Літаратура2525

Ці проста быць Някляевым?

Піша Анатоль Вярцінскі.

Колькі гадоў таму аднойчы вечарам мне пазваніў Уладзімір Някляеў і пацікавіўся, ці выступаў я калі з вершамі на прыступках Тэатра юнага гледача. Патлумачыў, што задумаў пісаць раман, і хоча, каб у ім гучаў верш «Я фільм глядзеў: там Спартака распялі…» На хвіліну задумаўшыся, я сказаў, што каля тэатра вершаў не чытаў, але ў самім тэатры чытаў сваю п’есу «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (рыхтаваліся яе ставіць), а на ганку давялося сапраўды выступаць праз колькі гадоў — толькі ўжо падчас свайго дэпутацтва. Гэта калі Вярхоўны Савет знаходзіўся ў колішнім будынку ЦК КПБ («Чырвоным доме»), гэта значыць, якраз насупраць тэатра з яго «псеўдаантычнымі калонамі». Яшчэ настальгічна дадаў, што з гэтай мясцінай звязаная пісьменніцкая маладосць, бо тут, зноў-такі побач, на Энгельса, 9, размяшчаўся Саюз пісьменнікаў.

Такая вось адбылася размова. І потым пры сустрэчах я часам паўжартам, паўсур’ёзна пытаўся: як пішацца раман? Уладзімір не столькі адказваў, колькі ўсміхаўся. Маўляў, не так проста тут што-небудзь сказаць. Потым адбываліся падзеі, былі часы, калі пытацца жартам, а адказваць усмешкай зусім не выпадала, нават было б не да месца і часу. Гучалі радкі верша-выступлення «Я прыйшоў, каб вы перамаглі…» Замест рэальнай перамогі з’явілася, загучала паэма «Турма». Яе аўтару яўна было не да задуманага даўно рамана.

Прызнацца, я ўжо думаў, што з гэтай задумай у Някляева нічога не атрымалася, што адклаў ён яе у доўгую шуфляду. Ды вось атрымалася. Раман выйшаў, убачыў свет і нават атрымаў прэстыжную прэмію імя Ежы Гедройца. І мае ўжо на сваім рахунку шырокі розгалас, розныя, неадназначныя — што і не дзіўна ў дадзеным выпадку — прачытанні.

Час дзеяння твора з арыгінальнай назвай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» і падзагалоўкам «Мінскі раман» амаль супадае з рэальным часам майго другога вяртання ў Мінск (лета 1962 года), а такія месцы дзеяння (яны ж і назвы раздзелаў рамана), як «Плошча Перамогі, былая Круглая» і «Вуліца Энгельса, колішняя Дамініканская, былая Петрапаўлаўская» — з месцамі працы (рэдакцыя газеты «ЛіМ» і Саюз пісьменнікаў). Момант, які, вядома ж, псіхалагічна накладваўся на маё чытанне твора. Гэтак жа, як па асацыяцыі са зборнымі вобразамі персанажаў-габрэяў згадваліся рэальныя гараджане-мінчане: Соф’я Абрамаўна з яе невялікім шапікам з самаробнай шыльдаю «Паэзія», дзе прадаваліся толькі кнігі вершаў. Шапік стаяў на рагу праспекта і вуліцы Энгельса. Літфондаўскі доктар Якаў Уладзіміравіч Нейфах з яго незвычайным клопатам пра здароўе сваіх пацыентаў, у тым ліку і нас, маладзейшых вершатворцаў, з яго гумарам: «Ёсць загад не хварэць! Люблю здаровых людзей». Чароўная піяністка Лілія Дворжыц з яе сумным прызнаннем: «Учора вечарам, Анатоль, схіляліся з маці над картай свету. З цяжкасцю адшукалі Ізраіль — вузкую палоску сушы ўздоўж мора. Ды будзем збірацца ў дарогу…»

Словам, чытацкае ўспрыняцце — як вяртанне ў рэальна перажытае, як падарожжа ў часе. А аўтар твора — як дасведчаны, цікавы праваднік. Цікавы не толькі сваёй манерай апавядаць, але і незвычайнай здольнасцю своеасабліва, часам, праўда, занадта ўжо вольна інтэрпрэтаваць факты, падзеі і з’явы.

Хацеў бы ў гэтай сувязі сказаць колькі словаў наконт жанравай адметнасці «мінскага рамана», пагатоў гэтая тэма закранаецца так альбо інакш ва ўсіх прысвечаных яму водгуках, у прыватнасці ў публікацыях Лявона Баршчэўскага, Леаніда Галубовіча, Сяргея Мікулевіча, Уладзіміра Мароза, Сяргея Шапрана і інш. Пагаджаючыся ў асноўным з іх ацэнкамі, звярну ўвагу на наступны, прынцыпова важны момант. Рэч у тым, што раман ствараўся ўсё ж паэтам, паэтам выразна лірычнага складу. І ў ім з гэтай прычыны прысутнічаюць, даюць пра сябе ведаць два пачаткі — паэтычны, гэта значыць пераважна маналагічны, і празаічны, гэта значыць дыялагічны, шматгалосы. Паводле словаў даследчыка псіхалогіі творчасці М. Бахціна, «проза ўбірае ў сябе шматстайныя, несумяшчальныя адзін з адным „галасы“. У ёй заўсёды ёсць устаноўка на „чужое слова“, якое выступае як прадмет паказу».

