны несупярэчлівыя і сугучныя адно аднаму — у адрозненне ад большасці беларускіх мастацкіх «кніг».

Па-другое, кніга Дубоўскага складаецца з літаратурна-мастацкіх тэкстаў, якія ствараліся цягам 2004–2010 гадоў. Тое таксама тэндэнцыя, бо цяпер толькі зрэдчас выдаюцца цалкам новыя зборнікі апавяданняў — беларускія пісьменнікі жывуць пераважна сваімі перадрукамі.

Па-трэцяе, кніга Дубоўскага — расійскамоўная (за адзіным творам-выняткам). Існуе меркаванне, быццам усіх расійскамоўных беларускіх пісьменнікаў трэба сагнаць у рэзервацыю ці выправіць у Маскву. Я ж лічу, што гэтыя літаратары робяць шмат важнага для беларускага слоўнага мастацтва, у іх асяроддзі адбываюцца цікавыя рэчы і менавіта яны больш асэнсавана і ўпэўнена кіруюць літаратурным працэсам. Дубоўскі — іх яскравы прадстаўнік.

Літаратурны крытык года

Анатоль Сідарэвіч у 2012 годзе браў удзел ва ўсіх значных літаратурных палеміках і дыскусіях (найперш вакол «Гамбургскага рахунку Бахарэвіча» і «Цёмнай каморы белліту» Яна Максімюка), выкарыстоўваў усю палітру жанраў літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі, звяртаючыся да чытачоў са старонак «Нашай Нівы» (агляды «Без fiction» і «Пра недарэчнасці і навуковую этыку», праблемныя артыкулы «Праблема Ластоўскага» і «З нафталіну дастатыя», партрэтны нарыс «Ён узняў жалезны ложак і ножку ложка паставіў сабе ў рот…», рэцэнзія «Своеасаблівы Янка Юхнавец» і інш.).

У 2012 годзе Сідарэвіч ізноў працаваў адзін за цэлы ўніверсітэт. Ягонае меркаванне было ўзважаным і неабходным, а назіранні — трапнымі і арыгінальнымі. Асабіста для спадара Анатоля найперш важныя два прынцыпы ў прафесійнай дзейнасці: навуковасць і беларускасць. Тэксты Сідарэвіча ім адпавядалі, і ў гэтым ягоная навука калегам.

Аднак гэта яшчэ не ўсё: у 2012 годзе Сідарэвіч віншаваў пісьменнікаў з юбілеямі (Алеся Наўроцкага і Алену Ваіслевіч), ладзіў памінальныя сталы па тых літаратарах, якія ўжо сышлі з жыцця (Зміцер Жылуновіч, Мікола Купрэеў, Алесь Петрашкевіч). Менавіта гуманізм літаратурна-крытычных тэкстаў Сідарэвіча, ягоная асабістая годнасць і шчырая павага да жывых і памерлых беларускіх пісьменнікаў дае права назваць яго «Літаратурным крытыкам года».

Выдавецтва года

«Палімпсест» Алеся Аркуша і «Шабаны» Альгерда Бахарэвіча, «Рай даўно перанаселены» Алены Брава і «Шалі» Змітра Баяровіча, «Дзеці і здані» Веры Бурлак і «Стапеліі» Віктара Жыбуля, «Шал» Юрыя Станкевіча і «Сечка» Андрэя Федарэнкі, «Страчаны лёс» Імрэ Кёртэса і «Пяты этап» Сяргея Пясэцкага… Гэтыя і іншыя кнігі выйшлі сёлета ў выдавецтве «Галіяфы», якое вартае таго, каб звацца «Выдавецтвам года».

Кнігі «Галіяфаў» у 2013 годзе абавязкова ўвойдуць у лонг- і шорт-лісты прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Гедройца. Найперш кнігі прозы Бахарэвіча, Станкевіча, Федарэнкі, Брава, Талстова.

Тэндэнцыя года

Да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Танка быў падрыхтаваны зборнік ягоных вершаў «Абвяржэнне» (Мінск: Логвінаў, 2012). Укладальнік зборніка, паэт Андрэй Хадановіч, адабраў сто вершаў, якія, на ягоную думку, з «пэўнасцю «даехалі да нашчадкаў», належаць да корпусу найлепшай беларускай паэзіі XX стагоддзя.

Тэндэнцыя падачы мастацкіх твораў у адрыве ад грамадска-палітычнага кантэксту іх стварэння, ідэйна-эстэтычнай рэвізіі і персаналізаванага адбору тых твораў беларускай савецкай класікі, што «вытрымалі праверку часам», усё больш легалізуецца ў навуковых і чытацкіх колах нашай краіны. Яна «абвяргае» тэндэнцыю сярэдзіны 90-х — пачатку 2000-х, калі айчынныя крытыкі і літаратуразнаўцы разам з часткай пісьменніцка-чытацкай грамады абвяшчалі ўсю беларускую савецкую літаратуру «сатанісцкай» падробкай пад нацыянальнае мастацтва, разглядалі яе толькі як частку гісторыі таталітарызму ў Беларусі.

Расчараванне года

Іх два. Па-першае, правядзенне Года кнігі ў Беларусі. Спраўдзіўся мой прагноз, агучаны паўгода таму: нягледзячы на вялікія планы, бюджэты і рэсурсы, Год кнігі не адбыўся як Год беларускай кнігі, і грамадства амаль не звярнула на яго ўвагі. І ўсё гэта — праз антыбеларускую, квазікультурную палітыку беларускіх уладаў.

Па-другое, расчараваў выбар лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры — кітайскага пісьменніка Мо Яня (абгрунтаванне камітэта: «За ягоны ашаламляльны рэалізм, які яднае народныя казкі з сучаснасцю»). Намеснік старшыні Саюза кітайскіх пісьменнікаў Мо Янь у адным з інтэрв’ю параўнаў цэнзуру з «неабходнай, хоць і непрыемнай праверкай накшталт тых, якія ладзяць службы бяспекі ў аэрапортах». Цалкам згодны з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі 2009 года Гертай Мюлер: узнагароджанне Мо Яня — катастрофа. Ад сябе дадам: і перамога сервільнага мастацтва. Дарэчы, Нобелеўская прамова па літаратуры — 2012 — ці не самы кволы, банальны тэкст у гісторыі найноўшай сусветнай публіцыстыкі, прыклад няўдалай будовы пісьменнікам камунікацыі з чытачом: «For a writer, the best way to speak is by writing. You will find everything I need to say in my works. Speech is carried off by the wind; the written word can never be obliterated. I would like you to find the patience to read my books. I cannot force you to do that, and even if you do, I do not expect your opinion of me to change. No writer has yet appeared, anywhere in the world, who is liked by all his readers; that is especially true during times like these».

У канцы артыкула — адным сказам.

«Вяртанне года» — выхад новай кнігі Леаніда Галубовіча «З гэтага свету: вершы пасля вершаў» («Кнігазбор»).

«Пераслед года» — закрыццё часопіса «ARCHE» і спыненне ягоных кнігавыдавецкіх праектаў.

«Скандал года» — надрукаванне ў газеце «Suddeutsche Zeitung» антыізраільскага верша «Тое, што мусіць быць прамоўленае» нямецкага пісьменніка, нобелеўскага лаўрэата па літаратуры 1999 года Гюнтэра Граса.

«Сенсацыя года» — выданне аповесці Васіля Быкава «Атака» («Дзеяслоў», № 1).

«Страта года» — сыход з жыцця трох знакамітых пісьменнікаў-фантастаў: Рэя Брэдберы, Гары Гарысана і Барыса Стругацкага.

«Пагадненне года» — паглынанне расійскім выдавецтвам «Эксмо» свайго канкурэнта «АСТ», у выніку чаго на рынку краіны з’явіўся манапаліст, а прыватныя кнігавыдавецкія ініцыятывы і праца невялікіх выдавецтваў сталіся амаль немагчымымі (многія спецыялісты называюць гэтую камерцыйную ўгоду «рэйдарскім захопам»).

«Трэнды года» — прасоўванне на кніжным рынку фліпбэкаў (кніг на танюткай паперы са спецыяльным пераплётам і перакіднымі старонкамі) і бум кніг аб геаграфіі (так, у кнізе «Помста геаграфіі» Роберта Каплана даводзіцца, што геаграфія — ключ да гісторыі, а на мапах зашыфраваны лёс дзяржаваў і народаў).

«Ідэі года» — распрацоўка нямецкім крэатыўным агенцтвам «Korefe» першай у свеце ядомай кухарскай кнігі «The Real Cookbook» і падрыхтоўка нямецкім выдавецтвам «Steidl» першай у свеце «кніжнай» парфумы «Paper Passion» (удзел у распрацоўцы браў Карл Лагерфельд).

«Найлепшы аўтарскі калектыў» — часопіс «Дзеяслоў».

«Найлепшая дакументальная кніга» — даследаванне Сяргея Дубаўца «Майстроўня: гісторыя аднаго цуду» (серыя «Бібліятэка Свабоды»).

«Найлепшы замежны раман, выдадзены па-беларуску» — «Anarchy in the UKR» украінца Сяргея Жадана (перакладчык Алег Жлутка; выдавецтва «Логвінаў»).

«Найлепшы замежны раман, выдадзены па-руску» — «Мапа і тэрыторыя» француза Мішэля Уэльбэка (перакладчык Марыя Зоніна, выдавецтва «Астрель: CORPUS»).

«Найлепшая беларуская дзіцячая кніга» — зборнік апавяданняў Людмілы Ціняковай «Дзiвосы летняга лугу» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

«Найлепшая замежная дзіцячая кніга, выдадзеная па-беларуску» -трохтомнік паляка Януша Корчака «Кароль Мацюсь Першы», «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве», «Кайтусь-чарадзей» (перакладчыкі: Ядвіга Бяганская, Уладзімір Васілевіч, Марына Шода; выдавецтва «Логвінаў»).

«Найлепшая экранізацыя беларускай кнігі» — кінастужка «У тумане» Сяргея Лазніцы паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава.

«Найлепшая экранізацыя замежнай кнігі» — кінастужка «Сутычка» (The Grey) Джо Карнахана паводле апавядання Яна Макензі Джэферса «Прывідны хадок» (Ghost walker).

Каментары15

Цяпер чытаюць

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай51

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай

Усе навіны →
Усе навіны

Кадастравае агенцтва паведаміла пра «гістарычную здзелку з нерухомасцю»4

Пачаўшы эканоміць святло, народ у адзіным парыве стаў на лыжы ФОТАФАКТ4

На МТЗ правялі эксперымент, замарозіўшы трактар «Беларус» ВІДЭА8

«Я толькі не разумею, для каго пабудавалі АЭС?» Даўно ніякая тэма не выклікала такіх эмоцый, як адключэнне святла на загад Лукашэнкі14

Беларуса, які ледзь не забіў дзіця ў аэрапорце «Шарамеццева», адправілі на прымусовае лячэнне3

У Мінску трошкі скарачаюць час працы платных парковак

Беларускія санаторыі ўраўнуюць цэны на адпачынак для беларусаў і расіян4

Святлана Ціханоўская наведала шэлтар для былых палітзняволеных у Варшаве6

«Саладуха выклаў сэлфі з цэнтра сталіцы»: беларусы жартуюць пра блэкаўт па загадзе Лукашэнкі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай51

«Звяжыцеся з намі»: Пракоп'еў напісаў калонку для «НН», у якой абгрунтоўвае знаходжанне Ціханоўскага ў Штатах і просіць грошай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць