Міхась Мушынскі. Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мінск, «Беларуская навука», 2007. 336 с.
Гэтая кніга складаецца з артыкулаў прафэсара Мушынскага апошніх пятнаццаці гадоў, прысьвечаных праблемам тэксталёгіі. Праца чытаецца як дэтэктыў — у ёй расьсьледуецца гісторыя і варункі пасьмяротнага перавыданьня твораў клясыкаў са зьмяненьнямі, аналізуюцца праўкі ў рукапісах, высьвятляецца, якія з вэрсій твораў — найбліжэй да аўтарскіх.
Рыхтуючы Поўны збор твораў Янкі Купалы ( у 9 тамах) і новы Збор твораў Якуба Коласа (у 20 тамах), прафэсар зрабіў нямала адкрыцьцяў. Напрыклад, у прыватнай бібліятэцы вучаніцы Коласа ён натрапіў на невядомую бібліяграфіі рэдакцыю «Новай зямлі» 1941 году.
Манаграфія Міхася Мушынскага прадаецца ў «Акадэмкнізе» і каштуе 13 170.
Надзея Дземідовіч. Успаміны сэрца майго. -- Менск, 2006. - 140 с.
Хоць кніга выйшла год таму, але яе варта лішні раз згадаць.
Вэтэран беларускага вызвольнага руху і былы палітвязень, Надзея Дземідовіч выдала ўспаміны з розных пэрыядаў свайго жыцьця. За ўдзел у Саюзе беларускай моладзі 23‑гадовая Надзея атрымала 25 зьняволеньня ў 1950 г.. Пра атмасфэру моладзевай рэзыстэнцыі 1940‑ых і пра жахі сталінскіх турмаў ды канцлягераў — асабліва пранізьлівыя тэксты.
Надзвычай каштоўнымі падаюцца яе ўспаміны пра сучасьнікаў: Сяргея Новіка‑Пеюна і Міхася Лічко.
Кніга каштуе 2 500. Ёсьць у незалежных распаўсюднікаў.
Каментары