Няцяжка здагадацца, што адметна сумяшчаць «свой» голас з «чужымі» галасамі персанажаў, пераадольваць у некаторых выпадках іх несумяшчальнасць было адной з няпростых задач для аўтара рамана. Няпростым быў пошук адпаведнай раўнадзейнай. Гэта міжволі адзначаеш, чытаючы твор. Адзначаеш у тым ліку дзе-нідзе і стылістычную стракатасць, і «белыя ніткі». Не вельмі ўспрымаеш, заўважу тут жа, матыў вар’яцтва, хай часам і метафарычнага.

Мяркую, што на жанрава-выяўленчых асаблівасцях рамана адбіўся і той відавочны чыннік, што аўтар дзёрзка паставіў мэтай спалучыць літаратурна-раманнае з дакументальным. Задача, зноў-такі, не з самых лёгкавырашальных.

Па-рознаму ацэньваецца ідэйна-тэматычны змест «мінскага рамана». Твор не бясспрэчны, дае падставы для гэтага. Дае падставу ў які ўжо раз спытацца: «Любоў і голад правяць светам»? Ці «шэршэ ля фам»? Ці, можа, раман лепш было б назваць «Ася Бланк і кампанія»? Можа, і так. Але толькі ў пэўным сэнсе. Бо ў дадзеным выпадку мы маем усё ж той варыянт, калі галоўны тон дапаўняецца абертонамі. І ці не самы выразны з іх — матыў вальнадумства, матыў свабоды. Свабоды пачуцця і думкі, свабоды быць самім сабой, свабоды духоўнага выбару і яшчэ — такой жыццёва важнай свабоды, як магчымасць свабодна і свядома выбіраць сабе ўладу (дасціпная мастацкая ілюстрацыя на тэму гэтай свабоды — парадыйны раздзел «Новы Свет, былы рай»).

Камічнае і трагічнае. Нізкае і высокае. Агульнаграмадскае і асабістае. Плоцкае і платанічнае. Усведамленне, што «ўсе нашы клятвы пішуцца на хуткаплыннай вадзе» і што «лёсу кругі — як кругі на вадзе», што «трэба ў гэтым свеце цікаўным быць» і што «жанчыны не любяць, калі на іх глядзяць праз гады», што «нашы звычкі з намі заўсёды»… Цяжка Някляеву быць… Някляевым. Ды ён, здаецца, не скардзіцца і не збіраецца быць кімсьці іншым. І ў сваім «мінскім рамане», і ў тых сваіх словах, якія гаворыць пра раман. Таму для таго, каб неяк вызначыць «зводны баланс», не прыдумваеш нічога лепшага, як прывесці радкі самога Уладзіміра Някляева. Вось гэтыя:

Што затужылі,
Воі — мужчыны?
Волі ўдыхнулі — і дух заняло?
Як там і што там
Ні стане з Айчынай —
Горай не будзе, бо лепш не было.

P. S. Атрымалася так, што якраз у той дзень, калі перадрукаваў на машынцы гэты водгук і сабраўся адвезці яго ў рэдакцыю, прыйшоў чарговы нумар «Народнай волі» з артыкулам Сямёна Букчына «Жизнь как хохма и прикол. О романе Владимира Някляева «Автомат с газировкой с сиропом и без». Такое вось, можна сказаць, знакавае супадзенне.

Так, як я ўжо зазначаў, «мінскі раман» дае падставу для розначытанняў. І паважаны літаратуразнаўца-інтэлектуал мае ў нечым рацыю, у тым ліку і ў істотным, прынцыпова важным. Але ў нечым, зноў-такі істотным, занадта катэгарычны, занадта згушчае фарбы. Скажам, у сваім меркаванні, пра што, які раман было б лепш напісаць Уладзіміру Някляеву. Спрэчнае патрабаванне. Наконт пераўвасаблення, «прыдумвання сабе біяграфіі». Праблема тут, як мне здаецца, палягае ў крыху іншай плоскасці. Леанід Дранько-Майсюк у сваім «Паэтаграфічным рамане», прысвечаным Уладзіміру Някляеву, прапануе побач з «біяграфіяй» ставіць новы тэрмін — «паэтаграфія» (гэта калі «роднае пераходзіць у чужое»). А разважаючы, адкуль раптам вынікла, што «Някляеў- знак, Някляеў — сімвал», піша: «Магчымая і такая антыномія: Някляеў — артыст неадпаведны Някляеву — паэту, артыст перамагае паэта. І калі гэта так, тады зразумела, чаму ён — знак і сімвал». Гэты крытэр можа быць ужыты і ў дачыненні да Уладзіміра Някляева як празаіка, як аўтара «мінскага рамана».

Каментары25

Цяпер чытаюць

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў7

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскаму палітвязню дадалі паўтара года зняволення за вокліч «Слава Украіне! Смерць Пуціну!»5

СК расказаў падрабязнасці пра напад расійскіх маладзёнаў на сям'ю ў Смалявіцкім раёне6

У Бярозаўскім раёне міліцыя страляла па п'яным

На МТЗ вырашылі завесці ўласнага маскота3

Чаму муху так цяжка злавіць? Навукоўцы даюць аргументаваны адказ4

На Камароўцы прадаюць маладую бульбу. Праўда, цэны касмічныя2

«Ставяцца як да смецця». Беларус-акупант пакалечыўся на фронце, а цяпер памірае ў курскай бальніцы без дапамогі29

60% супрацоўнікаў беларускіх кампаній незадаволеныя сваім заробкам

Адзіны ў Расіі вытворца шкловалакна пасля атакі ўкраінскіх дронаў не працуе ўжо хутка год1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў7

Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць